"Выглядае як карцінка для ЗША". Леанід Судаленка пра фота Віктара Бабарыкі, апублікаваныя прапагандыстамі
Праваабаронца і былы палітвязень Леанід Судаленка адрэагаваў у фэйсбуку на фота і відэа Віктара Бабарыкі, якія былі апублікаваныя ў тэлеграм-канале Рамана Пратасевіча 8 студзеня.
«Выглядае Віктар Дзмітрыевіч стомленым, але не да канца зламаным. Для чалавека, якому ўжо за 60 і якому на голаву зваліліся такія выпрабаванні я сказаў бы норм. Паголены, пастрыжаны, гузік зашпілены — знешні выгляд там патрабаванне рэжыму.
Гадзіннік на руцэ дазваляюць усім і на любы густ, не было ніколі ў палітычных з гэтым праблем. А вось новенькая з шкломатэрыяла "роба" ці кліфкт, як яго тамака завуць, сапраўды паказуха для фота. У такіх незасціраных кліфтах хіба што ў карантыне пасля этапу першы тыдзень вязьні так выглядаюць. Ды і жоўтая бірка экстрэміста па ўсім відаць прышыта спехам».
Леанід Судаленка выказвае згадку, дзе маглі быць зроблены гэтыя фота.
«Памяшканне. Па ўсёй верагоднасці пакой псіхолага ў лагерным клубе ці блізка да таго. Успамінаю, на падобную канапу мяне як раз псіхолаг садзіў, калі разам са шклянкай вады аддаваў тэлеграму аб смерці бацькі...»
«Тое, што змог прамовіць Віктар Дзмітрыевіч прапаную не абмяркоўваць, бо ў закладнікаў няма выбару. Уражанні? Выглядае як карцінка для ЗША — купляйце хутчэй пакуль жывы і здаровы...», — падсумоўвае праваабаронца.