У Магілёве мітынгавалі за аб'яднанне з Расіяй, у Слуцку — супраць

Адразу дзве палітычныя акцыі прайшлі ў розных гарадах Беларусі 25 лістапада. Так, у Магілёве каля 40 чалавек, у тым ліку некалькі жыхароў Смаленску, узялі ўдзел у санкцыянаваным уладамі мітынгу і шэсці "Славянскі марш".



5z1111.jpg

Яны заяўлялі, што "мы ўсе з'яўляемся прадстаўнікамі рускай нацыі", а таксама выкрыквалі лозунгі: "Рускія, наперад!", "Слава Расіі!", "Слава Белай Русі!".

Сярод найбольш прыкметных удзельнікаў акцыі быў прэтэндэнт на прэзідэнцкі пост на выбарах 2010 года Сяргей Рыжоў, які заявіў, што "ў цяперашні час славянскія дзяржавы падзеленыя, што адмоўна ўплывае на жыццё і дабрабыт народаў", перадае БелаПАН.
 

Удзельнікі акцыі прайшлі каля 200 метраў да стадыёна каля Палаца культуры завода штучнага валакна, дзе адбыўся мітынг. Заяўленай мэтай акцыі была "падтрымка традыцыйных духоўных і маральных каштоўнасцяў, ідэі славянскага адзінства, нацыянальнай і сацыяльнай справядлівасці, а таксама супраць глабалізацыі". Арганізатары маршу планавалі выкарыстаць чорна-жоўта-белыя сцягі Расійскай імперыі, але перад яго пачаткам міліцыя папярэдзіла іх аб недапушчальнасці выкарыстання якой-небудзь сімволікі.
 

Адначасова з гэтым у Мінскай вобласці прайшла акцыя, прымеркаваная да 92-й гадавіны антысавецкага Слуцкага паўстання ў лістападзе 1920 года. Яе арганізатарам выступіла Кансерватыўна-хрысціянская партыі-БНФ. Акцыя праходзіла пад наглядам шматлікіх міліцыянтаў, паведамляе беларуская служба Радыё "Свабода".

ep2222.jpg

Удзельнікі акцыі наведалі звязаныя з паўстаннем вёскі Грозава, Семежава, Вызна (цяпер Красная Слабада), дзе ўсклалі кветкі і свечкі да памятных крыжоў. Фінальнай кропкай мерапрыемства стаў горад Слуцк, дзе адбыліся шэсце і мітынг каля Слуцкага краязнаўчага музея, у будынку якога знаходзіўся штаб паўстанцаў.
 

Выканаўца абавязкаў старшыні КХП–БНФ Юрась Беленькі адзначыў вялікае значэнне падзей, якія адбываліся ў Слуцку і ваколіцах ў 1920 годзе, для незалежнасці Беларусі. "Ужо тады случчакі разумелі, што расійскі бальшавізм — гэта чужая, варожая філасофія для беларусаў, і паклалі свае жыцці, каб не дапусціць на нашу зямлю тую навальніцу. Сёння мы не павінны ахвяраваць жыццямі, але многае можам зрабіць. Тое, што вы тут, што гаворыце па-беларуску, што трымаеце ў руках бел-чырвона-белыя сцягі, — гэта таксама барацьба, гэта працяг таго, што пачалі тут Случчакі 92 гады таму", — сказаў ён.
 

У сваю чаргу адказны сакратар КХП–БНФ Валеры Буйвал адзначыў, што Беларусь сёння знаходзіцца ў падобных умовах, як і ў 1920-х гадах. "Як калісьці мы былі пад прыгнётам Расіі, так і цяпер. Але тое, што тут сёння лунае вялікая колькасць нашых сцягоў, кажа пра тое, што мы няскораныя, што яшчэ пазмагаемся", — лічыць палітык.

telegraf.by