Расія рыхтуе да вайны дзяцей, і нават не маскіруе ваенную падрыхтоўку пад адукацыю

На фоне вялікіх страт на фронце ва Украіне ў Расіі заявілі пра падрыхтоўку новай сістэмы ацэнкі фізічнага стану дзяцей, у якой адзін з ключавых элементаў звязаны з іх будучай гатоўнасцю да ваеннай службы. Фактычна паказчыкі фізічнага развіцця пачынаюць суадносіцца з прыдатнасцю да арміі. Ідуць 1409-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота з solncesvet.ru

Фота з solncesvet.ru

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 98 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 2 студзеня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 23 штурмы расіян ў раёнах Новага Шахавага, Радзінскага, Чырвонага Ліману Пакроўску, Котліна, Удачнага, Маладзецкага і іншых.

На Ліманскім і Канстанцінаўскім кірунках зафіксавана па 15 атак расіян на кожным.

На Гуляйпольскім кірунку УСУ спынілі 14 расійскіх спроб прасунуцца наперад у раёнах Салодкага, Гуляйполя і ў бок Зяленага.

На Аляксандраўскім кірунку расійцы здзейснілі 12 атак у раёнах Зялёнага Гаю, Аляксандраграду, Воранага, Вербавага, Вышнёвага, Рыбнага.

* * *

Расіяне працягваюць актыўныя штурмавыя дзеянні на Пакроўскім кірунку і спрабуюць прасунуцца ў бок горада. Салдаты арміі РФ робяць адзіночныя перамяшчэнні, разлічваючы, што на гэта ніхто не будзе рэагаваць, распавёў начальнік штаба дывізіёна артылерыйскай разведкі артылерыйскай брыгады НГУ Ігар Яроменка ва ўкраінскім тэлеэфіры.

Паводле яго слоў, Сілы абароны фіксуюць такія спробы і наносяць агнявое паражэнне, каб не дапусціць пранікнення расійскіх падраздзяленняў у Пакроўск і паменшыць нагрузку на вайскоўцаў, якія трымаюць абарону непасрэдна ў горадзе.

Яроменка адзначыў, што ўкраінскія падраздзяленні таксама працуюць над пашырэннем і падтрыманнем лагістычных маршрутаў у напрамку Пакроўска і Мірнаграда, каб забяспечыць пяхоту ўсім неабходным для абароны.

* * *

Супрацьпаветраная абарона Украіны абясшкодзіла 86 са 116 беспілотнікаў, якімі Расія атакавала Украіну ў ноч на 2 студзеня, паведамілі Паветраныя сілы УСУ ў сацсетках.

Два чалавекі пацярпелі, пашкоджана навучальная ўстанова ў выніку расійскіх удараў па Днепрапятроўскай вобласці.

Позна ўвечары ў чацвер, 1 студзеня, расіяне здзейснілі чарговую атаку на Херсон. Дрон скінуў выбухоўку на двух чалавек, абодва атрымалі выбуховыя траўмы і асколачныя раненні ног. Пазней пацярпеў кіроўца хуткай дапамогі — таксама ў выніку расійскага скіду выбухоўкі з дрона, калі ехаў да параненых. 70-гадовы мужчына атрымаў мінна-выбуховую і закрытую чэрапна-мазгавую траўмы і кантузію.

Расіяне ўвечары 1 студзеня ўдарылі трыма беспілотнікамі па бальніцы ў горадзе Сямёнаўка Чарнігаўскай вобласці.

Армія РФ позна ўвечары 1 студзеня нанесла ўдары па Запарожжы. Пашкоджаны дзясяткі дамоў, згарэў гандлёвы цэнтр. Кіраўнік Запарожскай АВА Іван Фёдараў заявіў, што ноччу была адна з самых масіраваных атак беспілотнікамі.

Значная частка дронаў была знішчана сіламі СПА на падлёце да горада, што дазволіла пазбегнуць ахвяр сярод жыхароў і удараў па энергетычнай інфраструктуры.

* * *

У снежні РФ накіравала свае ўдары на Адэсу, якая з’яўляецца галоўным вузлом збожжавага экспарту і эканамічнай артэрыяй Украіны, што злучае яе з астатнім светам. Такім чынам расіяне спрабуюць пагоршыць стан украінскай эканомікі, піша The Wall Street Journal.

«Яны дакладна хочуць адрэзаць Адэсу і іншыя гарады ад інфраструктуры. Яны наносяць удары і забіваюць як людзей, так і эканоміку, памяншаючы нашы экспартныя магчымасці праз марскі калідор», — цытуе выданне словы ўкраінскага лідара Уладзіміра Зеленскага.

Мінразвіцця Украіны паведаміла, што Кіеў экспартуе каля 90% сельскагаспадарчай прадукцыі морам. Адзначаецца, што краіна навучылася абараняць гэты спосаб гандлю марскімі дронамі, аднак РФ узмацніла паветраныя атакі і яе беспілотнікі нярэдка не ляцяць над той часткай сушы, дзе знаходзяцца сродкі СПА.

WSJ адзначае, што Адэса становіцца галоўнай мэтай РФ, якая сцвярджае, што б’е па транспартнай і партовай інфраструктуры, што выкарыстоўваюцца ў «інтарэсах УСУ». У выніку горад аказаўся ў своеасаблівай аблозе, яго жыхары днямі жывуць без святла, вады і цяпла.

* * *

607731155_1227223622924047_7809083269519255216_n.jfif

* * *

У лістападзе 2025 года ВУП Расіі вырас усяго на 0,1% у гадавым вымярэнні, пра што сведчаць даныя Мінэканамразвіцця РФ. Гэта найгоршы паказчык з пачатку 2023 года і фактычны сігнал пра ўваход эканомікі ў стагнацыю, паведаміў Цэнтр процідзеяння дэзінфармацыі СНБА Украіны (ЦПД).

Адзначаецца, што ўпершыню за дзевяць месяцаў прамысловая вытворчасць сышла ў мінус (-0,7%).

«Відавочна, што гаворка тут не пра сезонныя ваганні, бо менавіта прамысловасць была асновай "ваеннага росту", які фармальна ўтрымліваў эканамічныя паказчыкі ў 2023–2024 гадах», — піша ЦПД.

Ведамства адзначае, што нават лаяльныя Крамлю аналітыкі фіксуюць рэзкі рост рызыкі рэцэсіі ў 2026 годзе. Яны канстатуюць: мадэль эканомікі, якая трымалася на трох апорах — бюджэтным напампоўванні, імпартазамяшчэнні і прымусовым крэдытаванні, — вычарпала сябе.

У ЦПД падкрэслілі, што гэта — наўпроставы вынік вайны і кіраўніцкай неадэкватнасці Крамля.

«Улада РФ свядома працягвае агрэсію, нават калі эканамічнай базы для гэтага ўжо недастаткова. Эканоміка РФ заходзіць у тупік», — паведамляе ЦПД, дадаючы, што чым даўжэй Крэмль ігнаруе рэальнасць, тым больш балючымі будуць наступствы.

* * *

Расія ўжо нават не маскіруе ваенную падрыхтоўку дзяцей пад сацыяльныя і адукацыйныя ініцыятывы, паведамляе прэс-служба Службы знешняй разведкі Украіны.

Па даных разведкі, кіраванне беспілотнікамі плануюць уключыць у нарматывы ўсерасійскага комплексу ГПА («гатовы да працы і абароны») — гэтую праграму пазіцыянуюць як сістэму фізічнага выхавання дзяцей.

Таксама ў Расіі заявілі пра падрыхтоўку новай сістэмы ацэнкі фізічнага стану дзяцей, у якой адзін з ключавых элементаў звязаны з іх будучай гатоўнасцю да ваеннай службы. Фактычна паказчыкі фізічнага развіцця пачынаюць суадносіцца з прыдатнасцю да арміі, што размывае мяжу паміж аздараўленнем і ваеннай мабілізацыяй.

Адначасова ўлады абвясцілі пра намер узмацніць дзяржаўны кантроль над ваенна-спартыўнай падрыхтоўкай непаўналетніх, прыраўноўваючы такую дзейнасць да адукацыйнай.