«Сілавым шляхам можна ўтрымаць уладу, але ў сучасным свеце такія рэжымы выжываюць не больш за два гады»
Існуе меркаванне, што, калі б пратэсты былі больш радыкальнымі ў жніўні, то беларусы ўжо жылі б у іншай дзяржаве, з меншай колькасцю пацярпелых. Аднак на думку палітолага, заснавальніка Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэя Ягорава, у доўгім супраціве беларускае грамадства праходзіць уласнае станаўленне.
«Спантанна ўзніклая салідарнасць і раптоўная перамога маглі прывесці да таго, што людзі вярнуліся б да звыклых формаў жыцця. А доўгі супраціў змушае беларусаў выбудоўваць салідарнасць у штодзённай практыцы. І гэта становіцца нормай жыцця людзей», — прыводзіць thinktanks.by словы эксперта.
«Давайце падумаем, чаго б не было, калі б у жніўні пратэстоўцы дамагліся перамогі. Не было б мясцовай дваровай самаарганізацыі, і яе мультыплікацыі ў тысячы чатаў і супольнасцяў. Сцягі раёнаў з’явіліся толькі ў верасні. Альянс студэнтаў і выкладчыкаў на аснове палітычных патрабаванняў і акадэмічнай свабоды — гэта ўнікальная з’ява. Мы атрымалі зародкі грамадзянскай супольнасці практычна ва ўсіх прафесійных і тэрытарыяльных супольнасцях. І ўсяго гэтага магло не быць, калі б мы перамаглі ў жніўні», — сказаў Андрэй Ягораў.
Ён перакананы, што Беларусь знаходзіцца ва ўнікальнай гістарычнай сітуацыі, і таму беларусы не могуць арыентавацца ні на адзін узор з мінулага.
«Сілавым шляхам можна ўтрымаць уладу. Але гэта робіць грамадства закрытым і абсякае магчымасці для эканамічнага росту. У сучасным свеце такога роду рэжымы выжываюць не больш за два гады. Толькі вось кошт вырасце і для іх, і для ўсяго беларускага грамадства» — рэзюмаваў палітолаг.