101 год аднаўлення дзяржаўнасці беларускай мовы

У БНР афіцыйныя акты, дакументы, перапіска паміж дзяржаўнымі ўстановамі павінны былі весціся па-беларуску. Гэта было абавязковым у справаводстве БНР 101 год таму і не абавязковае ў сучаснай Беларусі.

24210125_1134602066670634_4452712113623389473_o.jpg

Хацелася б нагадаць, што Трэцяя Устаўная грамата была прынятая Радай БНР 25 сакавіка 1918 года, і згодна з ёй Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчалася незалежнай дзяржавай. Пацвярджаліся таксама правы і вольнасці грамадзян і народаў Беларусі, абвешчаныя Другой Устаўной граматай, у тым ліку і роўнасць усіх моваў народаў Беларусі. У развіццё Трэцяй Устаўной граматы Народны Сакратарыят БНР прыняў пастанову аб тым, што беларуская мова аб’яўляецца дзяржаўнай, але нацыянальныя меншасці маюць права карыстацца сваёй мовай у стасунках з дзяржаўнымі ўстановамі БНР. У той жа час афіцыйныя акты, дакументы, перапіска паміж дзяржаўнымі ўстановамі БНР павінны весціся па-беларуску. Гэта было абавязковым у справаводстве БНР 101 год таму і не абавязковае ў сучаснай Беларусі.

Пастанова Міністэрства юстыцыі №4 ад 19 студзеня 2009 года «Аб зацвярджэнні інструкцыі па справаводстве ў дзяржаўных органах і арганізацыях Рэспублікі Беларусь» (далей — Інструкцыя па справаводстве) з’яўляецца асноўным дакументам, што рэгулюе афіцыйнае справаводства. Пункт 30 Інструкцыі па справаводстве абавязвае вырабляць бланкі з рэквізітамі на абедзвюх мовах. Гэта правіла распаўсюджваецца на арганізацыі і ўстановы любой формы ўласнасці. Пункт 69 Інструкцыі па справаводстве вызначае, што мовамі справаводства і дакументацыі з’яўляюцца беларуская і руская мовы. У Інструкцыі па справаводстве не прапісаны дэтальны парадак ужывання дзяржаўных моваў. Адсутнасць у Законе «Аб мовах» і ў Інструкцыі па справаводстве парадку вызначэння адной з прадугледжаных альтэрнатыў нярэдка вядзе да парушэння права грамадзяніна на ўжыванне яго роднай мовы і ставіць яго ад пачатку ў невыгоднае становішча, калі ён пазбаўлены інфармацыі на адной з дзяржаўных моваў.

Павінна быць забяспечана магчымасць для кожнага грамадзяніна атрымаць інфармацыю на той дзяржаўнай мове, на якой ён пажадае. Таму неабходна забяспечыць магчымасць альбо хуткага і афіцыйнага перакладу неабходных звестак, што запытвае ў арганізацыі грамадзянін, на дзяржаўную мову, на якой справаводства не вядзецца, або неабходна забяспечыць адначасовае стварэнне, выданне і прыняцце дакументаў, што могуць закранаць правы і законныя інтарэсы грамадзян, адразу на дзвюх дзяржаўных мовах. Гэта дазволіць на практыцы рэалізаваць канстытуцыйную норму аб дзяржаўнасці беларускай мовы ў справаводстве і ўзаемаадносінах суб’ектаў з дзяржаўнымі ўстановамі і іншымі арганізацыямі.

А зараз, як мы вам і абяцалі, прыводзім вынікі народнага галасавання «Самы беларускамоўны футбольны клуб — 2018». Апытанне праводзілася ў некалькі тураў, і ў ім удзельнічалі ўсе 46 клубаў Вышэйшай, Першай і Другой ліг нацыянальнага чэмпіянату. У фінал прайшлі 7 камандаў. Гэта былі «Нёман», мінскае «Тарпеда», «Дняпро», «Крумкачы», «Гарадзея», «Белшына» і «Граніт», якія прызнана лічацца флагманамі беларускай мовы ў беларускім футболе. Самым жа беларускамоўным па версіі карыстальнікаў сацыяльных сетак (у фінальным апытанні прынялі ўдзел 1996 чалавек) быў прызнаны гродзенскі «Нёман». Ён на 150 галасоў абышоў мінскае «Тарпеда». Трэцяе месца заняў НФК «Крумкачы», што адстаў ад «Тарпеда» на 70 галасоў.

Для «Нёмана» гэта не першая перамога — у 2016 годзе ён ужо перамагаў у аналагічным народным галасаванні, а ў 2017-м быў прызнаны самым беларускамоўным клубам у ТОП–150 Рэйтынгу «Самы беларускамоўны спартовы клуб Беларусі», які з 2014 года складае ініцыятыва «Умовы для Мовы». Мы шчыра дзякуем «Нёману», прызёрам і фіналістам апытання, а таксама ўсім клубам, што выкарыстоўваюць беларускую мову ў сваім спартовым жыцці — гэта годная пазіцыя для камандаў нацыянальнага чэмпіянату.

Што тычыцца рэйтынгу «Самы беларускамоўны спартовы клуб Беларусі — 2018», то яго вынікі мы падвядзем у красавіку і абавязкова паведамім вам у гэтай калонцы. У гэтым годзе будзе складацца ТОП–130 самых беларускамоўных камандаў.

Нагадваем, што на скрыню umovymovy@gmail.com вы можаце даслаць пытанні да аўтараў калонкі, свае пажаданні і прапановы, а таксама цікавыя гісторыі, звязаныя з выкарыстаннем беларускай мовы ў Беларусі, і ваш вопыт абароны сваіх моўных правоў.