Вольга Класкоўская мае намер абскардзіць прыгавор

Беларуска Вольга Класкоўская, прыгавораная ў Швецыі да васьмі гадоў турэмнага зняволення за замах на забойства свайго мужа Гёкана Безгіна, мае намер абскардзіць прыгавор у апеляцыйным судзе. Пра гэта яна паведаміла маці Людміле Класкоўскай у тэлефоннай гутарцы, што адбылася неўзабаве пасля абвяшчэння прысуду.  



1d803b51_f4a6_41ae_9c99_72b32a06fa94_w640_r1_s_cx28_cy24_cw51.jpg

Як сказала БелаПАН Людміла Класкоўская, Вольга не прысутнічала на судзе пры абвяшчэнні прысуду, "яе лёс вырашалі за зачыненымі дзвярамі". Паводле слоў Класкоўскай-старэйшай, Вольга і людзі, якія знаходзяцца разам з ёй у следчым ізалятары, "назвалі прыгавор прававым шведскім бязмежжам". Сукамернікі Вольгі расказвалі, што нават за забойства ў Швецыі асуджаюць на пяць-шэсць гадоў пазбаўлення волі, таму жорсткасць прыгавору, вынесенага Класкоўскай, не зразумелая. 


Паводле слоў Людмілы Класкоўскай, Вольга размаўляла па тэлефоне "вельмі спакойна і ўпэўнена". "Яна настроена на далейшую барацьбу за сваё вызваленне, а таксама за вяртанне адабранага ў яе сацыяльнымі службамі сына, — сказала маці асуджанай. — Нават у СІЗА яна працягвае змагацца за тое, каб незаконна адабранае і перададзенае пад апеку сацыяльным службам дзіця было ёй вернута". 


Вольга таксама паведаміла, што будзе звяртацца да шведскіх і беларускіх улад з просьбай экстрадаваць яе ў Беларусь. Людміла Класкоўская ў сваю чаргу заявіла, што таксама будзе дамагацца экстрадыцыі дачкі праз беларускія і міжнародныя структуры. 


Сваякі і знаёмыя Вольгі рэкамендуюць ёй змяніць адваката. "У прыватнасці, яе сябры выходзяць на вядомага ў Швецыі адваката Томаса Нільсана, які нядаўна паспяхова выйграў аналагічную Вольгінай справу ў апеляцыйным судзе", — расказала Класкоўская-старшая. 


Маці Вольгі "настроена на самыя жорсткія меры" ў абарону дачкі. Людміла Класкоўская мае намер звяртацца ў беларускае МЗС, дзяржаўныя беларускія СМІ, еўрапейскія арганізацыі, а таксама да расійскага адваката Паўла Астахава, які спецыялізуецца на пытаннях абароны дзяцей за мяжой. 


Яна адзначыла, што, нягледзячы на ўсе патрабаванні пракурора і суда, Вольга дагэтуль не ўбачыла свайго сына Адэма. "Сацыяльныя службы наадрэз адмаўляюцца прывозіць яго на спатканне з маці, як гэта належыць згодна з законам", — сцвярджае Класкоўская. Паводле яе слоў, упаўнаважаны па правах чалавека ў СІЗА запатрабаваў ад сацыяльных службаў і паліцыі афіцыйнай інфармацыі пра месцазнаходжанне Адэма, а таксама яго спаткання з маці. "На гэты запыт афіцыйнай асобы ні сацслужбы, ні паліцыя не адрэагавалі", — сказала Класкоўская.

 
Ні яна, ні яе дачка не разлічвалі на такі жорсткі прысуд і думалі, што Вольгу прыгавораць да чатырох-пяці гадоў пазбаўлення волі. У той жа час у адным з апошніх лістоў Вольга пісала маці, што "ўсё прадвызначана". Акрамя таго, адвакат папярэдзіў Вольгу, што яе прыгавораць да вялікага тэрміну. 


Маці Вольгі лічыць справу "чыста палітычнай". Паводле яе меркавання, жорсткасць прыгавору звязана з крытыкай з боку Вольгі на адрас ювенальнай сістэмы Швецыі. У адным з нядаўніх лістоў Вольга даслала маці даклад пра выпадкі незаконнага адабрання дзяцей у скандынаўскіх краінах, складзены шведскімі юрыстамі, суддзямі, прававедамі, псіхолагамі і праваабаронцамі. Гэты даклад Класкоўская-старэйшая плануе перадаць у беларускае МЗС. 


У сваю чаргу бацька Вольгі, вядомы беларускі журналіст Аляксандр Класкоўскі, заклікае грамадскасць "устрымацца ад спакусы палітычных спекуляцый". 


На яго думку, не варта падводзіць да справы апазіцыйную падаплёку ці "абвінавачваць жорсткую і каварную Еўропу". "Мне здаецца, чым менш будзе такіх спекуляцый, чым больш будзе разумення, што гэта жыццёвая драма чалавека, тым гэта будзе лепш для Вольгі і яе лёсу", — заявіў Класкоўскі БелаПАН. 


Для таго каб Вольга "як мага хутчэй выйшла на волю", неабходна "спакойна, без лішніх эмоцый, задзейнічаць па максімуме ўсе юрыдычныя магчымасці, у тым ліку міжнародныя", сказаў ён. "Ёсць магчымасць касацыі, рэальны варыянт адбывання пакарання ў Беларусі", — дадаў Класкоўскі. 


Пра затрыманне Вольгі Класкоўскай стала вядома 2 красавіка. Яе затрымалі ў горадзе Ханінгу, што на поўдні ад Стакгольма, і змясцілі ў турму Окерсберга за 30 км на паўночны ўсход ад Стакгольма. 


Некалькі гадоў таму Класкоўская атрымала статус палітычнага бежанца ў сувязі з пераследам на радзіме за апазіцыйныя перакананні. У 2011 годзе Вольга вярнулася ў Беларусь з-за сямейных праблем, але неўзабаве зноў паехала ў Швецыю, дзе выйшла замуж за мясцовага жыхара, а ў ліпені 2012 года нарадзіла сына. Дакументы на атрыманне права на жыхарства ў Швецыі падавала двойчы: пасля заключэння шлюбу і пасля нараджэння дзіцяці. У канцы студзеня 2013 года стала вядома, што ўлады Швецыі адмовілі ёй у атрыманні права на жыхарства і прынялі рашэнне аб яе дэпартацыі без магчымасці абскарджання.


6 лютага прадстаўнікі сацыяльных службаў Швецыі забралі ў Класкоўскай малалетняе дзіця ў сувязі з тым, што ў яе няма права на жыхарства ў гэтай краіне і яна не можа забяспечыць сыну нармальныя ўмовы пражывання. 8 лютага Класкоўская з адвакатам сустракалася з прадстаўніком сацслужбаў, які паведаміў, што дзіця перададзена бацьку.

Дачка Класкоўскай Міраслава згодна з рашэннем шведскіх уладаў таксама падлягала дэпартацыі. У Швецыю па дзяўчынку ездзіла яе бабуля, маці Вольгі. Цяпер Міраслава знаходзіцца ў Беларусі.


23 жніўня стакгольмскі суд прызнаў грамадзянку Беларусі Вольгу Класкоўскую вінаватай у замаху на забойства свайго мужа Гёкана Безгіна. Вольга прыгаворана да васьмі гадоў турэмнага зняволення і павінна выплаціць грашовую кампенсацыю Безгіну ў 110 тысяч шведскіх крон. 


Прыгавор можа быць абскарджаны ў судзе другой інстанцыі і Вярхоўным судзе Швецыі.
Анастасія Салановіч, БелаПАН