Ці атрымаецца выхаваць «інтэрнэт-патрыётаў» ў беларускіх школах?
Не паспела Міністэрства адукацыі ўвесці ў сярэдняй школе факультатыў «Уводзіны ў прафесію журналіста», як за ім з’явіўся яшчэ адзін факультатыў — «Я і мая краіна ў глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт». Абодва прадметы ўводзяцца для навучэнцаў VIII–IX класаў сярэдняй школы. Факультатыў разлічаны на 69 гадзін.
Галоўная мэта новага навучальнага курса — «фармаванне грамадзянскасці і патрыятызму», дый мэты адпаведныя: «выхаванне пачуцця гонару за сваю краіну і яе дасягненні і напісанне арыгінальных тэкстаў патрыятычнай скіраванасці», а таксама «падбор ілюстрацый, стварэнне сцэнарыяў радыёперадач і відэаролікаў, размяшчэнне і прасоўванне іх у Інтэрнэце», паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.
У выніку навучэнцы мусяць навучыцца ствараць кантэнт інтэрнэт-старонак, вызначаць мэтавую аўдыторыю, пісаць тэксты ў розных жанрах.
Навучэнцам хочуць паказаць, як працаваць з тэкстамі, фота і відэа, будуць расказваць пра бяспеку ў інтэрнэце, растлумачыць, што такое «кантэнт», як працуюць пошукавыя сістэмы (прычым акцэнт робіцца на расійскім Яндэксе), сацыяльныя сеткі, форумы, анлайн-дзённікі, мэсэнджары. І пра тое, якую інфармацыю пра сябе варта выкладаць у інтэрнэт, а якую не варта. Вучняў таксама хочуць навучыць, як весці перапіску і стасавацца па відэасувязі, навучыць грамаце і этыкету.
Васьмікласнікі па выніках факультатыва мусяць зрабіць прэзентацыю праекта (вэб-старонка, акаўнт, калаж, макет) і абараніць яго.
А дзевяцікласнікам давядзецца падрыхтаваць аўтарскі анлайн-дзённік пра неабсяжную любоў да радзімы: турызм, прырода, гісторыя, дасягненні навукі, культуры і атамнай энергетыкі.
Відавочна, беларуская прапаганда яўна адчувае хранічны дэфіцыт кадраў. Улада спрабуе гадаваць прапагандыстаў з падлеткавага ўзросту.
Што не так з пражэктамі Мінадукацыі?
Беларускіх журналістаў рыхтуюць тры ВНУ: Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы і ГДУ імя Францыска Скарыны ў Гомелі.
Сёлета ў БДУ конкурс на спецыяльнасць «Журналістыка» склаў 1,07 чалавека на месца (79 заявак на 74 месцы + 6 «мэтавікаў» па-за конкурсам), на спецыяльнасць «Інфармацыя і камунікацыя» конкурс яшчэ ніжэйшы — 1,05 чалавекі на месца (44 заяўкі на 42 месцы).
Платнае аддзяленне на факультэце журналістыкі ліквідавана, бо платнікаў немагчыма прымусіць працаваць у дзяржаўных СМІ.
Ірына Сідорская, якая працавала загадчыцай кафедры тэхналогій камунікацый і сувязей з грамадскасцю журфака БДУ да 2021 года, мяркуе, што новаўвядзенні беларускіх уладаў прадыктаваныя нежаданнем выпускнікоў «паступаць на журфак, а таксама існуе кадравы голад у рэдакцыях».