Агрэсія, інкарпарацыя ці нічога?
Урэшце, ці захопіць Расія Беларусь, і калі так — што будзе пасля? Пасля апошняй сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна ў які раз актывізаваліся
размовы пра магчымую страту Беларуссю незалежнасці. Алармісцкія заявы
пасыпаліся як з вядра.
Даходзіць да таго, што асобныя аналітыкі і палітыкі ўказваюць аж канкрэтныя тэрміны інкарпарацыі. Мікалай Статкевіч кажа пра паўгода, украінскі эксперт Бортнік — пра два гады. Гэтым тэрмінам дадаецца не вельмі пераканаўчае факталагічнае абгрунтаванне, яны фактычна бяруцца «са столі». Вядома, ні адзін сур’ёзны аналітык не возьмецца рабіць цвёрдыя прагнозы на гады, бо ў палітычным жыцці зашмат пераменных, у тым ліку невядомых.
Такі алармізм можа спрацаваць па прынцыпе хлопчыка, які крычаў «воўкі!», і зрэшты, калі ваўкі сапраўды з'явіліся, ніхто не звярнуў увагі на лямант. Зразумелае жаданне грамадзянскай супольнасці і свядомых грамадзян трымаць гэтае пытанне ў фокусе, але яго няспыннае педаляванне можа прывесці да супрацьлеглага выніку.
Але ўсё ж. Наколькі такі сцэнар рэальны?
Чаго варта баяцца?
Перш за ўсё, нельга не пагадзіцца з галоўным аргументам Аляксандра Класкоўскага: Лукашэнка раней неаднаразова спыняў магчымыя спробы зрабіць сябе губернатарам і паглынуць Беларусь. З чаго раптам ён пойдзе на гэта зараз? Сапраўды безвыходнага становішча — як у эканоміцы так і ў палітыцы — у Лукашэнка зараз няма, а балансаваць на мяжы ў яго нядрэнна атрымліваецца апошнія 20 год.
Моцным аргументам на карысць хуткай анексіі з’явіліся таксама паведамленні аб вывучэнні прарасійскімі арганізацыямі грамадскай думкі ў Беларусі. Факт, безумоўна, мусіць насцярожваць, але сам па сябе не з’яўляецца прамым указаннем на магчымасць агрэсіі, бо ёсць даволі шараговым эпізодам знешнепалітычнай працы імперыялістычнай дзяржавы. Можна выказаць здагадку, што такое апытанне ў гадах 2009-2010-х увогуле не трапіла б у прэсу, а калі б і трапіла, то не прыцягнула такой увагі.
Магчымыя сцэнары
На сёння мы ведаем тры магчымыя варыянты змены ўлады прарасійскімі сіламі. Анексія (Крымскі варыянт), уварванне (данбаскі варыянт) і дзяржаўны пераварот (у найноўшай гісторыі ніколі не было ажыццяўлена, але нешта падобнае, відаць, рыхтавалася ў Чарнагорыі). Аднак аналітыкі, якія прадказваюць «паглынанне», часцей кажуць пра яшчэ адзін — інкарпарацыю, маючы на ўвазе, што Лукашэнка, нібыта, пад прэсам абставінаў, сам падзеліцца ўладай.
Разглядзім кожны з варыянтаў і яго верагоднасць для Беларусі.
Крымскі варыянт вымагае, перш за ўсё, моцных прарасійскіх настрояў у Беларусі, рэальнага жадання вялікай часткі грамадзян, — перш за ўсё сацыяльна актыўных, — «вярнуцца на радзіму». Не маючы ілюзій аб нацыянальнай свядомасці беларусаў, трэба адзначыць: прыхільнікаў яднання з Расіяй у нас усё ж меншасць. І што галоўнае: яны палітычна неарганізаваныя — у адрозненне ад прыхільнікаў незалежнасці.
Акрамя іншага Крым, у адрозненне ад Беларусі, не быў незалежнай рэспублікай, а толькі аўтаноміяй. У ім не было моцных незалежных эліт, якія б шмат гублялі ў выпадку прыходу Расіі. У Беларусі эліты (ад старшыняў выканкамаў да начальнікаў спецслужб) згубяць з прыходам Расіі трохі болей, чым усё. І яны не могуць гэтага не разумець. У Расіі на беларускі кавалачак пірагу хапае жадаючых: кадыраўцы, ФСБшнікі, алігархі, сябры Пуціна, дэпутаты-крымінальнікі. Думаць, што яны пакінуць хоць колькі-небудзь адчувальныя рэшткі грошай, уласнасці, улады і карупцыйных магчымасяцў мясцовым, было б максімальна наіўна. А у наіўнасці нашых начальнікаў можна абвінаваціць у апошнюю чаргу.
Данбаскі сцэнар — самы жорсткі, і, можна лічыць, непажаданы для Расіі. Засылка дыверсантаў, нават на адносна падрыхтаваную глебу, з вялікай долей верагоднасці вернецца адпорам з боку сілавых структур, верных Лукашэнку. Нездарма і вучэнні тэрытарыяльнай абароны ў Беларусі адбываюцца на тэрыторыі ўсходніх абласцей, а Сілы спецыяльных аперацый адпрацоўваюць барацьбу з дыверсантамі адзін у адзін па сцэнару данбаскага канфлікту. Можна выказаць здагадку, што Лукашэнка мае адпаведныя тэхналагічна і ідэалагічна падрыхтаванвя групы, кіраваныя, перш за ўсё, сынам Віктарам. Часцей за ўсё сярод гэтых груп называюць Асобную службу актыўных мерапрыемстваў (ОСАМ) і СБП, на якія можна разлічваць куды больш, чым на МУС і КДБ, сапраўды прасякнутыя расійскай агентурай уздоўж і поперак.
Новая вайна ці нават тлеючы канфлікт (не істотна, з афіцыйнай арміяй ці паўстанцкімі групамі беларускіх нацыяналістаў) на ўсходзе стане яшчэ адным цвіком у труну расійскай эканомікі, а санкцыі, якія пацягне такое ўварванне, стануць экскаватарным каўшом зямлі на гэтай труне. Пры ўсёй ірацыянальнасці расійскага кіраўніцтва, яно не можа гэтага не разумець.
Што датычна дзяржаўнага перавароту, то яго можна ажыццявіць у двух сцэнарах: альбо праз масавае ўключэнне людзей (напрыклад, узяўшы пад кантроль новую хвалю сацыяльных пратэстаў), альбо «ўціхую» — паставіўшы замест Лукашэнкі нейкую лаяльную фігуру з яго атачэння. Для першага варыянту прарасійскім сілам, ізноў жа, трэба мець моцны ўплыў на беларускае грамадства і здольнасці мабілізаваць яго ў патрэбны бок, кантраляваць яго на куды глыбейшым узроўні, чым зараз. Трэба мець моцных мясцовых палітыкаў, СМІ і сетку актывістаў. Нічога гэтага (акрамя СМІ, якія Лукашэнка можа адключыць у момант небяспекі) Расія зараз не мае — узгадаем спробы правакатараў крычаць «Расія!» на дармаедскім пратэсце ў Віцебску. Яны сталі лакмусавай паперай таго, што большасць беларусаў, нават незадаволеных, не з’яўляюцца настолькі прарасійскімі, каб гэта можна было скарыстаць для фармавання палітычнага актыву.
Другі варыянт мае на ўвазе абавязковае знікненне Лукашэнкі — аж да фізічнага, а таксама абавязковую наяўнасць трывалых і ўплывовых агентаў расійскіх спецслужб у яго атачэнні ці вышэйшых эшалонах улады (пажадана — з сілавікоў), якія здольныя яго замяніць. Тое, што агенты ёсць, сумневу не выклікае. Але наколькі яны гатовыя рызыкаваць для такой спецаперацыі? Наколькі службы бяспекі «манітораць» такі варыянт развіцця падзей і трымаюць сітуацыю пад кантролем? Ці працуе Расія сёння на рэалізацыю гэтага сцэнару ў перспектыве? Гэтага мы не ведаем, і можам, хіба, варажыць. Аднак гэты варыянт падаецца найбольш верагодным з усіх: ён не патрабуе прыцягнення масаў (гэта значыць, Расія не ўступае на поле, дзе можа прайграць), не мае на ўвазе ўвядзення войска (як пісалася вышэй, гэта шалёныя эканамічныя і палітычныя страты) і дазваляе да максімуму знізіць крывапраліццё.
Апошні варыянт — інкарпарацыя, пра якую зараз якраз і размаўляюць найбольш, бачыцца якраз самым малаверагодным. Прычына простая: не для таго Лукашэнка 24 гады змагаўся за ўладу, каб зараз яе аддаць добраахвотна. Думкі пра тое, што Лукашэнка сам падзеліцца ўладай і пакорліва стане пад кіраўніцтва Пуціна, які адправіць яго «амбасадарам у Зімбабвэ», як выказаўся аглядальнік «Эха Масквы» Венедыктаў, выглядае смешна для таго, хто цвяроза ацэньвае псіхатып Лукашэнкі. Сапраўды, ці шмат вы ведаеце дыктатараў, якія пасля дзясяцігоддзяў безпадзельнай улады пагаджаліся быць «пад кімсьці», а не змагаліся за сваю ўладу да апошняга?
Важныя пераменыя
Ёсць яшчэ адзін аспект, пра які часцяком забываюцца, аналізуючы далучэнне Беларусі да Расіі. Нездарма кажуць, што Беларусь выконвае ролю буфернай дзяржавы. Бо ў выпадку паўнавартаснай вайны між Расіяй і краінамі NАТO (верагоднасць, якая разглядаецца сёння гэтымі бакамі ўсур’ёз) Расіі з усіх пунктаў гледжання (вайсковага, палітычнага, сацыяльнага) карысней, каб бомбы сыпаліся на тэрыторыю суседняй дзяржавы, а не Расійскай Федэрацыі. Менавіта таму мець у якасці буфера марыянеткавую дзяржаву куды больш карысна, чым самому выходзіць да межаў краіны-суперніка.
І, урэшце, не трэба забывацца: Расія зараз зусім у іншым стане, чым была напачатку 2014 года. Тады яна магла сабе дазволіць, маючы ўнутры тлеючы каўказскі канфлікт, улезці яшчэ ў Данбас, а потым і ў Сірыю. З таго часу стан расійскай эканомікі моцна пагоршыўся: аж да таго, што для спансавання вайскова-палітычных авантур прыходзіцца прымаць непапулярныя рашэнні, якія пагражаць унутранай стабільнасці.
Усе вышэйзгаданыя верагоднасці разглядаюцца з пункту гледжання тэорыі рацыянальнага выбару (rational choice theory), якая кажа, што кожны геапалітычны актар у дадзены момант часу дзейнічае найбольш карысным для сябе чынам. Аднак вядома, што расійскае кіраўніцтва часта паступае ірацыянальна — аб'ектыўна і наўпрост насуперак уласным інтарэсам. Таму ў прынцыпе ніводзін з вышэй азначаных варыянтаў цалкам выключыць нельга. Мы кажам толькі пра верагоднасці.
Што потым?
Што будзе, калі самае страшнае ўсё ж адбудзецца? У карціне светапогляду дэмакратычнай грамадскасці прыход сюды Расіі — гэта канец усяму. Незалежнасці, дэмакратычным свабодам (якія, праўда, і не пачыналіся), беларускасці як такой. Апакаліпсіс. Гэта так, і не так адначасова.
Найперш трэба зазначыць: акупанты абавязкова пойдуць на супрацоўніцтва з найбольш лаяльнымі прадстаўнікамі нацыянальнага руху. Ад пэўных выданняў, якія мы зараз лічым апазіцыйнымі, мы пачуем, што беларускасць можа развівацца і ў межах суб’екту Расійскай Федэрацыі (у тым жа Крыме, заўважым, шэраг крымскататарскіх актывістаў пайшлі на калабарацыю з Расіяй і атрымалі крэслы ў мясцовым парламенце), што нашая эканоміка расквітнее з прытокам расійскіх інвестыцый, ну і што ўвогуле мір лепш, чым вайна. Пра дзяржаўныя СМІ і казаць не варта: яны перафарбуюць сваю рыторыку яшчэ да таго, як першы «зялёны чалавечак» уступіць за парог будынка па Макаёнка, 9. Магчыма пэўны час захаваецца выкладанне беларускай мовы ў школах, і новая ўлада будзе ўсяляк падкрэсліваць, як цэніць «культурную самабытнасць» беларусаў.
Аднак, безумоўна, нас будуць чакаць часы куды горшыя, чым зараз. Збольшага, ацаніць наступствы можна на прыкладзе Крыма. Гэта пераход усяго, што больш-менш прыносіць прыбытак, у рукі замежнікаў (аж да вывазу лепшых прадпрыемстваў у Расію цалкам), яшчэ большае завінчванне гаек у палітычным жыцці (сотні крымінальных спраў за рэпосты), хуткае перакачоўванне ўсіх актыўных апазіцыянераў у турмы, знікненне без вестак найбольш небяспечных і радыкальных. Паступовае знікненне з ужывання беларускай мовы, перапісванне гісторыі ў падручніках...
Гэта катастрофа. Аднак ці будзе гэта канцом? Не думаю. Беларускасць не здолелі знішчыць 200 гадоў знаходжання пад Расійскай імперыяй, 70 гадоў у таталітарным СССР, які мэтанакіравана вынішчаў беларушчыну пад корань. Амаль усе гэтыя часы ў Беларусі трывала нацыянал-вызваленчая барацьба ў той ці іншай форме: паўстанцкай, палітычнай, культурнай. Вектар нацыянальнай самасвядомасці ўрэшце ўсё роўна задаюць людзі, а не бюракратычная надбудова пад назвай «дзяржава» — і шматмільённыя народы без дзяржавы (каталонцы, курды, цыгане) лішні раз гэта пацвярджаюць. Захоп краіны Расіяй будзе азначаць толькі адно: пераход нацыянальна-вызваленчай барацьбы ў іншую плоскасць. Фактычна: адкат да стану 1905 альбо 1918 гадоў. Адкат, але не смерць.
Зрэшты, трэба памятаць, што і Расія — не вечная. А таму барацьба за права «людзьмі звацца» мусіць быць працягнутая ў любым выпадку. Без усялякіх сумневаў, стварэнне яшчэ адной «цэнтрабежнай кропкі» на ўскрайку РФ, мякка кажучы, не паспрыяе яе ўмацаванню, бо ўжо сёння імперыя трашчыць па швах пад напорам унутраных і знешніх канфліктаў.
Не будзем забывацца: першы з’езд РСДРП, якая пахавала Расійскую імперыю, адбыўся ў 1898 годзе у Мінску. Развал СССР у 1991 годзе быў юрыдычна аформлены таксама на тэрыторыі Беларусі. І, варта верыць, што калі горшае адбудзецца, то і гэтым разам Беларусь унясе сваю ўдалую лепту ў пахаванне «турмы народаў».
Тэлеграм-канал аўтара:http://t.me/MikolaDziadok