У Беларусі чытаць медыя стала інтымным працэсам
Ноўнеймы чытаюць ноўнеймаў. YouTube глядзяць, а вось Facebook памёр. Пра практыкі спажывання кантэнту Press Club Belarus расказала на ўмовах ананімнасці журналістка, якая зусім нядаўна з’ехала з Беларусі. Ці супадае гэта з вашым досведам?
Я да гэтага часу такая запалоханая, што не хачу публічыць сваё імя. Паўгады таму я з’ехала з Беларусі, а да гэтага часу я працавала ў медыясферы. Я раскажу, якія стасункі з інфармацыяй былі ў мяне і майго атачэння, калі я знаходзілася ўнутры краіны. Гэта мой асабісты досвед.
Чаму і якія рэсурсы я чытала
Пасля амаль трох гадоў, пачынаючы з 2020-га, актыўнай чыткі навін вагонамі, таму што трэба па працы ці проста па звычцы, я не адрывалася ад экранаў камп’ютара, тэлефона. І вырашыла ў нейкі час (пасля 2023-га) адмовіцца чытаць навіны.
Але потым пачынае карцець, свярбець ад таго, што ты як быццам выпадаеш з інфармацыйнага поля. Ты ўжо даўно не падпісана ні на якія «экстрэмісцкія» каналы, чаты і г.д. Але ты садзішся, уключаеш VPN і пачынаеш чытаць. Чытаць запоем, бо дарвалася да інфармацыі як да вады пасля смагі. Лепей табе ад гэтага не становіцца, але ты нейкі час спажываеш інфармацыю як нармалёвы чалавек.
А потым перастаеш гэта рабіць. Бо неяк унутры разумееш, што парушыла нейкія новыя законы, па якім мы цяпер жывем (пагаджаемся з імі ці не). І так адбываецца хвалямі.
Калі размаўляеш з людзьмі, хто з’ехаў з краіны даўно, на цябе ўжо глядзець трошкі як на іншапланетніка. Нешта кшталту – як ты там выжыла? І сапраўды. Здаецца, няма ў цябе нейкай інфармацыі і жыві сабе ціха-спакойна.
Яшчэ Маклюен казаў, што медыя – гэта працяг цела чалавека. І калі цябе наўпрост пазбаўляюць ці ты сам сябе пазбаўляеш, адсякаеш трошачкі сваіх органаў, то гэта ўжо недзе мазахізм, да якога цябе прызвычаілі з часам. І ты прызвычаіўся.
Пра навіны
Калі я выехала з Беларусі, то пападпісвалася шмат на што – «экстрэмісцкае» і не, у розных сацсетках, паўсюль. І чытала, чытала, чытала. Зараз падпісак у мяне яшчэ болей: ніяк не магу напіцца сцюдзёнай вады з інфармацыяй. Прычым, шчыра кажучы, не заўжды гэта вельмі карысная інфармацыя. Проста адпрацоўваеш нейкія рэфлексы, якія пазабываліся.
Вельмі важна, каб быў лёгкі доступ, каб чытаць навіны. Каб уключыць VPN, трэба «дастаць мыліцу»: зрабіць шмат дзеянняў і многіх гэта адварочвае. Бо ты хочаш хутка ці вельмі хутка спажываць інфармацыю, а каб яе рэальна спажываць, то трэба пастарацца.
Я ведаю людзей, якіх адварочвалі вось гэтыя дзеянні: трымай на тэлефоне VPN, уключы, пачытай усё, што трэба, выключы. На забудзься замесці сляды.
Таму на спажыванне інфармацыі, канешне ж, уплывае гэтая «экстрэмісцкасць» і тое, што ты ўжо даўным-даўно забылася, хто там хто ў гэтых спісах. Дарэчы, калегі ці сябры прасілі спампаваць інфармацыю з сайта Мінінфарма, каб дазнацца пра апошнія абнаўленні па новенькім «экстрэмістам».
«Читать быстро, заходить не больше раза в день»
А калі я апынулася звонку, з’ехала, то зразумела, што я, аказваецца, даўным-даўно сышла ва ўнутраную эміграцыю, пакуль з часоў знішчэння амаль усіх СМІ, жыла на Радзіме. Маімі сферамі інтарэсаў сталі гісторыя і культура, прычым вялікую частку інфармацыі я здабывала з кніжак.
Пра кнігі
У канцы 2023 года – пачатку 2024-га стала адчувацца, што будуць забараняць беларускамоўныя кніжкі, потым кніжкі беларускіх аўтараў, а потым і ўвогуле – любую літаратуру. Такая паранойя.
Я стала купляць па некалькі кніжак на месяц. Розную літаратуру: беларускую і сусветную, класіку і навінкі, мастацкую і нон-фікшн. Канешне, я не паспявала іх чытаць, але вельмі радавалася павелічэнню сваёй бібліятэкі. Такая шчаслівая ўладальніца кніжак.
Да гэтага ўжо некаму зверху не давалі пакою то Дунін-Марцінкевіч, то Сыракомля з Караткевічам і яго «Каласы», якія выключылі са школьнай праграмы. У мяне на паліцы стаяла кніжка «120 Дзён Садома». Зараз яна забароненая да распаўсюду ў Беларусі.
Пра чацікі – сяброўскія і прафесійныя
У залежнасці ад ступені тваёй трывожнасці, ты то выходзіш з іх, то просішся назад, калі пачынаеш адчуваць інфармацыйны голад. Але ў нейкі час я нават пачала радавацца таму, што стала не толькі чытаць больш кніжак, але і глядзець больш фільмаў. Разумных фільмаў, не пабаюся гэтага слова, абавязковых важных фільмаў.
І, канешне ж, самі чацікі былі адмысловыя, бо то ты «ўладальніца» ці ўдзельніца груп пра пазногцікі, бровы, вазоны і г.д. Таму што так – бяспечней.
Пра беларускі і ўвогуле YouTube
Я не ведаю людзей, якія б не глядзелі праграмы на YouTube, адпісваліся там ад нейкіх «экстрэмісцкіх» каналаў. Я – не выключэнне. Прычым ты разумееш, што платформа здасць цябе хутчэй, чым хто. Юцюбаўскія алгарытмы не літуюць нікога. Першы позірк на твой манітор – і адразу бачна, што ты праглядваеш сістэматычна, ці што з’яўляецца тваёй guilty pleasure.
Ужо ў 2022-тым было зразумела, што некаторыя шоў, зробленыя беларусамі для беларускай аўдыторыі – яны ўжо не для людзей унутры краіны. Гэта свой свет, які бывае адарваны ад беларускай рэальнасці ўнутры Беларусі. Гэта пра беларускую рэальнасць – у іншых краінах.
Для сябе я вывела такую прыкладную формулу, што чалавек, які піша пра тое, што адбываецца ў Беларусі, можа гэта рабіць яшчэ цягам прыкладна паловы года.
А далей ён паціху адрываецца ад кантэксту, або што горш – пачынае яго скажаць. Калі ты не ў той атмасферы, ты для яе нафталін, бо захоўваеш у сваёй памяці толькі той момант, калі цябе там і бачылі ў апошні момант.
Пра Twitter-X
Яшчэ адна сацсетка, раней быццам бы нябачная для структур – гэта Twitter-X. Здавалася, што гэта прастора па-за часам і тэрыторый, дзе ты спакойна ставіш лайкі Ціханоўскай, каментуеш вясёлыя тэйкі ці проста назіраеш за новымі твітарскімі дыскусіямі.
Гэтая дзёрзкая і недзе зласлівая сацсетка многім замяніла стогнучы Facebook. Мне ў нейкі час таксама. Бо ў твітары ты навіны пазнаеш адразу праз мемы і жарты. Чамусьці ў твітары, нягледзячы на яго жоўць, ты адчуваеш сябе не адзін ці нават – разам з усімі.
Гэта я бы сябры сядзелі ў пакоях і размаўлялі на любыя тэмы – такая лічбавая ўнутраная эміграцыя. Гэта весела. Было. Потым, канешне, службы ўзяліся і за твітарскіх. Падзел бяспечнасці, мабыць, адбыўся, калі захапілі блогера Джыпсенкова.
Што я не чытала і чаму
Я не чытала Facebook. Вядома, што для многіх Facebook у Беларусі памёр. Таму што ў нейкі час ён стаў самай дэпрэсіўнай сацсеткай. Таму што ўтрымліваў столькі інфармацыі пра данаты. Таму што захоўваў у сабе рэфлексію, лайкі і падпіскі, якія ў момант сталі небяспечнымі. І людзі выдалялі Facebook. Таму Facebook для Беларусі памёр.
Пра стомлены Facebook і беларускія навіны
У Telegram у нейкі момант у мяне не было ніводнай падпіскі на ніводнае «экстрэмісцкае» СМІ. Таму што мне стала не цікава ці нават не важна. Бо ты стаміўся. Бо асноўныя навіны ты ведаеш і без ТГ-каналаў і СМІ: каго забралі, радзей – каго выпусцілі.
Ты ведаеш, каму ты дапамагаеш. Ты ведаеш гэтых людзей ці персанальна ці праз шэсць поціскаў рукі. Бо ў цябе ёсць знаёмыя на дзяржпрадпрыемствах, у дзяржсістэме. І яны ў простых размовах распавядаюць табе нейкую больш-менш непублічную інфармацыю. Твой свет звузіўся да твайго кола сяброў. І табе гэта стала нармальна. Бо ты хочаш працягваць сваё жыццё далей. Гэта быў мой натуральны шлях у тых абставінах.
Спажыванне інфармацыі стала інтымным заняткам
Я не кажу, што людзі нічога чытаюць. Чытаюць, яшчэ і як. Проста, хутчэй за ўсё, ты пра гэта не дазнаешся нават ад блізкага кола. Бо гэта ў нейкім сэнсе стала такім інтымным працэсам. Як займанне журналістыкай, абаронай правоў чалавека ці любы актывізм – сталі інтымнымі – хочацца, каб заставалася нешта сваё, каб ніхто там не таптаўся сваімі капытамі.
Спажыванне інфармацыі стала ноўнэймавым, як і часта вытворчасць гэтай інфармацыі. Ноўнеймы чытаюць ноўнеймаў. У Беларусі памёр і аўтар, і чытач. Як суб’екты.
Таму спажыванне інфармацыі – гэта справа асабістая. І рашэнне – спажываць? Як? Ці не спажываць? – таксама асабістае. Як і жыць з тымі наступствамі амаль пяцігадовай даўніны: ці ты павінен станавіцца вельмі пракачаным у лічбавай бяспецы ці ігнараваць гэта ўсё?
І кожны вырашае сабе сам, якой інфармацыяй запаўняць сваю галаву, якімі дыскурсамі выбудоўваць свае думкі, у сувязі з чым перажываць свае пачуцці. Але зараз мы пра гэта не даведаемся. Трэба чакаць іншых часоў і збіраць гэты ўнікальны досвед.