Мікіта Салавей: Колькі яшчэ трэба сотняў смерцяў пацыентаў для спыненне вар'яцтва, які дзеецца з ковідам?
«Мяне не здзіўляе пазіцыя чыноўнікаў Мінздароўя... Мяне здзіўляе пазіцыя вельмі многіх маіх калегаў». Доктар-інфекцыяніст, кандыдат медыцынскіх навук Мікіта Салавей на сваёй старонцы ў фэйсбуку пракаментаваў новую ініцыятыву Міністэрства аховы здароўя наконт адмены масачнага рэжыму.
— Патлумачу чалавечай мовай. Падчас пандэміі COVID-19 — яшчэ, хутчэй за ўсё, нават не на піку захворвання, калі паліклінікі і стацыянары устаноў аховы здароўя ўсіх рэгіёнаў краіны захлынаюцца ад пацыентаў c COVID-19, недахопу кіслароду, лекавых сродкаў…, калі прыпынена аказанне дапамогі пацыентам практычна з усёй планавай паталогіяй, калі многіх пацыентаў нават з вострымі захворваннямі лекары вымушаныя адпраўляць лячыцца дадому, таму што фізічна няма куды шпіталізаваць, не падвяргаючы рызыцы інфікавацца яшчэ і ковідам, — адмяняецца абавязковы масачны рэжым у месцах масавага збору людзей. Напрыклад, у метрапалітэне ў гадзіну пік, у крамах, гандлёвых цэнтрах і гэтак далей.
Мяне не здзіўляе пазіцыя чыноўнікаў Мінздароўя... Службовым асобам у недалёкай будучыні за гэта яшчэ давядзецца адказаць перад законам і беларускім народам. Прэцэдэнт Бразіліі вам у дапамогу.
Мяне здзіўляе пазіцыя вельмі многіх маіх калегаў. Няўжо ў санітарна-эпідэміялагічнай службе, інфекцыйнай службе, анестэзіялогіі і рэаніматалогіі, іншых галінах, сярод штатных і пазаштатных спецыялістаў не засталося сапраўдных лекараў, для якіх здароўе і дабрабыт уласнага народа значна важнейшыя, чым імгненны дабрабыт купкі чыноўнікаў? Колькі яшчэ трэба сотняў смерцяў пацыентаў у дзень, каб вы дасталі свае языкі з аднаго месца і нарэшце пачалі рабіць усё магчымае для спыненне вар'яцтва, якое дзеецца з ковідам? У тым ліку ўплываючы на ключавыя рашэнні па прадухіленні далейшага распаўсюджвання пандэміі. Напэўна, гэта рытарычнае пытанне. Але можа хоць нехта яшчэ зможа задумацца...
Дарагія пацыенты! Медыкі не панікуюць. Яны з апошніх сіл, аказваючы дапамогу ў хаце, у паліклініках і стацыянарах, робяць усё магчымае, каб вы выйшлі з катастрофы з COVID-19 з мінімальнымі стратамі. На жаль, не ўсё залежыць ад нас саміх. Я яшчэ раз заклікаю як мага хутчэй вакцыянавацца ўсіх, хто гэтага яшчэ не зрабіў, выкарыстоўваць маскі хоць бы ў транспарце і месцах масавага збору людзей, адмяніць неабавязковыя падыходы ў крамы, гандлёвыя цэнтры, на забаўляльныя мерапрыемствы, клапаціцца не толькі пра сябе, але пра людзей побач з вамі, якія часцяком могуць быць больш уразлівыя, чым мы. Толькі разам мы зможам справіцца!