Чорны замак: беларуская экзотыка для маскоўскіх гаспадарчыкаў
Чырвона-зялёныя сцягі на вуліцах — як заўжды. Менскі кінатэатр. На тэлевізійных экранах замест рэкламы — пракуроры, разгоны дэманстрацый і суворыя папярэджанні без гукаў і музыкі. Афішы. Падлічым: рускі фільм, рускі фільм, рускі фільм, мультфільм для дзяцей (рускі), сіратліва схавалася ў закутку скрадзеная галівудская стужка, і вось сёння — руска-беларускі фільм (няўжо?).
У немаленькай кіназалі — чалавек з дзесяць: гэта вельмі шмат, як для беларускага фільма. Мала таго, у нядзелю людзі прыйшлі на фільм добраахвотна, бо настаўнікаў са спісамі сагнаных школьнікаў не відаць.
На экране акцёры, убраныя шляхцічамі, нешта крычаць і вяла махаюць мячамі. Героі, ані печаныя, ані вараныя, мантаж пяшчотны, як у мыльных операх для тых, каму за 80. За бойкаю купкі статыстаў, якія без энтузіязму робяць выгляд, што яны войска, назіраюць з пагоркаў акцёры-палкаводцы і аслупянелая актрыса: умоўна-гістарычныя касцюмы на іх таксама не сядзяць. Раптам малады персанаж з фальшываю барадзёнкай, ахнуўшы, падае на зямлю — і ягоная галава заліваецца густым вішнёвым сокам. З крыкам абуджаецца хіпстар: за ягонымі вушамі такія ж вішнёвыя плямы.
Так пачынаецца карціна «Чорны замак Альшанскі» паводле аднайменнай аповесці Уладзіміра Караткевіча. Не будзем пераказваць сюжэт вядомай кнігі, дзе герой Антон Косміч разблытвае старадаўнія і сённяшнія злачынствы, сцвярджаючы права на беларускую гісторыю і беларускую годнасць.
Цяперашняя экранізацыя кнігі Караткевіча не мае нічога агульнага з ейным духам і нават з духам тэлевізійнай стужкі Міхаіла Пташука (1984), што была першай кінаадаптацыяй аповесці.
«Чорны замак» 2024 — гэта беларуская экзотыка для маскоўскіх гаспадарчыкаў, пазбаўленая атмасферы, адсутнасць якой спрабуюць скрыць таннымі эфектамі і пустой мітуснёй. Пры гэтым ідэалагічныя акцэнты расстаўленыя згодна з поглядам новых гаспадароў.
Так, шляхта ў фільме — гэта брудныя і калматыя варвары, неахайна загрыміраваныя, быццам іх усіх — на чале з Русланам Чарнецкім — аблілі гарачым клеем. Кароль Жыгімонт, чый вобраз у фільме нішчымна-карыкатурна спісаны з карціна Яна Матэйкі «Стэфан Баторый пад Псковам», — гладзенькі садыст, які цешыцца, калі абражае кабету ці калі кагосьці вешаюць. Лятучыя гусары, сярод якіх, дарэчы, былі і беларусы — яшчэ з часоў гістарычнага фэнтэзі Уладзіміра Хаціненкі «1612» — нягодна-паскудныя істоты, з чым цалкам згодны і гэты фільм. Затое сапраўдная гістарычная вера ў карціне пазначаная адназначна: праваслаўе.
Нарэшце, беларуская мова, якая складала сэрца кнігі, у фільме, нягледзячы на малітву гераіні (дарэчы, з рускім акцэнтам) — гэта мова ворага, ці, прынамсі, шыфроўка ворага.
Постацям з няправільнай фанетыкай супрацьпастаўленае ў карціне блядое, хіпстарскае і лядашчае гаспаддзё з выразнай маскоўскай гутаркай. Што праўда, герой карціны, маладзейшы за героя кнігі разы ў два, чытае лекцыю ў Нацыянальнай бібліятэцы, крочыць вуліцай Якуба Коласа і мае офіс у Траецкім. Але ўсе гэтыя мясцовыя пазнакі — толькі кічаватая рэклама для расейскіх турыстаў, сапраўдных паноў і ўладароў.
Нягледзячы на гучныя абяцанні, стужка пакідае ўражанне нішчымнасці і ўбоства. Масоўка куцая і безаблічная, адмысловыя эфекты зляпаныя на каленцы, дэкарацыі танныя, нават рэквізіт настолькі бутафорскі, што гісторыю адмаўляе, а героі жывыя, як штампаваныя лялькі.
Прыгодніцкі фільм, а тым болей фэнтэзі не мусяць быць гістарычна дакладнымі, але фантазіі і прыгоды проста абавязаныя быць эфектнымі. «Чорны замак» з рэквізітам рыцарскага сельскага клуба выглядае голым, амаль безбюджэтным, падаецца, калі што і было, то ўсё пакралі і распілілі. Дарэчы, сярод абакрадзеных і амерыканскі класік Орсан Уэлс, чый фінал «Чужаземца» абгаджаны дэманічнымі метамарфозамі (?!) быццам бы беларускага ліхадзея. Але каго сапраўды абрабавалі — дык гэта Караткевіча і ягоных чытачоў. Гісторыя — пакутлівая, жывая, гарачая — стала пластыкава-фантазійнай, ліхаманкава-чужою і прысабечанай (высокаю мовай кажуць пра каланіялізм і апрапрыяцыю).
Увогуле, эстэтыка карціны — тэлевізійна-трэшавая, што асабліва заўважна на вялікім экране (а чаго чакаць: рэжысёр — маскоўскі смеццяроб, ад фільмаў якога плююцца нават у Расеі, які, нарэшце, ашчаслівіў беларусаў прадуктамі свайго арганізму). Праўда, калі пусціць гэтую стужку па тэлевізары, то яна будзе выглядаць весялей за сумных пракурораў і рапартаў пра шчаслівае жыццё.
Адзін маскоўскі крытык паспрабаваў «старамоднага фэнтэзі з прысмакам трэшу» і нават паблажліва заявіў — увага! — пра матрыцу «оцечаственнага жанру»! Так што, забудзьце, што «Чорны замак» калісьці быў беларускім. Цяпер — ён расейскі. Назаўжды.
У забраным краі прыйшла чарга забраць і душу.
Гледачы сядзелі, маўчалі, а потым разыходзіліся з пацямнелымі тварамі; ніхто не сказаў ані слова.
Чырвона-зялёныя сцягі нізка вісяць.