Беларусы ў Маскве або, хто такі Багдановіч-Дваржэцкі

На расійскім тэлеканале «365» у перадачы «Пешком по Москве» прагучала прозвішча Фамы Багдановіча-Дваржэцкага, архітэктара аднаго з двух каталіцкіх касцёлаў Масквы — Беззаганнага зачацця Дзевы Марыі, што на Малой Грузінскай. 

2_catholic_cathedral_moscow_before_renovation1980.jpg

Касцёл Беззаганнага зачацця ў 1980-я гады

Мала хто ведае, што архітэктар — беларус, з мсціслаўскай шляхты. А кіраваў будаўніцтвам Аляксандр Лядніцкі, адзін са стваральнікаў партыі кадэтаў, дэпутат I Дзяржаўнай думы ад Мінскай губерні, прыхільнік незалежнасці польскіх, беларускіх і літоўскіх зямель.

На скрыжаванні часоў

Месца, дзе знаходзіцца сабор, было культавым у неафіцыйнай культуры Масквы 1970–1980-х, бо насупраць, у доме №27, з 1975 года жыў Уладзімір Высоцкі, а ў паўпадвале таго ж дома месцілася зала Маскоўскага аб’яднанага камітэту мастакоў-графікаў, дзе адбываліся выставы мастакоў-нонканфармістаў. Іх так і звалі — «мастакі з Малой Грузінскай».

1_korjun_nagapetjan_ararat_1978.jpg

Карун Нагапецян, лідар 20-кі нонканфармістаў. Арарат. 1978

Я і сам калісьці, стоячы ў даўжэзных чэргах на тыя выставы, назіраў знявечаны на той час, са знесенымі вежамі, але ўсё роўна велічны гмах касцёла. Бо храм зачынілі ў 1938-м, а з 1956-га ім валодаў НДІ «Мосспецпрампраект». Толькі ў 1996-м, пасля 6 гадоў змагання, касцёл вярнулі вернікам.

У 1729 годзе гэты раён быў падараваны збегламу (у выніку канфлікту інтарэсаў паміж Расіяй, туркамі і персамі) грузінскаму цару Вахтангу Леванавічу Баграціёну-Мухранскаму і яго шматлікай свіце. Цару, які першым надрукаваў «Віцязя ў тыгравай скуры» Руставелі і апрацоўваў старыя летапісы. Тут утварылася каля 70 двароў грузін.

Індустрыялізацыя раёна Прэсні і, адпаведна, забудова Малой Грузінскай даходнымі дамамі пачаліся ў 1870-я гады. Зрэшты, як і захады для атрымання зямлі каталіцкім прыходам, які налічваў некалькі тысяч чалавек, у значнай ступені службоўцаў Варшаўскага накірунку чыгункі, распачаліся ў 1894-м.

Грошы на будову храма ўнеслі 30 тысяч чалавек «польскай» абшчыны Масквы. Колькі там было рэальных палякаў, а колькі каталікоў-беларусаў, украінцаў ці літоўцаў — сказаць зараз цяжка. Расійская гістарыяграфія на такія пытанні адказаў звычайна не дае.

Род і кар’ера

Родапачынальнік Багдановічаў-Дварэцкіх, Сямён Фёдаравіч Дварэцкі, мсціслаўскі шляхціц, жыў у XVI стагоддзі і быў пажалаваны зямлёю ў Аршанскім павеце ў 1554 годзе. Яго ўнукі, Пётр і Ян, сталі пісацца Багдановічамі, і гэты назоў зрабіўся прозвішчам. Частка «Дварэцкі» (з пераходам роду ў каталіцтва) набыла спольшчаную форму. Карысталася сям’я, хутчэй за ўсё, гербам «Лада» (хаця былі іх сваякі, якія насілі гербы «Роля» і «Астоя»).

3_lada.jpg

Герб «Лада»

Сын Юзэфа (Восіпа), апошняга павятовага маршалка віцебскай губерні, Томаш (або ў расійскай версіі Фама Восіпавіч) нарадзіўся ў Віцебскай губерні ў 1859 годзе. А адукацыю атрымліваў ужо ў Санкт-Пецярбургу, дзе ў 1885-м са званнем класнага мастака архітэктуры 1-га разраду скончыў Імператарскую акадэмію мастацтваў. Ужо ў 1890 годзе ён быў акадэмікам архітэктуры, з 1892-га — ад’юнкт-прафесарам. Выкладаў у Маскве, у Вучэльні жывапісу, ваяння і дойлідства.

Багдановіч-Дваржэцкі назіраў, будаваў і кіраваў рознымі праектамі (Рыжскі вакзал і Дом бясплатных кватэр імя Бахрушыных для ўдоў і сірот у Маскве), але ў асноўным праславіўся як праектант неагатычных касцёлаў, з якіх найбольш вядомыя — у Самары і Маскве.

Яго кар’ера рухалася паспяхова. Фама Восіпавіч з 1899-га — сябра Архітэктурна-тэхнічнага савету Будаўнічага аддзелу Маскоўскай гарадской управы, чалец Конкурснага сходу Строганаўскай вучэльні, захавальнік музея пры той жа ўстанове. Нарэшце, сябра Маскоўскага архітэктурнага таварыства і ўладальнік уласнай сядзібы ў Малым Васільеўскім завулку. Нават і пасля 1917 года ягоныя здольнасці спатрэбіліся ў Будаўнічых аддзелах Савета раённых дум Масквы.

Зразумела, яго абранне праектантам грандыёзнага касцёла Беззаганнага зачацця Дзевы Марыі на Малой Грузінскай, храма на 5000 вернікаў, сталася невыпадковым. Тым болей, што кіраваў будаўніцтвам ягоны зямляк, ураджэнец Міншчыны, Аляксандр Лядніцкі (15 ліпеня 1866 — 11 жніўня 1934, Варшава). Спаланізаваны беларус, ён пакінуў яскравы след у пераломныя дзесяцігоддзі беларускай і польскай гісторыі.

Лёс Лядніцкага

Пасля заканчэння рускай Мінскай гімназіі, дзе атрымліваў пакаранні за размовы па-польску, адвучыўся на юрфаку Маскоўскага ўніверсітэта. Ужо тады наладзіў сувязі з польскімі нелегальнымі гурткамі, сышоўся з выдатнымі прадстаўнікамі расійскай інтэлігенцыі і апазіцыйных колаў.

Высланы з Масквы за ўдзел у дэманстрацыі, праз паўгады вярнуўся, ажаніўся з зямлячкай з Беларусі, Марыяй Адляніцкай-Пачобут, і ўжо ў 1889 годзе пачаў юрыдычную практыку. З 1893 года Лядніцкі — сакратар Рыма-каталіцкага дабрачыннага таварыства ў Маскве, з 1896-га — яго прэзідэнт. І калі на чале камітэту па будове новага касцёла стаў прэлат парафіі Антоні Васілеўскі, з юрыдычнага боку апякаць працэс паўстання святыні ўзяўся Аляксандр Лядніцкі.

4_lednickia.jpg

Аляксандр Лядніцкі

Чым ён яшчэ цікавы? Заснавальнік партыі кадэтаў. У 1906 годзе, па пратэкцыі знакамітага будаўніка Чырвонага касцёла ў Мінску і шматгадовага лідара Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі Эдварда Вайніловіча, быў абраны дэпутатам I Дзяржаўнай думы ад Мінскай губерні. Там узначаліў Саюз аўтанамістаў (фракцыю, якая ставіла супольнай мэтай работы ў Дзярждуме ўвядзенне дэцэнтралізацыі кіравання нацыянальнымі рэгіёнамі імперыі і ўлічванне інтарэсаў нярускага насельніцтва дзяржавы).

Лядніцкі эвалюцыянаваў усё жыццё, і, калі ў верасні 1889 года ён хаваў у сваім маскоўскім доме пасля першых уцёкаў з Сібіры Дзяржынскага, то спрацавацца з савецкай уладай на мяжы 1917–1918 ужо не здолеў, і з кастрычніка жыў у Варшаве.

Яшчэ раней, пад уплывам паразы Расіі ў Першай сусветнай вайне, канчаткова зрабіўся прыхільнікам незалежнасці польскіх, беларускіх і літоўскіх зямель, чаму ўласна і парваў з кадэтамі. У Варшаве яго ўспрымалі прахалодна, асабліва калі ён увайшоў у Польска-беларускае таварыства для палітычнага і культурнага супрацоўніцтва ў Беларусі, створанага для дасягнення федэратыўнага саюза Беларусі і Польшчы і выратавання свабоды і палітычнай незалежнасці першай у саюзе з другой ва ўмовах польска-савецкай вайны 1919–1920-х гадоў. Тут Лядніцкі зноў сустрэўся з Эдвардам Вайніловічам, а таксама з Лявонам Дубейкаўскім і дзеячамі БНР. Канчаткова іх намаганні пахавала Рыжская дамова 18 сакавіка 1921 года.

Адраджэнне сабора

Але вернемся да архітэктуры. Велічэзны гмах касцёла Беззаганнага зачацця, кошт будаўніцтва якога напачатку ХХ стагоддзя склаў 300 тысяч залатых рублёў, адраджалі маскоўскія палякі — культурная асацыяцыя «Польскі дом».

12 снежня 1999 года, пасля трох гадоў працы, дзяржаўны сакратар Ватыкану кардынал Анджэла Садана ўрачыста асвяціў сабор. На бакавых вежах адноўленай трохнэфавай крыжападобнай псеўдабазілікі — гербы папы Яна Паўла ІІ і арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча.

Гэта яшчэ адзін беларус, звязаны з саборам — гэтым разам службай, калі ён быў старшынёй Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Расійскай Федэрацыі (1999–2005) і ардынарыем ды біскупам-мітрапалітам Архіепархіі Маці Божай (з цэнтрам) у Маскве (2002–2007). Арцыбіскуп спрыяў прыдбанню 5 вялізных катэдральных званоў, адзін з якіх носіць імя Св. Фадзея (Тадэвуша), а 16 студзеня 2005 года асвяціў адноўлены арган.

Здавалася, архітэктара сабора Фаму Багдановіча-Дваржэцкага мы маглі б назваць традыцыяналістам і кансерватарам: у архітэктуры яго твора прачытваюцца формы гатычнага сабора Вестмінстэрскага абацтва, а купал нагадвае навершша Міланскай катэдры.

5_moscow_catholic_church_in_presnya.jpg

Касцёл Беззаганнага зачацця пасля рэстаўрацыі

Толькі такая выснова не зусім справядлівая. Любімы і галоўны вучань Фамы Багдановіча-Дваржэцкага — Канстанцін Мельнікаў, архітэктар, мастак і выкладчык, лідар авангарду ў савецкай архітэктуры 1920–1930-х гадоў. Гэта ягоны Павільён СССР на Міжнароднай выставе сучасных дэкаратыўных і прамысловых мастацтваў у Парыжы (1925) і знакаміты круглы Дом Мельнікава з 6-граннымі вокнамі — маніфесты новага стылю 1920-х. Таго самага, убачыўшы які ў студэнцкіх працах 24-гадовага навучэнца, у 1914-м Багдановіч-Дваржэцкі сказаў знакамітае: «Ёсць штыль!».