Памяць пра радасць. Да дня народзінаў Міхася Стральцова
Заўтра, 14 лютага, споўнілася б 85 гадоў культаваму пісьменніку Міхасю Стральцову. «Літаратурная Беларусь» знаёміць са згадкамі Алеся Жука пра Міхася Лявонавіча.
З Міхасём Стральцовым пазнаёміўся яшчэ школьнікам, калі пасля першае свае публікацыі ў «Нёмане» прывёз апавяданні ў «Маладосць». Стральцоў спадабаўся мне нечаканай ціхай усмешлівасцю і быццам сарамлівасцю, усё роўна як гэта ён, а не я прыйшоў са сваімі спробамі. Назіраў, як яго рука з алоўкам не адрывалася ад напісанага мной, акуратна, як школьнае сачыненне. Чытаў ён і курыў цыгарэту, тоненька віўся лёгкі дымок, нешта заклапочана перабіраў на сваім стале Мікола Аўрамчык, коратка пазіраючы то на мяне, то на Міхася. І пад той час, як было скончана чытанне, Мікола Якаўлевіч знік з кабінета. Чалавек вопытны, ён ведаў, якая будзе гаворка. Я не надта і запамінаў, што мне гаварыў Міхась Лявонавіч, бо прайшоўся ён і па радках, і па асобных словах. Я здагадваўся пра агульную ацэнку напісанага, бо яно таго і заслугоўвала.
Калі стаў студэнтам, працягваў насіць Стральцову напісанае. Ён чытаў, паўтараў памятнае мне з першай сустрэчы: «Разумееш, старычок», «тут нешта не тое, старычок…».
Пасля першае сустрэчы я яшчэ і са школы прысылаў напісанае, бо ён сказаў мне не пакідаць пісаць. З прысланага мной ён адобрыў толькі невялічкую навелку «Балада». Для друкавання ў часопісе гэтага было мала. Тая навелка спадабалася і Рыгору Бярозкіну, які быў кіраўніком семінара на нарадзе маладых пісьменнікаў на Свіцязі, яна і была надрукавана ў «ЛіМе» як твор удзельніка семінара. Пазней я памяняў назву на «Мужчыны»…
У той час сталі даступнымі чытачу Рэмарк, Фітцджэральд, Хэмінгуэй, барадатыя партрэты якога прадаваліся ў кіёсках «Саюздруку». Захапленне імі не магло не закрануць літаратурных пачаткоўцаў. Але ўсё тое замежнае было недзе далей, бліжэй было сваё, якое літаратуразнаўцы называлі лірычнай прозай, пачатай Янкам Брылём, падхопленае Міхасём Стральцовым, Вячаславам Адамчыкам… «Блакітны вецер» Міхася Стральцова не мог не паланіць тонкай паэтычнасцю, настраёвасцю, мелодыкай фразы, псіхалагічнасцю, дакладнасцю пісьма, увагай да канкрэтнага жывога чалавека. Пасля заідэалагізаванай, грувасткай па пісьму, груба канструяванай літаратуры было ап’яненне ад гэтага свежага, новага струменю. Магчыма, цяпер, перачытваючы напісанае амаль усімі з першага і наступных «філалагічных» пакаленняў, можна прыдрацца да самамэтнага любавання словам, захаплення пластыкай фразы, маляўнічасцю і настраёвасцю, але тое не было даганяннем ні Буніна, ні Чэхава. То быў аб’ектыўны працэс, калі беларуская літаратура павінна была ў сціслы час дараспрацаваць тое, што пачынаў у сваіх ранніх апавяданнях Кузьма Чорны, што закладваў у сваіх творах Максім Гарэцкі, ды і не толькі яны, але і іншыя дачасна загубленыя беларускія пісьменнікі. Няхай і была зададзенасць, але здабыткі напісанага «філалагічнымі» пакаленнямі маюць мастацкую вартасць. А што датычыць Міхася Стральцова, то ім напішуцца хрэстаматыйныя творы, што відавочна ўжо сёння.
Першае апавяданне Міхась Стральцоў надрукаваў у 1957 годзе, кніга апавяданняў «Блакітны вецер» выйшла ў 1962-м. Адразу была заўважана і чытачом, і крытыкай, стала з’явай у беларускай літаратуры, бо вельмі асвяжальны і патрэбны быў гэты блакітны вецер. Адрэагавала на кнігу Стральцова і артадаксальная крытыка, — вядома ж, адмоўна. Наступная кніга прозы Міхася Стральцова «Сена на асфальце» выйшла ў 1966 годзе.
Хаця першае апавяданне было пазначана 1957 годам, усе пазнейшыя кнігі: «Сена на асфальце», выбранае ў «Бібліятэцы беларускай прозы», «Выбранае» 1987 года (як даўно не перавыдаваўся Стральцоў!) будуць пачынацца «Трыпціхам», цыклам з трох невялічкіх апавяданняў. Першае мае назву «Трывожна крычыць птушка». Стральцоў невыпадкова на першае месца ставіць пазнейшае па часе напісання. Ужо першы зборнік Міхася Стральцова адметны тонкай стылістычнасцю, пазначаны творчай індывідуальнасцю. У «Трывожна крычыць птушка» чалавек, істота далёка не вечная на зямлі, пададзены сам-насам з вечнаю прыродаю, яе прыгажосцю. У ім неспадзявана ўзнікае разуменне гэтай кароткасці чалавечага жыцця на зямлі, і гэтае разуменне абуджае ў ім падсвядомую трывогу за драматычнасць кароткасці чалавечага жыцця. І вось гэтае адчуванне стварае своеасаблівы стральцоўскі настрой. Гэтым настроем будзе падсвядома няўлоўна падсвечана ўсё напісанае Міхасём Стральцовым: і ў прозе, і ў паэзіі, і ў «Загадцы Багдановіча».
Сама назва кнігі «Сена на асфальце» дала назву таму, што адбывалася ў жыцці. Нечакана імкліва пачала адыходзіць у нябыт беларуская вёска, вясковы чалавек рабіўся гарадскім жыхаром, яму трэба было ствараць і асвойваць новы лад жыцця. Чалавек разгубіўся, сёй-той пачаў проста прападаць у новых умовах, астатнія імкліва перараджаліся, дарваўшыся да спажывальніцтва, якое намнога болей даступна ў горадзе, чым у вёсцы. Міхась Стральцоў болей амаль не вяртаўся да гэтае тэмы, ён толькі абазначыў яе, даўшы ёмкую назву наваяўленаму гараджаніну, — «сена на асфальце». А праява гэтая была складаная, адгалоскі яе чуваць яшчэ і дасюль, бо ў выніку атрымалася з людзей не толькі «сена», але і дэнацыялізаваная «пацяруха» ў вялікіх і малых гарадах. Ды і сама вёска, якую былі аб’явілі «неперспектыўнай», не надта паддавалася «абгарадзенню», а калі і засвойвала, ды не лепшае з гарадскога ўкладу жыцця, імкліва пачала траціць стагоддзямі намытыя залацінкі сапраўдных чалавечых каштоўнасцяў, нацыянальнага характару ды і проста чалавечай годнасці і самапавагі. Ёй і сёння, новай, патрэбен падмурак для станаўлення, падмурак стагоддзямі назапашанага жыццёвага вопыту…
Але тады ў творчасці Міхася Стральцова быў толькі, няхай адразу ста́лы, але пачатак; яго болей прываблівалі «вечныя» тэмы, тэма загадкі самога творчага пачатку ў чалавеку. Інакш ён не ўзяўся б пісаць «Загадку Багдановіча». «Загадка» будзе пазней. А пакуль што маладосць і сучаснасць брала сваё, ды і тое, што хацелася сказаць у прозе, не было яшчэ сказана. У жыцці ўжо былі не толькі лагацкія, але і светы іванавічы донжуаны, была і проста маладая радасць жыццю. За «Свет Іванавіч…» Стральцову перападала больш за ўсё ад крытыкі, пра якую ўжо гаварылася.
Была яшчэ і памяць дзяцінства, самая моцная ў чалавеку. Міхась Стральцоў, як і яго равеснікі, дзіцячымі вачыма бачыў вайну і перажыў пасляваеншчыну. Назва апавядання «На чацвёртым годзе вайны» падсвечана эпіграфам з К. Случэўскага: «И капля вод полна трагедий / И неизбежности полна». Герой апавядання нават не мае ўласнага імя, ён проста «малы», ён жыве са старымі, і на ўсіх іх адно гора, гора вайны. А для малога і яго сям’і — пахаронка на бацьку. Апавяданне пранізліва-балючае праўдаю простага чалавека, тым, што робіць яму вайна.
Пазней гэты «малы» атрымае ўласнае імя ў аповесці «Адзін лапаць, адзін чунь»… Пасляваенная вёска, холадна і голадна, нават няма чаго абуць, каб выйсці з хаты хлопчыку Іванку, якому б найвялікшаю радасцю было пастральць з рагаткі па вераб’ях. Які маленькі абмежаваны свет Іванкі і яго дзеда Міхалкі! І гэтак апаэтызаваны сумнымі зімовымі краявідамі. Гэта адчувае і Іванка, і дзед Міхалка. У яго жыццё канчаецца, ён гэта ведае. У другога наперадзе яшчэ многа радасці — цэлае жыццё. Але і на краёчку жыцця дзед Міхалка шкадуе Іванку за яго беднае дзяцінства, з горыччу думае, што ў ягоным жыцці ўжо нічога не засталося, акрамя шкадавання. Іванка шкадуе дзеда за тое, што ён ужо зусім старэнькі. Адно жыццё гаротна канчаецца, другое жыццё гаротна пачынаецца. Гэтая аповесць як не адна іншая рэч пранізана шчасцем і трагізмам, паэзіяй чалавечага жыцця. Усё гэта дасягаецца найперш тым жа стральцоўскім настроем. Дакладнасць псіхалогіі, паэтычнасць, бездакорная стылістычнасць тут усяго толькі інструментарый.
Ад’язджаючы з вёскі ў горад, я забыўся дома часопіс «Маладосць» з аповесцю Міхася Стральцова. Калі прыехаў у наступны раз, мама спытала, ці ведаю Стральцова, колькі яму гадоў. Яна прачытала аповесць. Мама пражыла цяжкае сірочае дзяцінства. Ды і пазней за работаю ёй не было калі чытаць. Літаратуру яна ведала толькі тую, якую некалі вучыла ў школе. Ад яе я пачуў і запомніў не толькі Купалавага «Хлопчык і лётчык», але «І лягла цішыня / У бары за гарой, / Каб дрывінка адна / Хоць кіўнула сабой», Коласава « Не сядзіцца ў хаце / Хлопчыку малому». А «Савося-распусніка» мама чытала па памяці ўсяго. Калі я сказаў, колькі гадоў Міхасю, паківала галавой: «Якая душа ў чалавека: такі малады, а так пра нас усіх напісаў». Прызналася, што калі чытала, плакала. Часопіс папрасіла пакінуць.
У гэтай аповесці ўжо прагучаў Стральцоў-паэт:
Ноччу бязлюднай і цёмнай,Іду па зямлі,Высачэзны і лёгкі,Пакалыхваючыся ад тугі.Галава прыгнулася пад небам,Я плачу.Зоркі — слёзы мае.Спяць гарады і вёскі,Я над імі іду.Высокі, пахілы і лёгкі,Пакалыхваючыся ад тугі.Шукаю шэрую вёску, Вёску сваю.Баюся:Вышэзны і лёгкі, Не прысяду там на парог,Як самалёт рэактыўны не сядзеНа травяністым аэрадроме…Я плачу.Зоркі — слёзы мае.
«Адзін лапаць, адзін чунь» выйшла ў 1970 годзе. У 1973-м Стральцовым будзе напісана «Смаленне вепрука», па-сур’ёзнаму апошняя яго празаічная рэч, і будзе выдадзена кніга паэзіі «Ядлоўцавы куст».
«Смаленне вепрука» нельга раскласці на састаўныя, нельга разабраць, сыходзячы з крытычна-літаратуразнаўчых пастулатаў. Гэтае апавяданне — адно з тых рэдкіх твораў у літаратуры наогул, якое не паддаецца разгляду. Ужо з паўстагоддзя з часу яго напісання, а яно і сёння найперш і на слыху, і на духу, калі гаворка заходзіць пра Міхася Стральцова, яно запатрабаванае і сённяшнім маладым чытачом. Яно ў нейкім магічным крышталі скандэнсавала ўсё, што турбавала і цікавіла пісьменніка праз усё літаратурнае жыццё. Апавяданне скрозь паліфанічнае, асацыятыўнае. Канкрэтныя дэталі ператвараюцца ў сімвалы, абагульненні, узнікае трохмернасць адчування і разумення, памяці і існасці сённяшняй, пазначаны пункціры ў будучае. Надзвычай багаты інструментарый, але не ён галоўнае і не ён самамэта. Ідзе пераўвасабленне пісьменніка ў аб’ект пісання, у сына, у гаспадара. Героямі апавядання іх назваць ніяк нельга. Пісьменнік адкрыта гаворыць, што намагаецца загнаць у падтэкст напісанае, а на самай справе ён намагаецца вывесці да чытача напісанае. Канструкцыя, выкарыстаныя Стральцовым прыёмы дазваляюць свабодна перамяшчацца ў часе, праецыраваць напісанае на будучае і ўжо ад яго вяртацца ў сённяшняе. Стылістыка Стральцова мяняецца ад музычнай, пластычнай па ладзе фразы да кароткай, у якой пазбягаюцца эпітэты. Нешта такое ў зачатку было ў ранніх апавяданнях Кузьмы Чорнага. Вось апісаны сон, і пасля яго кароценькі абзац:
«Ва ўсіх нас ёсць ці была маці, і, на жаль, не заўсёды добрыя прыходзяць да нас тэлеграмы…».
Жыццё і смерць, драматызм і трагізм чалавечага жыцця паўстае за ўсім гэтым у самым зачатку жыцця і няўмольна ідзе следам.
«…І раптам побач, ці не за драўляным плотам, у гародчыку, коратка і жаласна ціўкнула птушанё. Гэта як бы нейкі знак быў, і ён спыніўся і паглядзеў туды. Халаднаватая чырвань аблівала бэз, павеў скразнявога ветру, і цені ад яго затрапяталіся на жоўтай сцяне, і зноў прыцішана жаласна ціўкнула птушанё. Тады ён прыгледзеўся і ўбачыў яго. Ён бачыў яго блізкае, тое сумнае натапыранае, шэрае птушанё, гэтак бясконца, незразумела адзінокае ў знаёмай яму і, мусіць, не першы раз аблюбаванай засені падвечаровага куста. На сцяне, на вялікіх прасцягах горада памірала сонца, і што адчуваў, каму і на што жаліўся ён, гэты жывы маленькі камячок, натомлены за дзень нейкім сваім, зразумелым яму, а мо і зусім незразумелым клопатам? Што гэта: страх, натужанае чаканне непасільнага празарэння ці чуйна, вусцішна і раптоўна абасобленасць ад усяго і разлад з усім? І ці не так трывожыць, гняце незразумелым нейкім сэнсам і самога чалавека тужлівая палоска расхінутай на захадзе вечаровай зары?...».
Успомнім тое, на пачатку намі гаворанае «трывожна крычыць птушка», і запомнім гэтую вечаровую чырвань. Яны яшчэ ўзнікнуць.
Пра каго і дзеля каго і чаго гэта напісана? Пра сябе і кожнага з нас?.. Наогул пра жыццё?..
У канцы апавядання «Смаленне вепрука» напісана: «Наіўны, ён хоча перамагчы сапраўднасць, ён хоча верыць: я засцярогся ад бяды — бо сказаў. Дабро і надзея тут накрэслілі свой круг». Не дапамаглі ад бяды ні засцярога, ні круг надзеі і дабра, ды і круг — дзеянне закончанае…
Пісаць пастаянна ў такім напружанні, як напісана «Смаленне вепрука», нельга, такога напружання і самааддачы вытрымаць доўга немагчыма, але і па-ранейшаму пісаць ужо немагчыма нават на адным узроўні. Пра гэта дакладна сказала Бэла Ахмадуліна: «Писать, как хочу, не умею, / Писать, как умею, — зачем?».
У прадмове да «Выбранага» Міхася Стральцова Алесь Адамовіч справядліва напісаў: «У літаратуры так: нават усе разам і нават выдатныя не могуць замяніць аднаго — калі гэта сапраўдны талент». І яшчэ Алесем Адамовічам было сказана: «Я, напрыклад, упэўнены, што сярод таго лепшага, што будзе выразней заўважацца заўтра, хрэстаматыйна загучаць назвы такіх твораў: «На чацвёртым годзе вайны», «Адзін лапаць, адзін чунь», «Смаленне вепрука», «Загадка Багдановіча»… Сказана прароча. Адамовічу хацелася, і ён спадзяваўся, што Стральцоў вернецца ў прозу. Ён не вярнуўся. Хутчэй таму, што поліфанічнасць, асацыятыўнасць, шматмернасць, свабоднае перамяшчэнне ў часе — паштодзённы інструментарый паэта. Проза патрабуе пэўных абавязковых атрыбутаў, якія я называю «радамі», якія мусіш пісаць. Але, можа, Стральцоў і вярнуўся б да свайго заяўленага «Конь гуляў па волі», калі б захацелася «павольнічаць» у прозе — напісаць нешта нечаканае.
З’яўленне эсэ «Загадка Багдановіча» было і нечаканым, і чаканым. Чаканым таму, што Міхась Стральцоў быў ужо вядомы як тонкі, глыбокі прафесійны крытык, які не абмяжоўваў сябе толькі «поўзаннем» па канкрэтным творы, а глядзеў на яго ў кантэксце і ўсёй творчасці самога пісьменніка, і ў кантэксце літаратуры ў цэлым. Гэта датычыла і класікаў, і сучаснікаў. Нечаканым было таму, што так раскавана і шматбакова на Максіма Багдановіча ніхто яшчэ не спрабаваў глянуць. Не варта забываць, што Багдановіча яшчэ трэба было даносіць, нават прапагандаваць. Яго тады яшчэ бясспрэчна не называлі класікам. Найбольш значнаю на той час была чыста літаратуразнаўчая праца Алега Лойкі. Стральцоў паспрабаваў глянуць на Багдановіча шырэй, прасачыць яго шлях да беларускасці такога высокага кшталту. І паглядзець на Максіма як на проста жывога чалавека, якому было звычайна і цяжка, і адзінока — «маладому вераб’ю блага». Стральцову ўдалося падаць Максіма шчаслівага ў творчасці і няшчаснага ў жыцці. Магчыма, Стральцова турбаваў і самога нейкі трывожны знак, як і Багдановіча: ён быў упэўнены, што памрэ ў такім ўзросце, як і маці, ад сухотаў.
Міхась Стральцоў зрабіў у сваім эсэ цікавае назіранне: напісаныя на рускай мове Багдановічавы вершы ўяўляюць сабой даволі звычайнае пісанне, тыя ж вершы на беларускай мове набываюць іншае, сапраўднае гучанне. Тут ужо, відаць, загадка самой мовы. Мова, як і вада, якая забяспечвае чалавеку яго біялагічнае існаванне, прывычная і паштодзённая. Але таямніца вады і на сённяшні дзень не спасцігнута навукай. З моваю хутчэй за ўсё тое ж самае. «Вне родного языка мысли человека чужеродны…» — гэта Гегель.«Багдановіч, побач з Купалам і Коласам, тое трэцяе вымярэнне, без якога немагчыма перспектыва. З Багдановічам нам стала далёка відаць ва ўсе канцы свету», — сцвердзіў Міхась Стральцоў амаль паўстагоддзя назад. А наконт загадкі Багдановіча, то сам жа Стральцоў сказаў, што кожны талент — гэта загадка. Сёння ўжо ў акадэмічнай гісторыі беларускай літаратуры адкрытым тэкстам сказана і пра загадку самога Міхася Стральцова…
Міхась Стральцоў прыйшоў у паэзію адразу стала. Інтанацыю яго верша, як і яго празаічны настрой, нельга зблытаць ні з кім. У свой час Блок запісаў такую думку: «Стиль всякого писателя так тесно связан с содержанием его души, что опытный глаз может увидеть душу по стилю, путем изучения формы проникнуть до глубины содержания». Крыху грувастка, але дакладна.
Яшчэ задоўга да «Ядлоўцавага куста» мне давялося правесці ноч з Міхасём Стральцовым на яго новай кватэры, калі ён застаўся адзін. Амаль адзінай «мэбляй» у кватэры былі звязкі кніг ягонай бібліятэкі. І ноч напралёт Міхась чытаў вершы. Ён многа памятаў з айчыннай, замежнай і з рускай паэзіі. Але тады ён чытаў найбольш Блока. Магчыма таму, што ў самога яго пачыналася такая невыносна цяжкая паласа, якія, як мінімум, два разы перажыў і Блок. Пра гэта можна было толькі здагадвацца: пра асабістае жыццё Міхась не гаварыў. Пазней ён напіша пра той час у вершы:
Вось сівізна — а мудрасць дзе?А мо пакорлівасць бядзеЗавецца словам гэтым?Бяда ідзе, бяду вядзе:Калі міне, сустрэне дзе,Пасварыць дзе са светам…
А тады, быццам ратуючыся ад скрухі, ён чытаў такія паэтычныя шэдэўры Блока:
Ты рванулась движеньем испуганной птицы,Ты прошла, словно сон мой, легка,И вздохнули духи, задремали ресницы,Зашептались тревожно шелка.
І раптам цяжкае, аб адзіноце ў вялікім свеце людзей, і пра сваё маленькае дарагое:
…Над смрадом, смертью и страданьемТрезвонят до потери сил…
Над мировою чепухою;Над всем, чему нельзя помочь;Звонят над шубкой меховою, В которой ты была в ту ночь.
А пасля ці то каб крыху супакоіцца і падбадзёрыць мяне сваім «всё будет хорошо, старичок», ці то каб вярнуцца ў цёплы туман паэзіі і сагрэцца ў ім:
Всё, что минутно, всё, что бренно,Похоронила ты в веках!Ты, как младенец, спишь, РавеннаУ сонной вечности в руках.………………………………А виноградные пустыни, Дома и люди — все гроба.Лишь медь торжественной латыниПоет на плитах, как труба.
Паэзія самога Міхася Стральцова, у адрозненне ад таго ж Блока, не такая размашыстая і прагна ўсеахопная, хаця не меней філасафічная, я б сказаў, болей лірычна праніклівая і нават пяшчотная. Хаця метад параўнанняў заганны, калі гаворка заходзіць пра творчасць, напрыклад, для беларускай крытыкі заганны найперш тым, што творчасць аўтара міжвольна падвёрстваецца пад нейкі адпаведнік, нават пры большай відавочнасці таленту, пад творцу з шэрагаў «старэйшага брата». Хаця могуць быць і адваротныя выпадкі, калі творчасць у экстазе ўзносімага на вяршыні наваяўленага творцы пачынае лунаць нават і над сусветнай класікай. Праўда, і тое ўзнясенне, і тое лунанне звычайна вельмі кароткае па часе, і знікаюць неяк самі па сабе вельмі ж незаўважна.
Паэт — гэта чалавек, які застаецца адзін на адзін са светам, з сусветам, і спасцігнутае ім павінна адазвацца ў душах іншых, калі ён не зможа так сказаць, то ён застанецца адным са звычайных — усім людзям дадзена і адчуваць, і перажываць, адзінкам дадзена расказваць пра гэта іншым. Марына Цвятаева безаглядна смела сказала на пачатку творчасці: «Моим стихам, как драгоценным винам, настанет свой черед». Наконт сябе яна ўвогуле не памылілася, хаця і самым-самым вінам прыходзіць свой канец…
Найвялікшае з цудаў, якое стварыў чалавек, гэта музыка, потым паэзія. Проза — чорны хлеб літаратуры. Музыку, паэзію трэба слухаць, жыць ёю, перажываць і суперажываць, тлумачыць яе нельга, яна сама гаворыць за сябе.
Лёг, маленькі-маленькіНа шамоткім плашчыІ падціснуў каленькіПерад мечам начы.…………
Яны талмудзяць і глякуюць,
У іх сабака ў доме ёсць.Прадбачу хвілю, у якуюДа іх прыходзіць раптам госць.
З якой, з якой, з якой пустыні?Абтрос ён пыл з вунь тых дарог.Няхай вячэра ваша стыне.Хацелі Бога вы? Ёсць Бог.
Цытаваць Стральцова я магу многа, таму спынюся. Урэшце, паэзію перачытваць трэба сам-насам, а не ў цытаванні.
…Тады, калі Міхась зайшоў да мяне ў «ЛіМ», у ім нешта было ад далёкае і цяжкае дарогі. Ён быў у акуратным касцюме, пры гальштуку і не выглядаў змардаваным тым цяжкім лячэннем. Той жа прыжмур яго зеленаватых вачэй, той жа да болю знаёмы мне дымок ад цыгарэты. Я глядзеў на яго, і мне ўспамінаўся адзін з пагодлівых, ужо не спякотных, але цёплых і ласкавых асенніх дзён. Шчодра раскашавала ў парку Купалы барвовае, жоўтае, чырвонае лісце. Яго не пачыналі яшчэ згрэбаць і вывозіць з паркаў і сквераў. Ад гэтага лісця, ад яснасці, сонечнасці душу кранала нейкая і адначасна журботлівая радасць.
Угледзеў Міхася Лявонавіча нечакана — адзінокага на лаўцы. Ён сядзеў задумлівы і журботны ў такі святочны восеньскі дзень. Я тады не адважыўся падысці да яго…
Цяпер перада мной сядзеў на многа пасталеўшы і многае перажыўшы чалавек. Мне здалося, што ён адчувае нейкую палёгку. Так бывае з чалавекам, калі ён прыняў рашэнне. Неўзабаве Міхась пачаў працаваць у «Нёмане». Жыццё, на якое, на жаль, заставалася ўжо зусім мала часу, наладзілася і пайшло звыклым парадкам. Пісаліся кнігі. Да прозы Міхась так і не вяртаўся…
Дазволю сабе працытаваць адзін верш з «Ядлоўцавага куста» цалкам.
***
Душа поет не то, что море…
Ф. Цютчаў
Прайшло, мінулася, як дым…Няпраўда. Жыў я не за тым.
Няхай у гордай паняверцыСабе мы кажам «трын-трава», Зусім не тое тчэцца ў сэрцы, Як часам трызніць галава.
І боль, і смех, сваім павевамУскалыхнуўшы сон душы,Памруць, але не згінуць. ДрэвамТакой не дадзена мяжы.
Свайго няма для іх. І травы,Хоць імі прарастаем мы, Не пад цяжарам гнуцца славы,І не ад скрухі лес нямы.
Няхай не так. На гэтым свеце, Калі закончыцца мой век,Жальбу травы усё ж не вецерСпасцігне — родны чалавек.
…Пішучы гэтае эсэ, я перачытваў напісанае Стральцовым і пра Стральцова, Багдановічам і пра Багдановіча, Блока і пра Блока. Паэтаў зусім розных і па часе, і па тэматыцы, і па задачах, якія яны кожны ставілі перад сабою, адным словам, розных, розных, розных бясконца… Але звязаных неаспрэчна адным: талентам, Божай міласцю дадзеным. І яшчэ — кароткасцю свайго быцця на зямлі.
Азірнёмся на трагічна кароткі час у зямным сваім існаванні айчынных творцаў, сусветных. Калі б скласці спіс, якім бы ён атрымаўся жахліва агромністым! У свой час суровы Міхаіл Еўграфавіч Салтыкоў-Шчадрын адназначна сцвердзіў, што літаратура не падуладна тленню. Дык гэтыя дачасныя смерці ці нішто іншае, як даніна, якая збіраецца з пісьменнікаў за іх непадуладнасць смерці, бо праз іх гэтая непадуладнасць прасцягаецца і на ўсё чалавецтва?
Молчат гробницы, мумии и кости, —Лишь слову жизнь дана:Из древней тьмы, на мировом погостеЗвучат лишь Письмена.
Паглядзім на сонечны захад і сонечны ўсход, на іх кругазварот, — аказваецца, ідзе спрадвечнае змаганне святла і цемры, і яно ніколі не бывае бяскроўным.
…Як гэта ўсё было нядаўна і даўно: у шэсцьдзясят восьмым годзе ўжо мінулага стагоддзя і тысячагоддзя, прадстаўляючы рускаму чытачу кнігу прозы маладога Міхася Стральцова «Что будет сниться», Янка Брыль пісаў: «На кожнай стральцоўскай старонцы я перш за ўсё бачу аднаго галоўнага героя — абаяльны вобраз самога аўтара, чалавека культурнага і душэўнага, з вострым позіркам на праўду і няпраўду, сапраўднага інтэлігента з народа, вельмі нядрэнна засвоіўшага шматпакутную, складаную мудрасць часу. Шчыры чалавек, таленавіты пісьменнік ідзе па жыцці з добраю і журботнаю ўсмешкаю. Так хадзілі даўно і нядаўна яго вялікія папярэднікі. З гэтакім жа сумам, шчаслівым болем за ўсіх і за ўсё, горка і радасна ўсведамляючы сябе паэтам. І гэта не сузіральнасць, якой палохаюць нас некаторыя крытыкі, гэта высокая любоў прыгожага, новага, на чым і трымаецца жыццё».
Так праз дзесяцігоддзі ідзе да людзей сваімі творамі Міхась Стральцоў — і не аддаляючыся, а набліжаючыся да новых пакаленняў.