«Зачыстка»: У Брэсце прыходзілі да бацькоў Маргарыты Ляўчук, у Магілёве схапілі выкладчыцу-біёлага

Пасля дыверсіі на ваенным аэрадроме ў Мачулішчах, у выніку якой быў пашкоджаны расійскі самалёт А-50, Лукашэнка даў загад сваім сілавікам зладзіць па ўсёй краіне «зачыстку». І панеслася — кожны дзень людзі ў чорным праводзяць у гарадах і вёсках аблавы ў духу гітлераўскіх карнікаў 40-х гадоў мінулага стагоддзя.

Фота: Слава Паталах

Фота: Слава Паталах

Паведамленні пра масавыя затрыманні прыходзяць штодзень. Цалкам сістэмны ціск аказваецца на сваякоў беларускіх палітычных эмігрантаў.

Так учора раніцай, у 6.30, сілавікі прыходзілі да бацькоў вядомай опернай спявачкі Маргарыты Ляўчук. Пра гэта артыстка распавяла ў сторыз свайго акаўнта ў «Інстаграме». Іранічна назваўшы супрацоўнікаў брэсцкага крымінальнага вышуку «красаўцамі», Маргарыта паведаміла, што іх цікавіў яе кантакт у тэлеграме. Кантакт бацькі далі — цяпер спявачка чакае, калі міліцыянты выйдуць з ёй на сувязь.

Варта нагадаць, што з восені 2020 года Маргарыта Ляўчук жыве за мяжой. Яна пакінула Беларусі з меркаванняў бяспекі. Лукашэнкаўскія сілавікі завялі на яе прынамсі адну крымінальную справу — паводле арт. 370 КК (здзек з дзяржаўных сімвалаў).

Вядома, што ў траўні 2022 бацькоў Маргарыты затрымлівалі. Тады паводле прыдуманага абвінавачвання ў «супраціве супрацоўнікам міліцыі» ім прызначылі па 70 базавых штрафу кожнаму.

 

Фота з сацсетак

Фота з сацсетак

Тым часам стала вядома пра затрыманне ў Магілёве падчас аблавы кандыдата біялагічных навук Наталлі Мартусевіч. Жанчыну затрымалі падчас усё той жа абвешчанай Лукашэнкам «зачысткі», паведамляе «Н*ша Ніва».

Наталлі Мартусевіч 47 гадоў і яна з Магілёва. Жанчына скончыла спачатку Магілёўскі абласны ліцэй у 1993-м і пайшла на біяфак Магілёўскага дзяржаўнага ўніверстэта імя Куляшова.

Яна скончыла ўніверсітэт з залатым медалём у 1998 годзе, а праз чатыры гады абараніла кандыдацкую дысертацыю па спецыяльнасці «Фізіялогія». Гэта выбітны вынік для навуковага супрацоўніка. З 2004 года Наталля працуе дацэнтам ва ўніверсітэце, які яна скончыла і больш за 15 гадоў не толькі займаецца навукай, але і выкладае студэнтам.

Відэа з жанчынай выйшла на днях на канале магілёўскага ГУБАЗіК. Там яна кажа, што «пісала ў экстрэмісцкіх чатах» і «зарэгістравалася ў плане "Перамога"». Праўда, мяркуючы па скрыншотах, у фэйкавым «Плане «Перамога»». ГУБАЗіК пагражае ёй крымінальнай справай і заключэннем пад варту.