Хронікі рэпрэсій за 8 студзеня: стала вядома колькі «экстрэмісцкіх фармаванняў» з'явілася ў Беларусі летась
З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі на сёння, 8 студзеня.
На дадзены момант у Беларусі налічваецца 257 прызнаных рэжымам «экстрэмісцкіх фармаванняў», з іх 89 прызналі ў 2024 годзе. Летась у пералік уключылі 10 медыя, кааліцыі, якія балатаваіліся на выбарах у Каардынацыйную раду, тэатральную трупу «Вольныя купалаўцы», шэраг грамадскіх арганізацый і ініцыятываў, замежныя фонды, піша Вясна.
З 2021 года за «стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім» (арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса) агулам асудзілі мінімум 248 чалавек (як правіла, гэты артыкул выкарыстоўваюць у абвінавачванні ў сукупнасці з іншымі крымінальнымі артыкуламі).
На Гомельшчыне былых палітвязняў у дзень выбараў запрашаюць у міліцыю
Пра гэта паведамляе «Гомельская Вясна».
6 студзеня супрацоўнікі крымінальна-выканаўчай інспекцыі аднаго з РАУС Гомеля правялі «прафілактычную гутарку» з асобамі, якія знаходзяцца на прафілактычным уліку. Былі сярод іх і асуджаныя па палітычных матывах.
Пасля расповядаў пра тое, як цудоўна жывецца ў Беларусі і перасцярогаў ад «непажаданых» учынкаў, супрацоўнік крымінальна-выканаўчай інспекцыі загадаў усім зноў з’явіцца на такую самую гутарку 26 студзеня — у дзень выбраў.
На заўвагі людзей міліцыянт адказаў: «Ну паспрабуйце схадзіць прагаласаваць, паглядзім, чым гэта скончыцца для вас. Вы сваё ўжо адгаласавалі ў 20-м годзе!».
Экстрэміст, схільны да агрэсіі і захопу закладнікаў. Што азначаюць лічбы на жоўтай бірцы Віктара Бабарыкі
8 студзеня Раман Пратасевіч апублікаваў фота і відэа з палітвязнем Віктарам Бабарыкам. На выкладзеных фота адразу кідаюцца ў вочы жоўтая бірка Бабарыкі і бачныя на ёй лічбы ў левым ніжнім куце — 3 і 10, заўважыла Наша Ніва. Яны азначаюць прафілактычныя ўлікі, на якія паставілі палітыка.
Прафулік №10 — «схільны да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасці».
Прафулік №3 — «схільны да нападзення на адміністрацыю, захопу закладнікаў і праявы агрэсіі».
Любы прафілактычны ўлік суправаджаецца ўзмоцненымі мерамі кантролю, такімі як частыя праверкі, абмежаванні ў перамяшчэнні і асаблівыя ўмовы ўтрымання.
У Брэсце судзяць яшчэ трох людзей за пратэсты 4-гадовай даўніны
Сёння Ленінскі суд Берасця пачаў разглядаць крымінальную справу супраць 3 людзей: Мацвіенка Дзмітрый, Кульбакоў Аляксей, Дангізян Арцём. Усіх абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 342 (групавое парушэнне грамадскага парадку). Ролю суддзі выконвае Андрэй Грушко.
Брэсцкія праваабаронцы знайшлі поўнага цёзку Кульбакова ў сацсетках. Мяркуючы па іх, мужчына валодае бізнесам па негабарытных перавозках (з офісам у Брэсце). Апошні раз анлайн быў у канцы кастрычніка 2024 года (верагодна, тады і быў затрыманы).
З-за якіх менавіта падзей судзяць гэтых людзей, на дадзены момант невядома. Верагодна, праз акцыю пратэсту, якая праходзіла 10 жніўня 2020 года ў Берасці.
Палітвязня Сяргея Франчука зноў будуць судзіць
У судзе Бабруйскага раёна і горада Бабруйска 10 студзеня распачнецца чарговы суд над палітвязнем. На гэты раз яго абвінавачваюць у "абразе прадстаўніка ўлады" (арт. 369 КК). Справу Сяргея будзе разглядаць суддзя Андрэй Літвін.
Нагадаем, Сяргей — стрыечны брат прадстаўніка АПК па абароне і нацбяспецы, былога намесніка камандзіра палка Каліноўскага Вадзіма Кабанчука.
Сяргея затрымалі 9 жніўня 2022 года. Летась яго двойчы запар асудзілі агулам да трох з паловай гадоў калоніі. Цяпер мужчына адбывае тэрмін у бабруйскай калоніі № 2.
Найбуйнейшую ўкраінскую сетку інфармацыйных каналаў "Труха" прызналі экстрэмісцкімі матэрыяламі
Суд Чыгуначнага раёна Гомеля 3 студзеня 2025 года прызнаў найбуйнейшую ўкраінскую сетку інфармацыйных каналаў "Труха" экстрэмісцкімі матэрыяламі
Усяго ў спісе 50 пазіцый на платформах розных сацыяльных сетак.
Паводле інфармацыі канала, звязанага з міліцыяй, гэта звязана з публікацыяй "загадзя ілжывых звестак пра Беларусь, удзелам у дэструктыўнай прапагандзе і інфармацыйных укідах".