На мяжы затрыманы былы міліцыянт, які заяўляў пра катаванні на Акрэсціна. Яго абвінавачваюць па крымінальнай справе
На днях быў затрыманы былы начальнік крымінальнага вышуку Заводскага РУУС Дзмітрый Кулакоўскі. Ён пакінуў службу неўзабаве пасля прэзідэнцкіх выбараў, паколькі быў не згодны з дзеяннямі ўлады. У кастрычніку яго затрымалі супрацоўнікі ўпраўлення ўласнай бяспекі міліцыі, амаль месяц ён правёў у ізалятары на Акрэсціна, дзе з ім абыходзіліся так, што на знак пратэсту ён глытаў металічныя прадметы. У дачыненні да Кулакоўскага заведзена крымінальная справа па факце абразы прадстаўніка ўлады. Дзмітрый спрабаваў пакінуць Беларусь, але быў затрыманы на мяжы і дастаўлены ў ізалятар.
Фота Дзмітрыя ДзмітрыеваДзмітрый Кулакоўскі яшчэ нядаўна ўзначальваў крымінальны вышук у Заводскім РУУС Мінска. Працаваў у міліцыі з 2006 года, мае прафесійныя ўзнагароды і падзякі ад кіраўніцтва.
Пасля выбараў Дзмітрый заявіў, што не згодны з дзеяннямі ўлады. У верасні прынялі яго рапарт на звальненне. А неўзабаве абвясцілі падазраваным па справе ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК, караецца грамадскімі працамі, або штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, або арыштам, ці абмежаваньнем волі на тэрмін да трох гадоў) з ліку супрацоўнікаў праваахоўных органаў.
У кастрычніку супрацоўнікі ўпраўлення ўласнай бяспекі МУС затрымалі яго недалёка ад дома — за «непадпарадкаванне» ён атрымаў 12 сутак арышту. Пакаранне адбываў у ізалятары на Акрэсціна. Там яго змясцілі ў карцар, умовы былі надзвычай жорсткімі: ложак быў прышпілены да сцяны і днём, і ноччу, было адзінае крэсла, на якім ён сядзеў 12 сутак і практычна не спаў. Адвакату Дзмітрый змог перадаць, што ў яго апухаць ногі, у яго цукровы дыябет другога тыпу (у рэдакцыі ёсць копіі медыцынскіх дакументаў, якія пацвярджаюць дыягназ — Заўвага. TUT.BY).
Пасля першага адміністрацыйнага тэрміну Кулакоўскі на волю не выйшаў, яго затрымалі зноў за «непадпарадкаванне», на гэты раз участковаму міліцыянту, і далі ўжо 15 сутак арышту. Частку другога тэрміну ён зноў правёў у карцары ў тых жа ўмовах. У знак пратэсту Дзмітрый праглынуў чатыры металічных прадмета.
Сям'я і абаронца заявілі, што ўмовы, у якіх ён змяшчаецца, можна расцаніць як катаванні.
Беларускім крымінальным заканадаўствам катаванні аднесены да злачынстваў супраць бяспекі чалавецтва (арт. 128 КК) — караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад сямі да дваццаці пяці гадоў, або пажыццёвым зняволеннем, або смяротным пакараннем. Гэта злачынства без тэрміну даўнасці.
Пасля таго, як гісторыя з'явілася ў СМІ, Кулакоўскага перавялі ў звычайную камеру. З рэдакцыяй TUT.BY звязалася адразу некалькі чалавек, якія сядзелі або разам з Кулакоўскім, або ў суседніх камерах, яны пацвердзілі, што для яго як для былога супрацоўніка міліцыі наўмысна стваралі надзвычай жорсткія ўмовы ўтрымання. Каментар прэс-службы МУС, куды звярталіся двойчы, журналісты так і не атрымалі.
Пасля адбыцця 27 сутак адміністрацыйнага арышту Дзмітрый быў вызвалены. На днях ён спрабаваў пакінуць Беларусь, мера стрымання ў дачыненні да яго не абіралася, аднак яму быў часова абмежаваны выезд за межы краіны. Як стала вядома TUT.BY, экс-міліцыянт быў затрыманы на мяжы і дастаўлены ў ізалятар, ужо па крымінальнай справе (абраза прадстаўніка ўлады).
tut.by