Кастусь Каліноўскі: канфлікт інтэрпрэтацый 150 гадоў пасля
3 траўня адбудзецца публічная дыскусія ў рамках Другой міжнароднай канферэнцыі Інстытута "Палітычная сфера": Аднаўленне Гісторыі: памяць і грамадства ў Цэнтральна-Ўсходняй Еўропе.
Кастусь Каліноўскі перад паўстанцамі. Мастак П.Сергіевіч
2013 год адзначаны выбухам гістарычных дыскусій датычна постаці Кастуся Каліноўскага і Паўстання 1863–1864 гадоў, іх пашырэннем у інтэрнэт-прасторы, што ў значнай ступені звязана з юбілейным характарам гэтага года (150 год Паўстання).
Яшчэ ў савецкія часы Каліноўскі стаў адной з ключавых фігур у беларускай гісторыі, па выніках сацыялагічных даследаванняў гэта адна з найбольш вядомых гістарычных асоб у Беларусі. Але чым далей, тым больш выяўляюцца цяжкасці ў адназначнай інтэрпрэтацыі поглядаў Каліноўскага і характара паўстання. Паўстанне адбывалася ў час пераходу ад польскага патрыятызму да нараджэння нацыянальных патрабаванняў, і сам прамежкавы стан лозунгаў і ідэяў паўстання нараджае відавочныя цяжкасці ў далейшых тлумачэннях. Да таго ж фокус абмеркаванняў Каліноўскага і Паўстання 1863–1864 гадоў супадае з актуальнымі і нявырашанымі пытаннямі беларускага нацыябудаўніцтва (суадносіны ліцвінскай і русінскай традыцый, праваслаўя і каталіцызму, арыентацыі на Еўропу ці Расію).
Якім жа чынам мы можам зразумець Паўстанне пад кіраўніцтвам Каліноўскага 150 год пасля? Што нам дае гістарычная навука для такой інтэрпрэтацыі? Чым абумоўленыя крытычныя выпады і абвінавачанні ў фальсіфікацыі? І наколькі беларуская памяць пра Паўстанне 1863–1864 гадоў адрозніваецца ад польскай і літоўскай версій гэтай падзеі?
Пра гэта пойдзе мова на публічнай дыскусіі “Кастусь Каліноўскі і паўстанне 1863–1864 гадоў: канфлікт інтэрпрэтацый 150 гадоў пасля”, якая адбудзецца 3 траўня ў гатэлі Crowne Plaza (Кірава, 13), зала Princess II. Пачатак дыскусіі — 18.00. Уваход вольны!
Арганізатарамі дыскусіі выступілі: Інстытут палітычных даследаванняў “Палітычная сфера”, Міжнародны кансорцыюм “ЕўраБеларусь”, Інстытут ВКЛ (Коўна, Літва).
У якасці дыскутантаў запрошаныя: доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук (Інстытут славістыкі Польскай акадэміі навук), доктар гісторыі Дарус Сталюнас (Інстытут гісторыі Літвы), доктар гісторыі Ян Шумскі (Інстытут гісторыі навукі Польскай акадэміі навук), Андрэй Ціхаміраў (Інстытут гісторыі навукі Польскай акадэміі навук).