«Зверху была дадзена каманда разабрацца». У Гродне «зачышчаюць» фанацкі сектар «Нёмана»

Пасля загаду Лукашэнкі «зачысціць» краіну сілавікі робяць аблавы не толькі ў сталіцы, але і ў іншых гарадах і мястэчках. Дайшлі нават да лецішчаў! А ў Гродне ўжо тыдзень адбываюцца затрыманні заўзятараў хакейнага клуба «Нёман».

У Гродне затрымалі некалькі дзясяткаў заўзятараў мясцовага хакейнага клуба. Ілюстрацыйнае фота: hcneman.by

У Гродне затрымалі некалькі дзясяткаў заўзятараў мясцовага хакейнага клуба. Ілюстрацыйнае фота: hcneman.by


Рэжым Лукашэнкі працягвае тэрарызаваць насельніцтва краіны, а пасля дыверсіі ў Мачулішчах рэпрэсіі толькі набіраюць абароты. На мінулым тыдні пад каток антыбеларускай сістэмы патрапілі заўзятары хакейнага клуба «Нёман».

Цяпер фан-сектар «Нёмана» зноў пустуе: актыўных заўзятараў у Гродне затрымліваюць і саджаюць на суткі. Падрабязнасці гэтай сітуацыі паведамляе тэлеграм-канал «О, спорт! Ты — мір!».

Масавы хапун заўзятараў «Нёмана»

З верасня і да нядаўняга часу заўзятары наведвалі хатнія паядынкі «Нёмана», ездзілі на гасцявыя сустрэчы. І ў іх не было праблем з сілавікамі, якіх на трыбунах традыцыйна хапае. Як піша «Тр*буна», «у актыўных заўзятараў «Нёмана» была дамоўленасць з [так званай] міліцыяй, што заўзятары будуць паводзіцца максімальна карэктна, а [так званая] міліцыя не будзе іх чапаць. Нібыта атрымалася гэтага дасягнуць не без дапамогі клуба».

Але ідылія раптам скончылася. 14 сакавіка стала вядома, што вось ужо некалькі дзён у Гродне затрымліваюць фанатаў. Быў затрыманы і лідар руху фанатаў Сяргей Емяльянаў. Людзі, знаёмыя з сітуацыяй, расказалі падрабязнасці «аблавы».

— Насамрэч для ўсіх гэта стала сапраўдным шокам. Так, заўзятараў у Беларусі і раней затрымлівалі, яны былі пад «каўпаком» у сілавікоў, бо гэта ж для рэжыму «небяспечныя элементы грамадства». Але тое, што адбылося з фанатамі «Нёмана»… Усё было спакойна, а тут — у адзін момант, і такі масавы хапун. Хаця, аб'ектыўна, можна было меркаваць, што ў сённяшняй Беларусі такое рана ці позна здарыцца.


9 сакавіка затрымалі Емяльянава. Ён выйшаў з дома ў краму, і проста ля пад'езда яго забралі. На наступны дзень пачалі затрымліваць астатніх прадстаўнікоў фан-сектара. Кагосьці дома, кагосьці — на працы ці на месцы вучобы. Я нават ведаю, што некаторыя проста ішлі пасярод дня на абед — і трапіліся. Прычым бралі не толькі хлопцаў, але і жанчын, і нават маладых дзяўчынак. А некаторых бралі адразу пасля матча «Нёмана» з «Хімікам» 11 сакавіка. Гэта значыць, некаторыя з сектара чамусьці яшчэ не былі ў курсе, што робіцца, прыйшлі на арэну, а на выхадзе іх «прынялі». Рэальна, фан-сектар практычна запаўняўся на хатніх матчах да апошняга, аж да таго, як пачалі затрымліваць заўзятараў. Ездзілі людзі і на гасцявыя матчы. Але некалькі дзён таму сітуацыя змянілася кардынальна. Затрымалі каля 15-20 чалавек. Наколькі ведаю, 13 сакавіка на фан-сектары былі людзі, але гэта, як кажуць, БРСМаўцы і іншыя «заўзятары».

Прымус да «паслушэнства»?

— Што цяпер з затрыманымі?

— Кажуць, кагосьці адпусцілі, кагосьці не, але пацвердзіць ці абвергнуць гэтую інфармацыю не магу. Усё на ўзроўні чутак. Ведаю толькі, што практычна ўсім далі па 10 сутак, яны сядзяць у ІЧУ на вуліцы Гая ў Гродне. Ведаю, што ў некаторых затрыманых нават праводзіліся ператрусы.

— А за што далі 10 сутак?

— Слухайце, гэта пакрыта такой таямніцай... Ніхто не ведае, але суткі далі. Кажуць, што ў дачыненні да некаторых нават распачалі крымінальныя справы. І зараз пытанне, ці выйдуць людзі. Я так падазраю, сілавікі, як гэта часта адбываецца ў Беларусі, проста забралі фанатаў, бо ім гэта трэба было, прыпісалі ім стандартныя адміністрацыйныя артыкулы. Напрыклад, супраціў, рэпост ці нешта такое. Далі «суткі» і працягнулі працу. Але пакуль, сапраўды, з кім ні камунікую, ніхто не разумее матываў такога сваволля.


— Можа, гэта чарговая хваля ціску на фанацкі рух?

— Ды гэты рух у Беларусі ўжо і так вычысцілі, можна сказаць. Чаму такое пачалося менавіта зараз… Існуе такое меркаванне, што ёсць жаданне высечы ўсіх старых фанатаў, каб быў «паслухмяны фан-сектар». Але дзеля гэтага рабіць так жорстка, затрымліваць усіх запар? Ну, не ведаю… Зрэшты, як вядома, Гродна — другі пасля Мінска горад па пратэсных настроях. Усе ж памятаюць, як актыўна людзі выходзілі на акцыі ў 2020-м. Не выключаю, што зверху была дадзена каманда разабрацца з фанатамі, зачысціць гэтае асяроддзе, бо тут «патэнцыйна» небяспечныя для рэжыму людзі. А дамоўленасці фанатаў «Нёмана» з міліцыяй... Ды пра што тут казаць, як можна верыць [так званай] міліцыі? Цяперашнія падзеі — чарговы доказ.

Як на затрыманні адрэагаваў клуб?

«Дарагія і паважаныя нашы заўзятары! Так склаліся абставіны, што ўчора [11 сакавіка] мы не ўбачылі на трыбунах звыклага ўсім нам фан-сектара. Узнікае шмат пытанняў, на якія пакуль няма адказаў. Можам толькі сказаць, што мы спадзяемся, што ўсё будзе добра. Велізарная просьба, не разносьце чутак, не верце плёткам і не нараджайце здагадак. Цяпер наша задача — падтрымаць належным чынам каманду да вяртання фан-сектара. Спадзяюся, мы справімся», — напісаў прэс-сакратар «Нёмана» Віталь Гарбацюк у суполцы клуба ў «Вконтакте».

Гэта ўся рэакцыя клуба на затрыманне актыўных балельшчыкаў, хаця прайшоў ужо тыдзень. Тэлеграм-канал «О, спорт! Ты — мір!» папрасіў «Нёман» дадаткова пракаментаваць сітуацыю з затрыманнямі фанатаў каманды, аднак адказу не дачакаўся.

Нагадаем, пасля падрыву расійскага самалёта А-50 на вайсковым аэрадроме ў Мачулішчах Лукашэнка загадаў сілавікам правесці «поўную зачыстку» краіны. Пасля гэтага пачаліся рэйды ГУБАЗіКа і КДБ па садовых таварыствах і лецішчах, прайшлі масавыя затрыманні псіхолагаў і псіхатэрапеўтаў (былі затрыманы не менш за 20 спецыялістаў), каля 30 чалавек затрымалі ў Гомелі, а з 9 сакавіка ідзе поўная зачыстка па Гродне. «Затрымалі вельмі многіх, кагосьці адпускалі, а хтосьці дагэтуль не выпушчаны. Ва ўсіх правяралі тэлефоны і нешта шукалі. Сярод вялікай групы затрыманых ёсць хакейныя фанаты «Нёмана», — пракаментаваў сітуацыю прадстаўнік фанацкага руху.


Цалкам матэрыял пра затрыманне фанатаў гродзенскага «Нёмана» чытайце тут.