Кастусь Каліноўскі — нязручны герой
«Каліновец» — гэта не прыналежнасць да польскага навучальнага закладу, а нацыянальная азнака: роўна як «бандэравец», «маскаль» альбо… «бульбаш».
Кастусь Каліноўскі
«…Замоўчваецца яго [Каліноўскага] роля ў арганізацыі масавага тэрору супраць суайчыннікаў, калі за адзін месяц забівалі да 600 нязгодных», — гэта не Гігін у перакладзе на беларускую мову, і нават не цытата з падручніка Трашчанка. Гэта — усяго адзін сказ з артыкула Віктара Хурсіка «Невядомае паўстанне 1863 года» ў адной буйной незалежнай газеце.
Артыкул нібыта антымаскоўскі: даволі маляўніча апісваюцца казакі, нагайкі, спаленыя маёнткі, але пры гэтым паўстанцы аказваюцца такімі ж бандытамі, як і расейскія рэгулярныя часткі. Чаму так?
Хурсіка зразумець не складана. Аўтар працы «Кроў і попел Дражна», пра вёску, спаленую падчас вайны чырвонымі партызанамі з атраду імя Кутузава, проста перакладае стэрэатып Другой сусветнай вайны, дзе беларусам сапраўды былі чужымі абодва бакі, на Паўстанне 1863 года. Але чаму паўстанне? Чаму Каліноўскі?
Знішчэнне нацыянальнага міфу праз знішчэнне герояў — азнака прыніжаных нацыяў, якія знаходзяцца пад акупацыяй. Так пасля вайны было з Японіяй адносна традыцыйнага культу самураяў. Германія — наогул асобны выпадак: дастаткова пацікавіцца апошнімі пастановамі операў Вагнера ў Байрэйце, дзе Вальхала — офіс вялікай кампаніі, у якім валькірыі фарбуюць сабе пазногці, не адыходзячы ад працоўнага месца…
Каліноўскі, асоба нацыятворная, безумоўна, герой нязручны. Шляхціц, а не лайдак з вясковымі комплексамі. Уніят, а не камуна-атэіст разліву РПЦ. Жорсткі да сябе і іншых, а не памяркоўна-рахманы слязлівы арганізатар тэатральнага гуртка, які на першым жа допыце закладае ўсіх. «Адмарозак», а не палітык, чэгевараўскі тыпаж.
Як вядома, Чэ пакінуў міністэрскую пасаду на Кубе, каб працягнуць справу рэвалюцыі ў Конга, Балівіі… Без сумневу, Каліноўскі зрабіў бы таксама, бо не быў створаны для наменклатурнай, спакойнай «стваральнай» працы. Апісанне Кастуся верагодней за ўсё з’явілася б у паліцэйскіх арыенціроўках Палтаўшчыны, Кубані, а мажліва, на Балканах ці Каўказе, у выпадку перамогі Паўстання ў Літве.
«Дэструктыўная асоба», — скажа нехта. Мажліва. Роўна як Цэзар, Аляксандр Вялікі, Напалеон, якія па сутнасці не прынеслі шчасця сваім народам, а закідалі трупамі палову свету. Зрэшты, французаў не вельмі бянтэжыць гэты факт, калі менавіта Банапарта яны лічаць закладальнікам асноў сучаснай французскай дзяржавы і бясконцай крыніцай натхнення для мастакоў, рэжысёраў, пісьменнікаў, нас з вамі ў школьныя гады.
Стаўленне да Каліноўскага — індыкатар стаўлення асобы ці партыі да беларускага нацыяналізму ў прынцыпе. З Каліноўскага пачынаецца Беларусь, а разам з ёй — і наш нацыяналізм. Запавет «Яські гаспадара з-пад Вільні»: «Народзе, тады толькі зажывеш шчасліва, калі над табою маскаля ўжо не будзе!», актуальны зараз, як і 150 год таму. Пад ім падпішацца і паважаны «фронтавец» з дзвюма вышэйшымі адукацыямі, і барысаўскі фанат-ультрас, прадстаўнікі нацыі «каліноўцаў», якія неяк ужываюцца ў адным доме з «бульбашамі». Адна краіна — дзве нацыі…
Блытаніна ў ацэнках фундаментальных гістарычных асобаў і з’яваў — справа не сённяшняга дня. Гісторык і літаратар Панцеляймон Куліш, аўтар першага ўкраінамоўнага гістарычнага рамана пра Сеч, таксама блытаўся ў ацэнцы казакоў, то рамантызуючы іх, то прадстаўляючы бандытамі і забойцамі.
Што казаць, калі расейцы дагэтуль не разабраліся ў ацэнцы Івана Жахлівага, Пятра І, Сталіна… Жах і веліч у адным флаконе, як і ўсё, зрэшты, у нашых экстравагантных усходніх суседзяў. Калі прыбраць з гісторыі крывавых катаў ды іх прыхільнікаў — нікога не застанецца, акрамя Дастаеўскага. Калі пакінуць — варта забараніць Фёдара Міхайлавіча і выкрасліць са школьнай праграмы: каб у дзяцей не адбывалася падваення асобы. Хаця, мажліва, у гэтым і ёсць сімвалізм двухгаловай шэльмы?..
Гуманізм, якім, мажліва, кіруецца Хурсік, як вядома, так і не выпрацаваў ніводнага героя, акрамя абстрактнага «агульначалавека» — у ідэале яшчэ і ахвяры. Габрэі, дарэчы, як хрэстаматыйныя ахвяры ў найноўшай гісторыі, абмяжоўваюць гэтую сваю нацыянальную асаблівасць музеем Халакосту і садам Яд-вашэм. Далей пачынаюцца блокпасты і памежныя заставы… Такі комплекс і робіць сучасную нацыяю жыццяздольнай.
Эпітэт «каліновец», як і «бандэравец», яшчэ доўга будзе ўспрымацца спрэчна ў сваёй айчыне — відаць, не прайшло тых 40 гадоў блукання па пустыні, патрэбных для змены пакалення і пачатку новага жыцця нацыі. З верагоднасцю, аднак, можна сказаць, што «бульбашы», якія рызыкнулі выйсці з Егіпту, назаўсёды застануцца там, на Сінайскай паўвыспе. Спіце ж спакойна, дарагія браты!