Прапагандысты апублікавалі фота палітзняволенага Віктара Бабарыкі
Прапагандысты апублікавалі фота і відэа з былым банкірам, а цяпер беларускім палітзняволеным Віктарам Бабарыкам. З 2023 года ад яго не было ніякіх звестак.
Раман Пратасевіч у сваім тэлеграм-канале апублікаваў фота і відэа Віктара Бабарыкі, зробленыя, паводле Пратасевіча, у ПК-1 у Наваполацку.
Пратасевіч перадаў Бабарыку лісты ад сваякоў, палітвязень праз яго перадаў лісты родным. Нагадаем, сувязі з Віктарам Бабарыкам не было з 2023 года. Рэжым стварыў для яго так званае «інкамунікада» — поўную інфармацыйную блакаду.
******
Былы банкір Віктар Бабарыка быў затрыманы ў Мінску 18 чэрвеня 2020 года разам з сынам Эдуардам. Цяпер яны за кратамі, асуджаныя на доўгія тэрміны па сфабрыкаваных крымінальных справах. Прызнаныя палітычнымі зняволенымі.
Віктара Бабарыку затрымалі па эканамічных абвінавачаннях: «легалізацыя злачынных даходаў» і «атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры». А вось прысуд аказаўся палітычным: 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, буйны штраф і шматмільённая кампенсацыя таемнай «шкоды дзяржаве».
Лукашэнкаўскі суд прызнаў палітыка вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: «атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры» (ч. 3 арт. 430) і «легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам» (ч. 2 арт. 235). Ён адзіны з васьмі абвінавачаных па справе «Белгазпрамбанка» не прызнаў віны па ўсіх эпізодах абвінавачання.