Са стэрыльнай Антарктыды ў свет пандэміі. Беларускія палярнікі плывуць дадому

У мінулым лістападзе нашы навукоўцы зноў адправіліся ў Антарктыду вывучаць клімат і змяненне прыродных умоў. Гэта ўжо 12-я беларуская экспедыцыя на поўдзень планеты.

antarktika_pozdravlyaet_0.jpg


Як раз у красавіку-траўні яны павінны вяртацца да дому. Але ж пандэмія і закрытыя граніцы могуць унесці свае карэктывы. Зараз нашы навукоўцы плывуць на судне “Акадэмік Фёдараў” з палярнай станцыі да Кейптаўна, Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка.
Зялёны партал паразмаўляў з начальнікам Рэспубліканскага цэнтра палярных даследаванняў НАН Беларусі Уладзімірам Рыжыкавым аб тым, як гэта жыць паўгады ў ізаляцыі і што нашы навукоўцы захапілі з сабою з Антарктыды.

Колькі тых палярнікаў?

Зараз у экспедыцыі знаходзяцца дзевяць навукоўцаў. Беларусы, якія працавалі на турэцкай і балгарскай станцыях, ужо вярнуліся дадому. У планах на наступную экспедыцыю — таксама запрасіць для сумеснай працы на нашай станцыі навукоўцаў з іншых краін.
"Кожны год беларуская станцыя дабудоўваецца: яна модульнага тыпу, таму да яе можна дастаўляць новыя блокі. На сёння існуе модуль кіравання і лабараторна-жылы комплекс. Кожны з іх дзеліцца на некалькі секцый, — распавядае Уладімір Рыжыкаў. — Нядаўна да жылога комплексу яшчэ дабудавалі хірургічную секцыю, каб мець магчымасць у экстраннай сітуацыі аказаць медыцынскую дапамогу".
Дарэчы, сёлета Беларусь чакае, што стане поўным членам навуковага камітэта па вывучэнню Антартыкі (пакуль што мы маем статус асацыятыўнага члена). Але, на жаль, з-за сітуацыі ў свеце гэта міжнароднае мерапрыемства пакуль што адкладваецца.

Што беларускія палярнікі робяць у Антарктыдзе?

Адным з важных здабыткаў сакавіка стаў рэкордны палеаграфічны керн — глыбінёю 1,95 м. То-бок нашы навукоўцы прабурылі свідравіну і атрымалі ўзор донных адкладаў, якім можа быць да 20 000 гадоў.
“Донныя адклады накопліваліся ў азёрах Антарктыды, пакуль яны яшчэ не замерзлі. Адпаведна, па іх можна меркаваць пра тое, як мяняюся клімат, тобок можна зрабіць палеарэканструкцыю клімату, — тлумачыць Уладзімір Рыжыкаў. — Адклады накопліваюцца па некалькі міліметрах на працягу тысяч год. Гэты керн прывязуць у замарожаным выглядзе ў Мінск для апрацоўцы і даследаванняў”.
У экспедыцыю ездзяць вучоныя з розных сфер: геолагі, хімікі, фізікі, эколагі… Адпаведна, на працы “ў полі” яны праводзяць шмат эксперыментаў, а апрацоўваюць потым усё на “Вялікай Зямлі” — у беларускіх інстытутах.
“Што датычыцца гэтага года, у нас была анамальна цёплая зіма ў паўночным паўшар’і і ў Антарктыцы таксама фіксавалі высокія тэмпературы. У Заходняй Антарктыдзе было да +18, што даволі анамальна і рэдка для таго рэгіёна. На нашай станцыі Гара Вячэрняя таксама былі зафіксаваныя плюсавыя тэмпературы. Гэта для палярнікаў не вельмі добра, бо размываюцца накатаныя ледзяныя дарогі, усё цячэ…” — расказвае вучоны.
Насамрэч, працы ў нашых палярнікаў шмат. Нават хацелі гэтым разам узяць з сабою повара, бо дзяжурства на кухні адцягвае шмат часу ад навуковых эксперыментаў.
“Але, на жаль, кандыдаты не падышлі па здароўю. Тым не менш на будучыню гэты план захоўваецца, так што ў беларускіх кухараў ёсць рэальны шанец паказаць сваё майстэрства на самым паўднёвым кантыненце планеты”.
Навуковыя эксперыменты ў Антарктыдзе наглядна паказваюць, што любыя змены ў нас наўпрост адлюстроўваюцца па ўсім свеце, нават і там, дзе жыве не так шмат людзей. Кліматычныя даследаванні праводзіць не толькі беларускі бок, але і міжнародная супольнасць.

foto_bas5.png


Стэрыльная Антарктыда і беларускі каранцін

Асаблівы клімат Антарктыды робіць яе амаль што стэрыльнай: вірусы і бактэрыі там не выжываюць. І нашы палярнікі вяртаюцца дадому не самымі падрыхтаванымі да пандэміі.
Таму па прыездзе іх чакае каранцін, каб арганізм змог адаптавацца да нашых рэалій.
“Але наўрад ці іх спужае яшчэ некалькі тыдняў самаізаляцыі, бо навукоўцы і так жывуць па паўгады ўдалі ад цывілізацыі, — кажа Уладзімір Рыжыкаў. — З сабою ў экспедыцыю навукоўцам можна ўзяць вельмі абмежаваную колькасць рэчаў. Таму на месцы праца кіпіць — гэта адна з умоў паспяховай зімоўкі. Каб не сядзець у бяздзеянні на абмежаванай тэрыторыі”.
Умовы Антарктыкі даволі суровыя. Нават ваду там так проста не пап’еш: трэбы падсольваць, бо яна па складзе адрозніваецца ад нашай і мае нізкую мінералізацыю.
“Яе робяць падобнай на звычайную, каб не вымывалася соль з арганізму. Плюс навукоўцы п’юць вітаміны, ядуць садавіну і сухафрукты, каб падтрымліваць здароўе”.
Часта пытаюць, навошта палярнікі бяруць з сабою крэм ад загару. Насамрэч, дадому яны прыязджаюць загарэлыя, бо сонца мала таго, што свеціць зверху, але ж яшчэ і адлюстроўваецца ад снегу.
“І яшчэ адзін фактар — ультрафіялетавае выпраменьванне. Над Антарктыдай існуе азонавая дзірка, з-за якой канцэнтрацыя азону ў атмасферы даволі нізкая і ён не так добра захоўвае зямлю ад ўльтрафіялету. Таму крэмам карыстаюцца, каб паменшыць уздзеянне выпраменьвання на адкрытыя участкі шкуры”, — распавядае Уладзімір Рыжыкаў.
Надзея Анісовіч, greenbelarus.info