Валянцін Стэфановіч: Гэта, канешне, перамога, але не да канца

Палата прадстаўнікоў адмяніла сумнавядомы артыкул Крымінальнага кодэксу 193 прым, за дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацыяў. За яго скасаванне шмат гадоў змагаліся праваабаронцы і іншыя прадстаўнікі грамадскай супольнасці.

stefanovich__1.jpg


Аднак, па словах сябра праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянціна Стэфановіча, зроблена толькі палова кроку.

— Ён быў адменены ў другім чытанні Палаты прадстаўнікоў. Застаецца зараз па працэдуры ўзгадненне Саветам Рэспублікі і падпісанне кіраўніком краіны. Можна, канешне, павіншаваць усіх нас і праваабарончую супольнасць таксама, якая ўсе гэтыя гады настойвала і шмат чаго рабіла для адмены гэтага артыкула. Але, на жаль, наш урад далёкі ад разумення сутнасці свабоды асацыяцый, паколькі, з аднаго боку, яны артыкул адмяняюць, але ўводзяць адміністрацыйную адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацый.

Адказнасць за гэта прадугледжвае штраф да 40 базавых велічынь. Па словах Валянціна Стэфановіча, і адміністратыўная адказнасць расцэньваецца праваабаронцамі як недапушчальнае парушэнне свабоды асацыяцый.

Нельга караць толькі за адсутнасць рэгістрацыі тыя арганізацыі, якія не прадстаўляюць ніякай пагрозы грамадству і не робяць нічога супрацьпраўнага, — падкрэсліў праваабаронца.

Ён нагадаў, што пік рэпрэсіяў па артыкулу 193 прым прыйшоўся на 2006 – 2007 гады. Па дадзеных праваабаронцаў, было асуджана не меней 17 чалавек, у тым ліку былі пазбаўлены волі лідар “Маладога Фронту” Зміцер Дашкевіч, кіраўнікі і сябры арганізацыі па назіранню за выбарамі “Партнёрства” Мікалай Астрэйка, Эніра Браніцкая, Цімафей Дранчук і іншыя.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя