Экс-начальніка крымінальнага вышуку Дзмітрыя Кулакоўскага вызвалілі ў залі суда. А яго жонку затрымалі
У судзе Маскоўскага раёна Мінска 22 студзеня вынесены прысуд Дзмітрыю Кулакоўскаму. Палітвязня і экс-начальніка крымінальнага вышуку асудзілі на два гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу ("хіміі").
Дзмітрый Кулакоўскі раней узначальваў крымінальны вышук у Заводскім РУУС Мінска. Працаваў у міліцыі з 2006 года, мае прафесійныя ўзнагароды і падзякі ад кіраўніцтва. Пасля выбараў ён заявіў, што не згодны з дзеяннямі ўлады. У верасні прынялі яго рапарт на звальненне. А неўзабаве абвясцілі падазраваным па справе ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК РБ).
У першы раз супрацоўнікі ўпраўлення ўласнай бяспекі МУС затрымалі яго недалёка ад дома — за "непадпарадкаванне" ён атрымаў 12 сутак арышту (арт. 23.4 КаАП). У знак пратэсту Дзмітрый праглынуў чатыры металічныя прадметы. Затым на яго склалі новы пратакол, зноў за «непадпарадкаванне», і далі ўжо 15 сутак.
Пасля амаль месяца арышту 4 снежня Кулакоўскі спрабаваў пакінуць Беларусь, але быў затрыманы на мяжы і дастаўлены ў ізалятар. Пераведзены ў СІЗА Жодзіна ў якасці падазраванага па крымінальнай справе па арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады).
Праваабаронцы прызналі Дзмітрыя Кулакоўскага палітвязнем.
Паводле версіі следства, Дзмітрый Кулакоўскі пакінуў абразлівы каментар пад фота дзейнага супрацоўніка УУБ у суполцы «Карнікі Беларусі». Сам абвінавачаны гэта абвяргае і сцвярджае, што нават не ведае аператыўніка, пра якога ідзе гаворка.
«Мяркую, што супрацоўнікі УУБ вырашылі мяне правучыць, паказаць іншым супрацоўнікам, што не варта звальняцца, бо вось, што з імі будзе, — так з’явілася гэтая справа. Мяне трымалі 27 содняў, ад мяне патрабавалі прызнаць, што я спрабаваў прадаць інфармацыю пра супрацоўнікаў міліцыі, але я адмовіўся».
У судзе Маскоўскага раёна Мінска 22 студзеня вынесены прысуд палітвязню і экс-начальніку крымінальга вышуку Дзмітрыю Кулакоўскаму. Палітвязня і экс-начальніка крымінальнага вышуку асудзілі на два гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу ("хіміі"). Таксама ён мусіць сплаціць кампенсацыю 1000 рублёў пацярпеламу.
Пасля пасяджэння Кулакоўскі заявіў, што справа цалкам сфабрыкаваная, пабудаваная на здагадках следчага, мае шмат нестыковак. І ён не ведае чалавека, якога быццам абразіў. Дзмітрый Кулакоўскі збіраецца абскарджваць прысуд.
Ён таксама распавёў пра жудасныя ўмовы ўтрымання ў Жодзіна — у камеры знаходзіліся 23 чалавека.
Пасля суда затрымалі жонку Дзмітрыя Кулакоўскага разам з 15-гадовай дачкой. Яны стаялі ля ўвахода ў будынак і трымалі белыя і чырвоныя шарыкі. Выйшаў міліцыянт і загадаў прайсці ў суд, сказаў, што зараз прыедзе нарад.
Жонку Дзмітрыя Кулакоўскага і дачку павезлі ў Маскоўскі РУУС.