«Лепшыя настаўнікі раёна»: пераслед педагогаў у Рэчыцы. Хронікі рэпрэсій
З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі на сёння, 9 студзеня.
Працягваецца палітычны пераслед настаўнікаў у Рэчыцы. Чарговы суд – 13 студзеня
Гэтым разам за рэалізацыю права на свабоду перакананняў і іх свабоднае выказванне рэпрэсіі напаткалі настаўніцу хіміі раённай гімназіі, вучні якой шматкроць рабіліся пераможцамі самых розных алімпіяд і конкурсаў.
13 студзеня ў судзе Рэчыцкага раёна намечаны разгляд адміністрацыйнай справы датычна Вікторыі Касцюхінай. Яе вінавацяць паводле часткі 2 артыкула 19.11 КаАП — «распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама выраб, выданне, захоўванне або перавозка з мэтай распаўсюду такой інфармацыйнай прадукцыі». Суддзя Вольга Фядосава.
Пра палітычны пераслед Вікторыі Касцюхінай напісалі і ў Telegram-канале, звязаным з рэчыцкімі падраздзяленнямі карных органаў рэжыму Лукашэнкі: «…ей не мешало в скромном чатике в "Вайбере" на 11 человек среди своих коллег и подружек ругать "крывавы рэжым", благами которого она не чуралась пользоваться. Как оказалось, наша мадам-хамелеон еще в 2020 году была активным участником протестов в городе».
Пры гэтым яны паведамляюць, што нібыта суд над Вікторыяй Касцюхінай ужо адбыўся і ёй прысудзілі штраф. Таксама сцвярджаюць, што Касцюхіну прымусова звольнілі з працы ў раённай гімназіі. Тым не менш, судовае пасяджэнне (магчыма, ужо не першае), у раскладзе суда Рэчыцкага раёна запланаванае толькі на 13 студзеня. А на сайце Рэчыцкай раённай гімназіі яна яшчэ пазначаная, як адна з дзвюх настаўніц хіміі.
Аб працоўных дасягненнях Вікторыі Касцюхінай шмат пісала мясцовая дзяржаўная раённая газета. У публікацыях гаварылася, што настаўніца дапамагала вучням рыхтавацца да розных алімпіяд і конкурсаў у хіміі, і яны там атрымлівалі прызавыя месцы. Апошняя публікацыя, дзе згадваецца імя Вікторыі Касцюхінай, як настаўніцы, чые вучні сталі найлепшымі знаўцамі хіміі ў Рэчыцкім раёне, выйшла сёлета 1 студзеня.
Гэта ўжо чацвёрты выпадак палітычнага пераследу настаўнікаў у Рэчыцы за апошнія месяцы, які стаў вядомы праваабаронцам. У верасні мінулага года паводле такіх самых падставаў рэпрэсавалі адну з найлепшых у Рэчыцкім раёне настаўніц біялогіі і хіміі з сярэдняй школы № 7 Дзіяну Нараеўскую. У кастрычніку рэпрэсавалі настаўніцу англійскай мовы сярэдняй школы № 4 Вольгу Герус. А 8 студзеня, таксама паводле артыкула 19.11, судзілі настаўніцу гісторыі Святлану Сашэнка. Акрамя настаўнікаў, пад рэпрэсіі патрапляюць і лепшыя лекары Рэчыцы.
Прадавачку вясковай крамы на Віцебшчыне асудзілі за «распаўсюд экстрэмізму»
Як паведамяе @vitebsk_info, у 2021 годзе мёрская газета пісала пазітыўную нататку аб прадавачцы крамы ў аграгарадку Наўгароды Таццяне Дабрынінай.
Сёння суддзя Ірына Яскевіч у судзе Мёрскага раёну разглядала справу жанчыны паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Вынік судовага пасяджэння пакуль невядомы.
Лінгвісты, айцішнікі, гаспадыня аграсядзібы, журналіст: каго прызналі палітвязнямі ў мінулым месяцы
Сёння ў Беларусі 1258 прызнаны палітычнымі зняволенымі. За снежань 2024 году выйшлі чатыры заявы па прызнанні палітвязнямі новых людзей — да спісу дадаліся яшчэ 58 чалавек.
36 чалавек з іх былі абвінавачаныя ўладамі паводле дыфамацыйных артыкулаў. Гэта людзі, якіх звычайна судзяць за каментары ў бок прадстаўнікоў улады ці Лукашэнкі. Яшчэ дзесяць чалавек былі заключаныя пад варту за ўдзел у мірных сходах у 2020 годзе.
Апроч таго, 12 чалавек абвінавачаныя за рознага кшталту «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».
На працягу апошняга месяца 2024 года фіксавалася тэндэнцыя інтэнсіўнай працы судовай сістэмы па вынясенні прысудаў грамадзянам, супраць якіх ужылі палітычна матываваныя крымінальныя рэпрэсіі.
Праваабаронцы «Вясны» адзначаюць, што за снежань паводле папярэдніх даных былі рэпрэсаваныя не менш за 188 чалавек, з якіх 141 мужчына, 47 — жанчын. Яшчэ сямёра чалавек былі асуджаныя ў рамках працэдуры спецыяльнай вытворчасці.
• У снежні ў Мінску асудзілі 101 чалавека;
• Тэндэнцыя асуджэння сем'яў паводле «народнага» арт. 342 КК захоўваецца;
• Супраць ахвяраў палітычных рэпрэсій ужываюць адвольнае прадаўжэнне тэрміну турэмнага зняволення.
Сфабрыкаваныя пераклады і ілжывыя абвінавачванні. Заўтра пачнуць судзіць палітзняволенага з Японіі
10 студзеня ў Мінскім гарадскім судзе распачнецца суд над палітзняволеным грамадзянінам Японіі і выкладчыкам Наканісі Масатосі. Яго затрымалі яшчэ ў ліпені 2024 года, але падрабязнасці яго пераследу распавялі ў сюжэце БТ толькі ў верасні. Сцвярджалася, што мужчына нібыта «ажыццяўляў збор і перадачу на адрас японскай спецслужбы разведвальнай інфармацыі вайсковага характару». Цяпер яго абвінавачваюць паводле арт. 358-1 КК (агентурная дзейнасць). Працэс прызначана весці суддзя Анжэла Касцюкевіч. Грамадзяніну Японіі пагражае да 7 гадоў калоніі.
У снежні стала вядома пра затрыманне другога японца ў Беларусі. Гэта пацвердзіла амбасада Японіі. Як піша The Asahi Shimbun, амбасада звярнулася за пацвярджэннем інфармацыі ў МЗС Беларусі. 16 снежня ведамства апавясціла амбасаду аб затрыманні грамадзяніна Японіі.
38-гадовага вайсковага лётчыка судзяць за «абразу Лукашэнкі»
У судзе Лідскага раёна 9 студзеня пачалі судзіць Сяргея Аляксеевіча Алдасева. Яму інкрымінуецца «абраза Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК). Справу разглядае суддзя Аляксандр Мішураў.
«Белпол» пацвердзіў«Нашай Ніве», што ў Беларусі жыве толькі адзін Сяргей Аляксеевіч Алдасеў. Гэта 38-гадовы лётчык, які па стане на 2020 год служыў у 61-й знішчальнай авіяцыйнай базе ў Баранавічах. Алдасеў скончыў авіяцыйны факультэт Ваеннай акадэміі Беларусі.
Сяргей удзельнічаў у парадах на Дзень незалежнасці. У 2018-м атрымаў кваліфікацыю вайсковага лётчыка другога статуса — гэта значыць, меў патрэбны налёт і быў падрыхтаваны да вядзення баявых дзеянняў днём у складаных метэаўмовах і ўначы ў простых метэаўмовах. На той момант у яго было званне маёра. Ці заставаўся Алдасеў у войску пасля 2020 года, невядома.
Сайт і сацсеткі праекту «Petitions.bу» прызнаныя «экстрэмісцкімі»
Адпаведнае рашэнне прынятае судом Цэнтральнага раёну Мінска 30 снежня. Нагадаем, напачатку снежня праўладныя тэлеграм-каналы пагражалі датычным да парталу petitions.bу.
Таксама Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўнілі:
- Telegram-каналы і чаты «ГУРНЕВIЧ», «Papera», «Papera. Archive»;
- Instagram старонка «free_bird_by»;
- TikTok-старонкі «ZA САБАЦЬКУ», «this_is_hrodna», «belsat¬_l».
Вядомую беларускую блогерку будуць судзіць за «распальванне варожасці»
17 студзеня ў Гомельскім абласным судзе пачынаецца судовы працэс у дачыненні да Вікторыі Гусаравай. Ей інкрымінавана ч. 1 арт. 130 КК (распальванне варожасці). Справу будзе разглядаць суддзя Алеся Осіпава.
Вікторыя — вядомая беларуская блогерка «gusarev_ka», яна мае больш за 32 тысячы падпісантаў у Instagram і больш за 17 тысяч — у TikTok. Яе апошнія допісы датаваныя вераснем — пад імі людзі пішуць, што дзяўчына знаходзіцца ў СІЗА.