У Віцебску шукаюць праваабаронцаў, журналістаў, былых палітвязняў. Хронікі рэпрэсій
З'явіліся фотаздымкі стэндаў «Іх шукае міліцыя» з Віцебска. На іх — прозвішчы вядомых людзей. З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі на сёння, 10 студзеня.
Сярод іншых, на стэндах у Віцебску можна заўважыць былых палітвязняў Міхаіла Жамчужнага і Ціхана Клюкача, галоўнага рэдактара выдання «Віцебскі кур'ер NEWS» Аляксандра Корнышава, кіраўніка ініцыятывы «Хайсы — Віцебскія Курапа» Яна Дзяржаўцава, актывістку Крысціну Мірсалімаву.
Акрамя таго, у спісах праваабаронцы Павел Левінаў і Ірына Траццякова, журналістка Алена Шабуня.
Таксама на стэндзе хапае іншых людзей, якім інкрымінаваны «народны» арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак), арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі) і арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады).
Беларуса затрымалі за тое, што сарваў агітацыйны выбарчы плакат
Сцвярджаецца, што ўначы ў Мінску на прыпынку па вуліцы Аранскай невядомы сарваў агітацыйны плакат з інфармацыяй аб кандыдатах на так званых выбарах.
Як пішуць праўладныя тэлеграм-каналы, дзеянням мінчука будзе дадзена прававая ацэнка.
Палітвязня Мікіту Емяльянава зноў будуць судзіць
Актывіста анархічнага руху Мікіту Емяльянава ўтрымліваюць у няволі з кастрычніка 2019 года — больш за пяць гадоў. У 2020-м яго асудзілі да сямі гадоў калоніі паводле трох крымінальных артыкулаў, але апеляцыйны суд зменшыў тэрмін да чатырох гадоў. Пазней яго двойчы пераводзілі на турэмны рэжым, а таксама дадалі яшчэ два гады зняволення за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі» (арт. 411 КК). Мікіту ў папраўчых установах месяцамі ўтрымлівалі ў ШІЗА, увесь час на яго аказваюць ціск.
А цяпер яго зноў будуць судзіць паводле арт. 411 КК. Суд распачнецца ўжо 15 студзеня. Палітвязню могуць дадаць яшчэ два гады пазбаўлення волі.
У Мінску стаматалагіню будуць судзіць за стварэнне тэлеграм-канала «ШапитоДичь»
У Мінскім гарадскім судзе 28 студзеня пачнуць судзіць 33-гадовую Алену Елькіну. Яе абвінавачваюць у «стварэнні экстрэмісцкага фармавання» (ч. 1 арт. 361-1 КК) і «закліку да санкцый» (ч. 3 арт. 361 КК). Справу будзе разглядаць Алена Ананіч.
4 ліпеня 2024 года КДБ прызнаў тэлеграм-канал «ШапитоДичь» «экстрэмісцкім фармаваннем». Паводле ведамства, дачыненне да яго мае Алена Елькіна. Праз пошук гэтая суполка не вызначаецца.
Ініцыялы жанчыны цалкам супадаюць са стаматалагіняй з Віцебску — апошнія допісы ў яе сацыяльных сетках датаваныя траўнем 2024 году.
У снежні не менш за 20 палітвязняў цалкам адбылі тэрміны, а 49 чалавек выйшлі на волю па памілаванні
На дадзены момант у Беларусі прызнаныя палітвязнямі 1258 чалавек, а колькасць іх павялічваецца амаль штотыднёва.
Кожны месяц некалькі дзясяткаў палітвязняў выходзяць з месцаў зняволення або па заканчэнні тэрміну, або пасля суда да накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (на «хімію»), ці пачатку адбыцця тэрміну на «хатняй хіміі». Рэжым Лукашэнкі таксама працягвае вызваляць палітвязняў з месцаў няволі па памілаванні.
Па даных «Вясны», у снежні на волю выйшлі мінімум 69 чалавек: 20 цалкам адбылі тэрміны, з якіх толькі дзве жанчыны, яшчэ 49 палітзняволеных памілавалі ўказамі Лукашэнкі.
Сталі вядомыя прозвішчы «памілаваных» жанчын
Гэта Ірэна Клявец, Наталля Крук, Аніта Бакуновіч, Іна Пальцава. А таксама адна з палітзняволеных з прозвішчам Волкава (якая дакладна — невядома, бо палітзняволеных з такім прозвішчам некалькі).
Супрацоўніка дэлегацыі Еўрасаюза ў Беларусі асудзілі да 4 гадоў калоніі
Напрыканцы снежня ў Мінску асудзілі 41-гадовага Мікалая Хілу. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў — ч. 1 арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы) і ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да санкцый).
Суддзя Алена Ананіч прызначыла Мікалаю чатыры гады пазбаўлення волі, піша выданне Politico.
Мікалай — пратэстанцкі прапаведнік у царкве евангельскіх хрысціянаў-баптыстаў «Дабравесце», а таксама супрацоўнік дэлегацыі Еўрасаюза ў Беларусі. Яго затрымалі 24 кастрычніка 2023 года. Са слоў афіцыйнага прадстаўніка ЕС, затрыманне адбылося каля будынку дэлегацыі ЕС супрацоўнікамі беларускага КДБ.
На Віцебшчыне за «распаўсюд экстрэмізму» ў інтэрнэце асудзілі мінімум трох чалавек
Суддзя Першамайскага раёна Віцебска Алена Грабянчук паводле ч.2 арт. 19.11 КаАП 9 студзеня судзіла прадпрымальніка Валерыя Глаза. Мінулы раз яна ж судзіла мужчыну 26 снежня мінулага года. Таму верагодна, што Новы год Валерый Глаз сустракаў за кратамі, і цяпер яму дадалі чарговыя суткі.
У судзе Мёрскага раёна суддзя Ірына Яскевіч судзіла Майю Уланаву, 54-гадовую прадпрымальніцу з раённага цэнтра. Жанчына з’яўляецца ўладальніцай крамы адзення.
Тая ж суддзя разбірала і справу 46-гадовай Таццяны Дабрынінай, якая працуе гандляркай крамы ў вёсцы Наўгароды Мёрскага раёна. На абедзьвюх жачын з Мёршчыны таксама былі складзены пратаколы паводле ч.2 арт. 19.11 КаАП.
У Рызе ў знак салідарнасці з беларускімі палітзняволенымі выступіць Памідораў
У Рызе 12 студзеня пройдзе адмысловы выступ Аляксандра Памідорава (гурт Pomidor/OFF) у падтрымку беларускіх палітзняволеных — aнархістаў.
Беларусы па ўсім свеце традыцыйна працягваюць адзначаць свае падвойныя Калядныя ды навагоднія святы. Але вялікая частка намагаецца святкаваць ва ўмовах вымушанага выгнання. А яшчэ вялікая частка суайчыннікаў, братоў, сяброў сустракае святы Божага Нараджэння і Новага Года за кратамі, у бесчалавечных турэмных і карцарных умовах.
«Сярод іх ёсць шмат анархістаў, арыштаваных і кінутых у клеці па сфабрыкаваных справах, як памерлы нядаўна моцна збіты пры затрыманні Віктар «Мао» Жаркевіч, як дагэтуль не вядомы лёс футбольных «фанатаў». Шмат людзей, што церпяць проста з-за сваіх рэлігійных прынцыпаў, што аніяк не стасуецца з дэклараванай палітыкай беларускай дзяржавы, дзе на самай справе забітыя ўсе прынцыпы права і закона. Але ўлада ніколі не здолее забіць сапраўднае жыццё і святы заўсёды дораць нам надзею. Але акрамя надзеі, мы ўжо добра ведаем, што мы можам зрабіць разам, калі мы не проста спадзяемся на лепшае, а бяром справу ў свае рукі. Таму мы ўбачым вольнымі ўсіх сваіх, і будзем вольнымі разам. Не толькі Калядная зорка вядзе нас, а і абраны шлях кожнага, хто стаіць супраць дзяржаўнага гвалту, гвалту з чалавечага права!» — падкрэсліваюць арганізатары канцэрту Асацыяцыя беларусаў Латвіі Supolka.
Жыхара Слоніма судзяць за атрыманне замежнай дапамогі
Пятра Крышталя судзяць паводле арт. 24.15 ч. 2 КаАП «Парушэнне заканадаўства аб замежнай бязвыплатнай дапамозе». Справу разглядае Аляксандр Ярмолік у судзе Слонімскага раёна 10 студзеня.
Па гэтым артыкуле судзяць палітвязняў і іх сваякоў за атрыманне дапамогі прадуктамі ці грашыма.