«Табе тры месяцы засталося — гэта на адной назе прастаяць». Аляксандр Кабанаў — пра свой турэмны досвед

Блогера Аляксандра Кабанава затрымалі яшчэ ў 2020 годзе. Ён быў адным з першых палітвязняў хвалі рэпрэсій пасля прэзідэнцкіх выбараў. У гутарцы з «Радыё Р*цыя» блогер расказаў пра тое, як праходзіў час у турме і ці можна лічыць тое, што з ім адбывалася, катаваннямі.

Аляксандр Кабанаў. Скрыншот з відэа Youtube-канала «Жыццё-маліна»

Аляксандр Кабанаў. Скрыншот з відэа Youtube-канала «Жыццё-маліна»


Зараз у Беларусі працягваюцца не толькі арышты і пасадкі па палітычных матывах, але і вызваленні тых, хто ў 2020 годзе першымі атрымалі турэмныя тэрміны.

Адзін з такіх «шчасліўчыкаў» — былы палітвязень, прэс-сакратар Святланы Ціханоўскай Аляксандр Кабанаў. Ён падзяліўся з «Радыё Р*цыя» сваім турэмным досведам.

— Дзе вы сустрэлі дзень вызвалення? У камеры ці ў ШІЗА?

— Я выходзіў з ШІЗА, але на самой справе сярод зэкаў гэта цэніцца. Як кажуць, гонар і паважуха: калі чалавек выходзіць з ШІЗА, значыць, ён штосьці з сябе ўяўляе па тых законах, па тых паняццях. Канешне, мяне гэта менш за ўсё цешыла, бо больш я туды не планую.

Ёсць важны момант: мне пашэнціла ў тым плане, што я ў ШІЗА быў перад вызваленнем толькі восем сутак — гэта вельмі няшмат. За год майго ўтрымання ў крытай турме ў Магілёве я ў ШІЗА ўвогуле не ездзіў ні разу, на мяне былі нейкія акты. Многіх там прымаюць зусім па-іншаму, то-бок людзі пачынаюць ездзіць у ШІЗА пастаянна, не ведаю, з чым гэта звязана. Да мяне нейкіх асаблівых прэтэнзій не было.  


У мяне склаліся пэўныя ўзаемаадносіны з адміністрацыяй: яны ведалі, хто я такі, я ведаў, хто яны такія. Я ведаў, ад каго чаго чакаць. Гэта не тое каб дамоўленасць, але мяне адразу папярэдзілі: «Калі ты будзеш сядзець і з турмы праз адваката нічога выходзіць не будзе ў прэсу, то ты будзеш проста сядзець ціха, спакойна і выйдзеш на волю. Калі прыйдзе адвакат і штосьці пра рэжым, утрыманне ці пра адносіны з сукамернікамі, не важна што, адсюль выйдзе і з’явіцца ў прэсе, то мы табе арганізуем праблемы».

Справа ў тым, што там асабліва расказваць і няма чаго. Нават калі б і хацелася штосьці расказаць праз адваката, на самой справе пра што расказваць? Сядзіш у камеры цэлымі днямі, чытаеш кнігі, гуляеш у шахматы. Я думаю, што прэсу гэта асабліва і не цікавіць.

— Калі сядзіш у турме, то там не працуеш, як у калоніі або на «хіміі»?

— Не. Ёсць людзі, якіх называюць «абавязанымі», іх выводзяць на працу. Клеяць капэрты, штосьці яшчэ. Я не ведаю, мяне не выводзілі. Аліментшчыкі, у першую чаргу, тыя, што звязаны з запазычанасцямі дзецям, ходзяць. Іх вельмі няшмат, можа, дзясятак набярэцца на ўсю турму. Астатнія нікуды не выходзяць, толькі на шпацыр раз на дзень. Увесь час у камеры.

— Што ў камеры робяць цэлы дзень? Не даюць жа ляжаць, матрацы ж забіраюць?

— Не, не забіраюць. Усё гэта ў камеры, разаслана. Матрац (як там называюць, «вата») ляжыць разасланы. У цябе там усё ёсць, але ляжаць нельга. Пад’ём а шостай гадзіне раніцы — і ўсё, да дзясятай гадзіны вечара. Пасядзець можаш, пачытаць. Сесці пагуляць, напрыклад, у шахматы, у кагосьці там на ложку можаш, але ляжаць нельга. У гэтым ніякага страху няма.

— Як выседзець цэлы дзень у малой камеры?

— Людзі сядзяць па дваццаць гадоў. Не адзін дзень, не пяць дзён — па дваццаць гадоў. Сядзяць неяк, чалавек прызвычайваецца.

— Гэта можна прызнаць катаваннем?

— Я не ведаю. Я да сябе гэтага слова ўжыць не магу. Шчыра кажу, што для мяне гэта не было нейкім там сур’ёзным выпрабаваннем. Я знайшоў, чым займацца — чытаць кнігі, гуляць у шахматы, размаўляць з сукамернікамі, абмяркоўваць нейкія тэмы. Таму час ішоў дастаткова хутка.


Калі я толькі прыехаў у турму і кантралёры, якія мяне сустракалі, абшуквалі, паглядзелі дакументы і пабачылі год, то здзівіліся. Туды людзі, якім застаўся год сядзець, рэдка прыязджаюць. Туды ў асноўным прыязджаюць па артыкулах, дзе 15-20 гадоў турмы, на тры гады. Тры гады сядзяць, потым зноў едуць у лагер.

«Крытая» — гэта пакаранне. Строгі рэжым — гэта пакаранне. Пры гэтым яны мне сказалі, што год — гэта нічога. Я пра сябе падумаў: «Божа, год сядзець, а вам так проста!» А пасля аказалася, што так яно і ёсць. Я не заўважыў, як прайшоў першы месяц, другі, трэці. Яны даволі аднолькавыя, але ляцяць вельмі хутка, галоўнае — заняць сябе чымсьці. Усе сукамернікі мне сказалі, што год — гэта ўвогуле драбяза. Калі прайшло паўгода, то сказалі: «Бачыш, паўгода праляцела, засталося столькі ж». Прайшло яшчэ тры месяцы: «Табе тры месяцы засталося — гэта на адной назе прастаяць». Пасля месяц, месяц — і ўсё.

Нагадаем, Аляксандр Кабанаў быў асуджаны на тры гады пазбаўлення волі ў красавіку 2021 года, суд доўжыўся больш за два месяцы. Яго судзілі разам з Сяргеем Пятрухіным за «арганізацыю групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

Паводле версіі следства, Аляксандр Кабанаў і Сяргей Пятрухін атрымлівалі грошы ад Сяргея Ціханоўскага і знаходзіліся ў змове з ім. У абвінавачанні сказана, што яны «стварылі і адміністравалі сістэму распаўсюджвання інфармацыі, якая ўтрымлівала ілжывую ацэнку нелегітымнасці прадстаўнікоў улады».

Кабанаў і Пятрухін стварылі ютуб- і тэлеграм-каналы, у тым ліку каналы «Краіна для жыцця» і «Народны рэпарцёр». У іх блогеры публікавалі матэрыялы, якія нібыта змяшчалі заклікі груба парушаць грамадскі парадак.

17 снежня Аляксандр Кабанаў і Сяргей Пятрухін выйшлі на волю, бо цалкам адбылі тэрмін. Нядаўна на былога палітвязня завялі новыя крымінальныя справы — прычым адразу некалькі.  У доме бацькоў Кабанава прайшоў ператрус. Сам блогер знаходзіцца па-за межамі Беларусі.