Прысуды за «экстрэмізм» і справа супраць святара. Хронікі рэпрэсій 2 студзеня
У Беларусі працягваюцца прысуды паводле «экстрэмісцкіх» артыкулаў і крымінальны пераслед людзей самых розных прафесіяў — ад ацэншчыка і фатографкі да святара.

45-гадовага ацэншчыка са Смалявічаў асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму»
Паўлу Петражыцкаму 45 гадоў. Ён родам з Гродна, але даўно пераехаў у Мінск, а пазней — у Смалявічы.
Мужчына — прафесійны ацэншчык са стажам амаль 20 гадоў. З 2015 года ён быў зарэгістраваны як індывідуальны прадпрымальнік у Смалявічах. У красавіку 2023 года Павел атрымаў пасведчанне атэставанага ацэншчыка, якое мусіла дзейнічаць да 2026 года. Раней ён працаваў у мінскай кампаніі «Цэнтр эканамічных праектаў», якая займаецца ацэнкай маёмасці.
Павел вёў актыўны лад жыцця і шмат падарожнічаў. У інтэрнэце захаваліся яго профілі на турыстычных сэрвісах, а ў сацсетках ён часам падпісваўся як Pavel Tourist, піша «Наша Ніва».
У канцы 2025 года Петражыцкага асудзілі ў Мінскім абласным судзе паводле частак 1 і 2 артыкула 361-4 КК — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Верагодна, мужчыну прызначылі пакаранне ў выглядзе тэрміну ў калоніі або «хіміі» з накіраваннем.
Крымінальная справа супраць праваслаўнага святара
У дачыненні да праваслаўнага святара Аляксандра Кухты распачалі крымінальную справу. Пра гэта ён паведаміў у сваім тэлеграм-канале:
«Я даведаўся, што ў Беларусі на мяне завялі крымінальную справу за “вярбоўку або іншае ўцягванне ў экстрэмісцкую дзейнасць” трэціх асоб. Ад 2 да 6 гадоў, між іншым! Таму, дарагія сябры і падпісанты, будзьце асцярожныя і ведайце, што я тут не проста хіханькі паказваю, а вярбую вас у экстрэмізм. Вось так!»
Фатографка і ветэрынарка з Гомеля атрымала прысуд па палітычнай справе
24-гадовую фатографку-анімалістку і ветэрынарку Аляксандру Дзмітрыеву асудзілі па палітычнай справе.
Аляксандра родам з Мазыра, у 2018 годзе скончыла сярэднюю школу № 11 з хіміка-біялагічным ухілам. Вышэйшую адукацыю атрымала ў Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, пасля чаго працавала ветэрынарам, піша «Наша Ніва».
Дзяўчына вядомая як таленавітая фатографка-анімалістка. Яна спецыялізавалася на здымках хатніх жывёл, асабліва сабак, вяла ўласную фотасуполку, удзельнічала ў выставах, займалася кіналагічным спортам (фрызбі) і валанцёрыла.
Дзмітрыеву затрымалі пасля верасня. Суд Чыгуначнага раёна Гомеля вынес ёй прысуд паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса:
— ч. 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку);
— ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх).
Верагодна, Аляксандры прызначылі «хімію» з накіраваннем або пазбаўленне волі.
Выйшлі на свабоду кіраўнікі Blackout Studio
Кіраўнікі івент-агенцтва Blackout Studio Ілля Пятроўскі і Валерый Калеснікаў выйшлі на свабоду, піша «Наша Ніва».
Выданне паведамляе, што яны знаходзіліся ў СІЗА. Іх затрымалі ў межах справы тэлеграм-чата «Орг BY», створанага ў пачатку 2020 года для каардынацыі работнікаў сферы забаў на фоне пандэміі каранавіруса. 10 верасня чат быў прызнаны «экстрэмісцкім фарміраваннем».
Акрамя кіраўнікоў Blackout Studio, па гэтай справе затрымлівалі дырэктара «Атом Энтэртэйнмент» Аляксандра Манішава і кіраўніцтва сэрвісу Kvitki.by. Сайт і сацсеткі Blackout Studio не абнаўляюцца з снежня 2024 года.
Паводле звестак, сілавікі выявілі чат у тэлефоне аднаго з затрыманых, пасля чаго пачалі прыходзіць да іншых яго ўдзельнікаў. Падчас праверак з’яўляліся дадатковыя абвінавачанні, у тым ліку па карупцыйных артыкулах.