Беларусь—Польшча: З надзеяй на агульную гісторыю
Як вядома, 2013 год на Беларусі аб’яўлены грамадствам годам шанавання паўстання Кастуся Каліноўскага 1863–1964 гадоў. Але беларускія грамадскія і гістарычныя колы, здаецца, ужо ўсё, што можна, на гэты конт правялі. Зараз за тэму ўзяліся польскія даследчыкі.
Міхалоўскі і Шарэпка ўскладаюць кветкі да памятнай дошкі Кастусю Каліноўскаму
Пасольства Польшчы разам з Польскім інстытутам і Торуньскім універсітэтам Польшчы зладзілі ў Мінску беларуска-польскую гістарычную канферэнцыю “Да 150-годдзя паўстання 1863-64 гадоў”. Як мяркуецца, на ёй беларускія і польскія навукоўцы абмяркуюць не толькі ролю гэтага паўстання ў Польшчы і Беларусі, але і ягоны ўплыў на сусветную палітыку.
Спрачацца гісторыкам ёсць пра што. Найперш, палякі не называюць гэтае паўстанне імем Каліноўскага. А ў Беларусі шмат крыўдзяцца на тое, што нібыта палякі “прыватызуюць” гэтую падзею. І лічаць яе выключна польскім вызвольным рухам. Але арганізатары канферэнцыі, здаецца, і разлічваюць знайсці нешта агульнае ў гэтых крыўдах і разыходжаннях.
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Лешак Шарэпка, адкрываючы канферэнцыю, адзначыў, што для амбасады Польшчы ў Беларусі “гістарычная справа з’яўляецца вельмі важнай і прыярытэтнай”. Зразумела, бо сам пан Лешак Шарэпка — гісторык, як, дарэчы, і прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі.
Як гісторык, ён лічыць, што мінуўшчына — гэта база для паразумення адносінаў паміж Польшчай і Беларуссю. Таму важна стварыць платформу, на якой гісторыкі маглі б вольна абменьвацца сваімі поглядамі, незалежна ад таго, які бок яны прымаюць.
Лешак Шарэпка
Шарэпка адзначыў, што Польскае пасольства імкнецца рабіць рэгулярныя сустрэчы гісторыкаў Польшчы і Беларусі, каб паразмаўляць менавіта пра балючыя пытанні агульнай гісторыі. І не толькі з Беларуссю. Напрыклад, існуе такая працоўная група паміж Польшчай і Расіяй — “група для цяжкіх пытанняў”, як назваў яе Шарэпка. Польска-расійская група ўжо праявіла шмат “белых плямаў” агульнай гісторыі. “Мы спадзяемся, што і з беларускім бокам мы таксама у будучым мы будзем размаўляць свабодна на тэму агульнай гісторыі”, — сказаў Шарэпка.
“Мы суседзі, у нас шмат агульнага, і я думаю, што нашай гісторыі тысяча гадоў. Я б жадаў, каб мы больш размаўлялі пра агульныя гістарычныя падзеі, знайшлі магчымасць шмат пра гэта размаўляць. Не толькі пра паўстанне Кастуся Каліноўскага, і не толькі з нагоды нейкай гадавіны. Кожны народ павінен ведаць сваю гісторыю. Чалавек асабіста павінен ведаць, адкуль ён, і народ таксама павінен ведаць сваю гісторыю. Гісторыя дапамагае кансалідаваць народ, дапамагае перажыць яму цяжкія часы. Калі народ не ведае, як усё было ў мінулым, можна на гэтым спекуляваць”, — адзначае Шарэпка.
“У нас тысячагадовая агульная гісторыя, але зараз няма сучаснай гісторыі Польшчы, якую б напісаў беларус. Няма такой кніжкі, хаця ў Польшчы ёсць гісторыкі, якія напісалі гісторыю Беларусі. Беларусы глядзяць на польскую гісторыю вачыма Расіі, альбо як? Альбо вачыма польскіх гісторыкаў? Вось гэта мяне здзіўляе”, — адзначыў Шарэпка.
Разам з ім ў адкрыцці канферэнцыі прыняў удзел і кіраўнік канцылярыі прэзідэнта Польшчы Яцэк Міхалоўскі, які паведаміў, што паўстанне Каліноўскага займае вялікае месца ў ягоным сэрцы, і паказвае, наколькі палякі і беларусы гістарычна адны да аднаго блізкія. Але ён спадзяецца не толькі на тое, што гісторыкі будуць абмяркоўваць “паўстанцкія справы”. Нашмат большага ён чакае ад наступнай канферэнцыі, якая будзе больш балючай, больш дыскусійнай і больш актуальнай. “Зараз будзе працаваць група, якая будзе займацца гісторыяй паўстання 1863–1864 гадоў, але нас цікавіць і іншае — тыя, хто будуць займацца гісторыяй ХХ стагоддзя. Мы можам спрачацца, што добра, што дрэнна, але гісторыя — гэта тое, што ёсць як ёсць. Мы вельмі зацікаўленыя ў наступнай сустрэчы, якая будзе прысвечана “польскай акцыі НКУС” 1938 года”, — адзначыў ён.
Яцэк Міхалоўскі
“Я хачу сказаць яшчэ адну рэч: мы гаварылі пра тое, што з’яўляецца самым важным. Факты ёсць факты, няма пра што спрачацца, было ці не было. Але інтэрпрэтацыя фактаў, справа тэрмінаў, мовы, сімвалаў — гэта тое, пра што можна гаварыць. Палякі, напрыклад, вельмі абурыліся, калі прэзідэнт ЗША Барак Абама ўжыў выраз “польскія канцэнтрацыйныя лагеры”. Але і мы не задумваючыся гаворым пра “Беларускі Катынскі спіс”, альбо гаворым пра “Паўночна-ўсходнія крэсы”. Давайце не будзем гаварыць пра “Беларускі Катынскі спіс”, прыдумаем іншую назву, якая б улічвала пачуцці беларусаў. Я думаю, што якраз справа мовы — гэта ключ для паразумення, дыялогу і поспеху нашай працы”, — адзначыў кіраўнік канцылярыі прэзідэнта Польшчы.
Уршула Дарашэўска, дырэктара Польскага інстытута ў Мінску паведаміла, што для яе такая гістарычная канферэнцыя па паўстанні Кастуся Каліноўскага — асабістае пытанне. Яе прапрадзед удзельнічаў у тым паўстанні на Беларусі, быў сасланы ў Сібір, а потым вярнуўся на радзіму і недзе пад Слонімам пахаваны — яна якраз зараз шукае яго магілу. “Паўстанне 1963–1864 гадоў мае таксама сацыяльнае значэнне, бо ў ім бралі ўдзел прадстаўнікі інтэлігенцыі. І мы ў нейкім сэнсе — спадкаемцы гэтага паўстання, мы працягваем гэтую працу, працу інтэлігенцыі і працу супрацоўніцтва з вольнай Беларуссю”.
Уршула Дарашэўска
Пасля прамовы спадарыні Дарашэўскай, пра “паўстанцкія карані” ўзгадаў і Яцэк Міхалоўскі. Ягоны прадзед Антоні Міхалоўскі паходзіў са Жмудзі, таксама быў сасланы ў Сібір за паўстанне. Лешак Шарэпка пасля такіх прамоваў заявіў, што не выключана, што ягоны прадзед якраз разганяў гэтае паўстанне. Але Яцэк Міхалоўскі супакоіў яго: вельмі часта польскія паненкі выходзілі замуж за расійскіх жаўнераў, так што зараз тыя, хто разганяў паўстанне, і ягоныя ўдзельнікі цалкам могуць быць родзічамі.
Але потым, пасля гэтых жартачак, пан Міхалоўскі ў размове з журналістамі зазначыў, чаму такія канферэнцыі вельмі важныя як для Польшчы, так і для Беларусі. Канешне, ёсць розныя погляды на паўстанне Каліноўскага, і ёсць спрэчныя моманты. Але нельга не ўзгадваць пра тое, што гэтае паўстанне было калі не пачаткам, то важным этапам станаўлення як польскай, так і беларускай нацыі. Увогуле, пабудова як польскага, так і беларускага грамадства была б немажлівай, калі б гэтае паўстанне не сфармавала, напрыклад, свой часовы ўрад, сваю паўстанцкую армію. І ў лозунгу “За вашу і нашу свабоду” паўставала і польская, і беларуская нацыі, абодва грамадства.
Пажадаўшы навукоўцам плённай працы, Шарэпка і Міхалоўскі адправіліся рабіць не менш важныя для палякаў рэчы. А менавіта, ушаноўваць памяць паўстанцаў і польскіх грамадзян, якіх на Беларусі напаткаў трагічны лёс.
Агульнасць Польшчы і Беларусі ў гісторыі чамусьці часцяком падкрэсліваюць магілы: польскія тут, беларускія там. Таму Шарэпка і Міхалоўскі не маглі абмінуць Курапаты, дзе ўсклалі свечкі і запалілі знічкі ля двух помнікаў: крыжа палякам, расстраляным у Курапатах, і каля агульнага жалобнага помнага каменю на ўзгорку ўрочышча.
Ушанаванне ў Курапатах
“Тут ёсць польскія элементы, польскі крыж, і тут ляжаць і польскія грамадзяне. Вы ведаеце, што пасля 1939 года частка грамадзянаў Польшчы, якія былі на тэрыторыі Заходняй Беларусі, былі рэпрэсаваныя, шмат якія з іх былі расстраляныя тут. І таму ўшанаванне памяці польскіх грамадзянаў тут цалкам натуральнае”, — кажа Шарэпка.
Ну а пасля спадары Міхалоўскі і Шарэпка ўсклалі кветкі і да памятнай дошкі Кастусю Каліноўскаму ў Мінску. Нягледзячы на тое, што пра Польшчу да дошцы якраз нічога не згадваецца.
Міхалоўскі і Шарэпка ўскладаюць кветкі да памятнай дошкі Кастусю Каліноўскаму
Фота Сяргея Пульшы