Суддзю, які амаль тры месяцы разглядае «справу Ціханоўскага», прызначылі на іншую пасаду
У гомельскім СІЗА ўжо амаль тры месяцы ў закрытым рэжыме праходзіць суд над шасцю палітвязнямі: Сяргеем Ціханоўскім, Ігарам Лосікам, Мікалаем Статкевічам, Уладзімірам Цыгановічам, Арцёмам Сакавым і Дзмітрыем Паповым. Іх абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў, дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, распальванні сацыяльнай варожасці ў Беларусі падчас падрыхтоўкі і правядзення прэзідэнцкіх выбараў у 2020-м. Справу палітвязняў разглядае суддзя Мікалай Бакуноў.
Указам Лукашэнкі ад 7 верасня суддзю Бакунова вызвалілі ад пасады суддзі Гомельскага абласнога суда і прызначылі на пяцігадовы тэрмін суддзёй і старшынёй суда Чыгуначнага раёна г. Гомеля. Такім чынам, калі Бакуноў вырашыць пакінуць былую пасаду да заканчэння разгляду справы, то ў адпаведнасці з заканадаўствам судовы працэс над палітвязнямі прыйдзецца пачынаць спачатку, паведамляюць праваабаронцы.