Традыцыя і сучаснасць «Лятучай мышы»

У Вялікі тэатр Беларусі вяртаецца аперэта. 16 — 18 красавіка на яго сцэне адбудуцца прэм’ерныя паказы залатой венскай класікі — «Лятучай мышы» Іагана Штрауса. Над спектаклем працуе каманда з Венгрыі на чале з рэжысёрам Міклашам Габарам Керэньі (Керо), мастацкім кіраўніком Будапешцкага Тэатра аперэты і мюзікла, і дырыжорам-пастаноўшчыкам Джанлука Марчана (Італія).

Мыш, якая стане адным з герояў спектакля. Фота Дар'і Пашкевіч

Мыш, якая стане адным з герояў спектакля. Фота Дар'і Пашкевіч

Керо добра вядомы сваімі пастаноўкамі класічнай аперэты і сучасных мюзіклаў, яго спектаклі ідуць у Зальцбургу, Вене, Празе, Мюнхене, а адна з апошніх работ, «Граф Монтэ-Крыста» ў Санкт-Пецярбургскім тэатры музычнай камедыі, намінавана ў гэтым годзе на «Залатую маску».
Што ж да «Лятучай мышы», то ў Вялікім тэатры Беларусі яна ставілася ў першы і апошні раз яшчэ ў 1961 годзе, таму зварот да гэтага твора можна назваць сапраўдным выпрабаваннем для калектыву Опернага. Самы іскрысты і вясёлы жанр музычнага тэатра мае сваю спецыфіку і вымагае адпаведнага падыходу ад усіх удзельнікаў пастановачнага працэсу.
З якімі складанасцямі давялося сутыкнуцца стваральнікам «Лятучай мышы» і чаго чакаць ад новай пастаноўкі Вялікага, мы даведаліся ў тэатры.

Разбурэнне шаблону

«Лятучая мыш» многім знаёмая пераважна дзякуючы аднайменнаму фільму Яна Фрыда 1979 года, аднак ад арыгіналу гэтая стужка адышла дастаткова далёка. А вось спектакль Керо будзе спалучаць зварот да першапачатковага варыянту аперэты 1874 года з уласцівай сучаснай рэжысуры актуалізацыяй. Лібрэта пастаноўкі створана на аснове арыгінала Р. Жэнэ і К. Хафнэра з выкарыстаннем тэкстаў М. Эрдмана, М. Вольпіна, С. Вольскага і самога Керэньі, які прыклаў руку да дыялогаў. Дарэчы, калі вас у оперы заўсёды засмучала тое, што вы не разумеце, пра што ўласна спяваюць, пакіньце свае хваляванні: «Лятучая мыш» у Вялікім будзе ісці на рускай мове, прычым тычыцца гэта і размоўных, і вакальных фрагментаў.

Уладзімір Радзівілаў (Фрош). Фота Дар'і Пашкевіч

Уладзімір Радзівілаў (Фрош). Фота Дар'і Пашкевіч

Пастаноўка Керо абяцае разбурыць звыклыя ўяўленні пра «Лятучую мыш» і пазнаёміць гледачоў з еўрапейскай традыцыяй увасаблення гэтага твора. Менавіта згодна з ёй у Вялікім вырашылі запрасіць на ролю турэмнага вартаўніка Фроша прафесійнага драматычнага артыста. Гэтую камічную, выключна размоўную ролю ў спектаклі будзе выконваць заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Уладзімір Радзівілаў. Многія знаёмыя персанажы ў спектаклі паўстануць у незвычайных вобразах. Касцюм лятучай мышы ў ім апране мужчына — Фальк, а партыю князя Арлоўскага, як і ў арыгінальнай партытуры Штрауса, выканае меца-сапрана. Князь, дарэчы, не проста стане адной з асноўных дзеючых асоб аперэты, з ім адбудзецца нечаканая метамарфоза.

Кацярына Міхнавец (Арлоўскі) і Дзяніс Янцэвіч (Фальк). Фота Дар'і Пашкевіч

Кацярына Міхнавец (Арлоўскі) і Дзяніс Янцэвіч (Фальк). Фота Дар'і Пашкевіч

Кацярына Міхнавец, выканальніца партыі Арлоўскага: «Гэта частая з’ява, калі меца-сапрана даводзіцца выконваць мужчынскія партыі. Для мяне першай такой работай была партыя Керубіна ў “Вяселлі Фігара”. Пасля яе мне прасцей увасабляць на сцэне мужчыну. Але вобраз Арлоўскага нашмат больш складаны. Арлоўскі ў “Лятучай мышы” — зачыншчык інтрыгі, ён кіруе балем, настройвае ўсіх, і людзі, як марыянеткі, выконваюць яго волю. Акрамя таго, мяне чакае чарадзейнае пераўвасабленне: на балі я буду ў вобразе мужчыны, князя Арлоўскага, але да фіналу другога акта пераўвасоблюся ў чароўную даму».

Ірына Кучынская (Адэль), Аляксандр Міхнюк (Айзэнштайн) і Марына Ліхашэрст (Разалінда). Фота Дар'і Пашкевіч

Ірына Кучынская (Адэль), Аляксандр Міхнюк (Айзэнштайн) і Марына Ліхашэрст (Разалінда). Фота Дар'і Пашкевіч


Але такія кардынальныя змены адбудуцца не з усімі. Напрыклад вобраз Адэлі, як распавядае выканальніца гэтай партыі Ірына Кучынская, застанецца дастаткова класічным, хоць і набудзе сучасныя рысы: «Адэль я ўжо іграла ў іншай пастаноўцы, і мой вобраз пераважна застаецца такім, як я ўжо некалі яго сабе стварыла. Мая Адэль — дзяўчына, якая мае пэўныя таленты, з жывым характарам, яна нікога не хоча пакрыўдзіць, але ў яе ёсць свая мэта. Яна марыць стаць актрысай і выкарыстоўвае любыя магчымасці, каб рэалізаваць сябе. Адэль, безумоўна, сучасная дзяўчына, рэжысёр увогуле ставіць сучасны спектакль, у якім няма адсылак да часу напісання твора ў сэнсе пытанняў этыкету альбо ўзаемаадносін герояў. У нашай “Лятучай мышы” шмат жывых, жыццёвых, сённяшніх стасункаў паміж людзьмі».

Бесклапотны бідэрмаер


Якой бы займальнай ні была інтрыга аперэты, але яе класічныя ўзоры прывабліваюць, перш за ўсё, музыкай, што і дазволіла творам з часам шаблонным і не вельмі дасціпным сюжэтам дзесяцігоддзямі захоўвацца ў рэпертуары. Таму работа над музычным складнікам «Лятучай мышы» стала адным з самых важных і адначасова складаных момантаў пастаноўкі. Іван Касцяхін, дырыжор: «Самае складанае ў падрыхтоўцы “Лятучай мышы” — канечне, жанр. Тое, да чаго мы прызвычаіліся як гледачы, – гэта не заўсёды класічная аперэта. Пад славянскі менталітэт перапісваліся многія лібрэта, у тым ліку “Лятучай мышы”. Яе арыгінальную калізію ў знакамітым фільме, які ведаюць мільёны гледачоў, моцна змякчылі, а гумар зрабілі больш даступным. У нашым спектаклі выкарыстаны варыянт лібрэта, набліжаны да еўрапейскага, і трэба вытрымаць грань паміж аўтэнтычнасцю матэрыялу і ўспрыманнем гледача, што прызвычаіўся некалькі да іншага і ўвогуле не вельмі цярпіма ставіцца да эксперыментаў.

Іван Касцяхін на рэпетыцыі. Фота Дар'і Пашкевіч

Іван Касцяхін на рэпетыцыі. Фота Дар'і Пашкевіч

Другая складанасць — гэта штраусаўскі стыль. Многімі нашымі музыкантамі ён асвоены ў вельмі добрых аркестрах, некаторыя нават працавалі з Гербертам Прыкапа (Herbert Prikopa), унукам канцэртмайстра аркестра самога Штауса. А гэта своеасаблівая вусная традыцыя, якая ідзе з першакрыніцы і перадае, як трэба выконваць вальсы і полькі кампазітара, што за схаваныя сэнсы ёсць у тым ці іншым творы. Але гэтую школу прайшлі не ўсе, таму мы шукаем кампраміс. Да таго ж, калі казаць пра венскі стыль, то ў самой Вене ў кожнай таверне лічаць, што менавіта яны ведаюць, як іграць вальсы Штауса, і двух аднолькавых вальсаў у двух розных тавернах вы не пачуеце. І сярод усяго гэтага нам трэба адшукаць свой уласны стыль, які мы будзем перадаваць са складу ў склад аркестра, каб у нашай “Лятучай мышы” ўсё ж быў захаваны дух Вены — гэткі бесклапотны бідэрмаер з уласцівым яму ўменнем атрымліваць асалоду ад простага і радавацца жыццю. Мы любім удумвацца, пакутаваць, суперажываць, а ў “Лятучай мышы” ўсё некалькі інакш. Тут замест суперажывання — іронія, якая, аднак, не выключае сяброўства, умення захоўваць сакрэты і дапамогі адно аднаму ў складаных сітуацыях. Даводзіцца карэкціраваць свой музычны менталітэт, а гэта — няпростая задача».

Відовішчнасць, натуральнасць і іронія


Аперэце значную частку яе гісторыі была ўласціва відовішчнасць, і гэтую традыцыю ў Вялікім тэатры парушаць не сталі. Дынамічную сцэнаграфію Тамаша Ракаі ў «Лятучай мышы» будуць дапаўняць яркія, па-аперэтачнаму пышныя (а часам і эратычныя) касцюмы аўтарства Агнеш Евы Дзярмаці. Неад’емнай часткай пастаноўкі стане харэаграфія, але традыцыйных танцавальных нумароў у гэтай «Лятучай мышы» не будзе. Іх месца зойме спалучэнне сучаснага танца і стылізацыі пад гістарычныя полькі і вальсы.

Уражваць касцюмамі будуць не толькі жанчыны. Фота Дар'і Пашкевіч

Уражваць касцюмамі будуць не толькі жанчыны. Фота Дар'і Пашкевіч

Вольга Костэль, балетмайстар-пастаноўшчык: «Жанр аперэты патрабуе максімальнага сплаву танца, вакалу і драматычнага мастацтва, таму ў гэтай рабоце асноўнай складанасцю была наяўнасць вялікага аб’ёму тэксту, які неабходна было асэнсаваць, прыдумаць для акцёраў выразны пластычны малюнак ролі. Керэньі не патрабаваў вялікай колькасці танцаў, наадварот, ён хацеў, каб усё было максімальна натуральна, што ўвогуле ўласціва сучаснаму тэатру, каб танец выцякаў з жэсту, а не ўзнікаў знянацку, як устаўны нумар. Матэрыял “Лятучай мышы” працяты вальсамі, таму без гэтага танца ўсё ж не абышлося, але згодна з жаданнем пастаноўшчыка ў нашым спектаклі ён будзе пададзены з іроніяй».

Вольга Костэль на рэпетыцыі. Фота Дар'і Пашкевіч

Вольга Костэль на рэпетыцыі. Фота Дар'і Пашкевіч


Пазнавальная гісторыя і надзея на шчасце


У «Лятучай мышы» Керо дзеянне не будзе прывязанае да канкрэтнай эпохі. Рэжысёр распавядае, што яго спектакль, перш за ўсё, пра чалавека, пра тое, што ўсе людзі хлусяць і імкнуцца іграць ролі іншых, а гэта, згадзіцеся, адбываецца ва ўсе часы. Празмернасць у жаданнях і паводзінах, хлусня, якая атачае нас у жыцці, рана ці позна прыводзяць да катастрофы, лічыць Керэньі. Керо: «Наш спектакль — вельмі жорсткі, і ён становіцца яшчэ больш жорсткім, таму што ў фінале ўсё робіцца смешным, і мы не ведаем, з каго смяемся: з саміх сябе альбо адзін з аднаго. Як ставіцца да герояў “Лятучай мышы”, кожны з гледачоў павінен вырашыць для сябе сам. Мы ж крышку асуджаем персанажаў спектакля, крышку смяемся з іх, але і спачуваем, таму што гэта ўсё адно, што глядзецца ў люстэрка, а чалавеку ўласціва апраўдваць сябе».

Керо на рэпетыцыі. Фота Дар'і Пашкевіч

Керо на рэпетыцыі. Фота Дар'і Пашкевіч

Жанр аперэты, безумоўна, мае сваіх прыхільнікаў, якім не трэба будзе вышукваць прычыны для таго, каб наведаць прэм’еру «Лятучай мышы». На пытанне ж скептыка аб тым, чым сучаснага гледача можа зацікавіць аперэта, рэжысёр адказвае проста: «Аперэта — гэта жанр, які распавядае пра каханне з розных пунктаў гледжання і ў якім каханне заўсёды перамагае, яна заўсёды мае шчаслівы фінал. Свет поўны крыві, смерці, стратаў, а нам усім час ад часу патрэбныя такія моманты ў жыцці, калі мы верым, што можна быць шчаслівымі». 



Фота Дар'і Пашкевіч