Сабраць першакласніка ў школу — тры мільёны

З пачаткам жніўня на Гомельшчыне адкрылася каля 200 школьных кірмашоў. Колькі цяпер каштуе сям’і сабраць вучня ў школу?



school.jpg

Адзін з самых буйных школьных кірмашоў адкрыты Гомельскім аблгандальсаюзам у часовым павільёне побач з Цэнтральным рынкам. Нягледзячы на спёку, бацькі з дзецьмі й сёння бесперапынна заходзілі сюды. Да школы засталося не так шмат часу. Многія гараджане не хочуць адкладаць закупы на апошнія дні: і чэргі перад самай школай вялікія, і грошай у адзін прыём не набярэш.


Гараджанка Людміла мае сабраць у школу сына-васьмікласніка:


«Вельмі дорага. У шоку! Вялікія грошы трэба, каб сабраць яго ў школу. Адзенне асабліва. Гэта ж нельга абмежавацца, нават хлопцу, адным пінжаком і штанамі. Трэба ж нейкая замена, штанам у прыватнасці, бо ён жа не будзе ў адных хадзіць. А на два камплекты патраціцца надзвычай складана».


Спадарыня Зоя збірае ў школу двух дзяўчатак — першакласніцу Дашу й старэйшую дачку, якая выпраўляецца ў шосты клас:


«Двух збіраю — у першы й шосты класы. Хочам і школьную форму купіць, і спартовыя гарнітурыкі. Блузы, абутак — усё трэба. Скажу так: зняла з рахунку 3 мільёны, але думаю, што грошай не хопіць. Заробкі крыху падраслі, аднак ой як цяжка сабраць. Я ашчаджала — і адпускныя свае адклала, і заробак мужа».


Меншая дачка суразмоўніцы рвецца паглядзець заплечнік, а мама апавядае, што можна для дзяўчатак выбраць прыгожае беларускае адзенне. Бракуе, аднак, малых памераў:


«Можна выбраць беларускае — і фасоны прыгожыя ёсць. Але вось як на малых, то складана знайсці памер — на першакласніцу маю дробненькую».


Прадавачка школьнага адзення, ведаючы лепш за іншых асартымент і кошты, падсумоўвае выдаткі, якія мусяць панесці бацькі, збіраючы пачаткоўку ў школу:


«Каля мільёна гарнітурык з сарафанам і блузкаю. Абутак, туфлікі — прыкладна 300 тысяч. А яшчэ спадарожныя тавары — трэба ўзяць спартовы нейкі гарнітур, выраблены з трыкатажу. Плюс яшчэ канцтавары. Прыкладна каля 3 мільёнаў — адзенне, абутак і канцтавары».


Пра канцтавары й заплечнікі асобна кажа прадавачка Наталля:


«Мільён трэба, каб набыць заплечнік і пісьмовыя прылады. Апроч абутку й адзення».


На кірмаш прыйшла з дачкою й пляменнікам і ўкраінка Ганна. Яна прыехала з сям’ёю на лета ў Гомель з украінскага Краматорску:


«Тут спакойна й ціха, а там — страляюць. Мы прытулку не прасілі, бо ў нас тут сваякі — майго мужа маці тут жыве. Мы месяц пажылі й вырашылі вяртацца дадому, назад у Краматорск. Грошы скончыліся. Восемдзесят кіламетраў ад нас, у Данецку, ідуць баі. Кожны дзень. Няма там газу, святла і вады. Аднак у Краматорску ёсць пакуль вада, святло й газ».


Украінка кажа, што яшчэ невядома, дзе будуць вучыцца дачка й пляменнік — ва Украіне ці ў Беларусі. Таму й набывае школьнае адзенне, хоць ва Украіне сабраць дзіця ў школу нашмат танней, чым у Беларусі:


«Калі шчыра, мы нават не ведаем, дзе будзем хадзіць у школу — тут ці там. Але ўсё адно трэба адзявацца. Як на нас, то ў вас дорага, хоць да якасці прэтэнзіяў няма. У вас добрыя, якасныя рэчы».

svaboda.org