Забарона «Альтэрнатывы». Спроба нумар два?
Па выніках партыйнай канферэнцыі СДПГ дэлегаты аднагалосна прагаласавалі за падрыхтоўку забароны права-папулісцкай «Альтэрнатыва для Германіі» (AfD). Аднак быць «экстрэмістам» у Германіі не тое, што ў Сінявокай. У нас такі статус гарантуе крымінальны артыкул і, хутчэй за ўсё, тэрмін у турме. А вось у немцаў прызнанне партыі экстрэмісцкай не азначае аўтаматычную забарону яе дзейнасці.

Ілюстрацыйная выява. Крыніца afd.de
У апошні ўік-энд чэрвеня ў Берліне эсдэкі аднагалосна ўхвалілі прапанову выканаўчага камітэта партыі, якая заклікае да стварэння федэральна-зямельнай працоўнай групы для збору доказаў неканстытуцыйнасці партыі правых папулістаў. Калі будзе знойдзена дастаткова доказаў, Сацыял-Дэмакратычная Партыя Германіі (SPD) будзе настойваць на тым, каб прапанова аб забароне AfD была пададзена ў Федэральны канстытуцыйны суд, прычым «неадкладна».
«У той момант, калі Федэральнае ведамства па абароне Канстытуцыі кажа, што «Альтэрнатыва» —гэта відавочна правая экстрэмісцкая партыя, больш не можа быць ніякіх манеўраў», — заявіў лідар партыі Ларс Клінгбайль. «Наша гістарычная задача — зноў вывесці іх (дэпутатаў ад «Альтэрнатывы») з парламентаў», — таксама паведаміў палітык.
Цікава, што ў справе «Альтэрнатывы» прысутнічае расейскі фактар. Экс-канцлер Германіі Олаф Шольц (Olaf Scholz), выступаючы на згаданым вышэй з'ездзе, заявіў, што паміж «Альтэрнатывай для Германіі» і прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным існуе «эмацыйная блізкасць».
Глядзіце таксама

Па факце эсдэкі проста падтрымалі пачын эколагаў. Раней кіраўнікі партыі Зялёныя таксама заклікалі да стварэння падобнай працоўнай групы па збору кампраметуючай інфармацыі на «альтэрнатыўшчыкаў». «Мы павінны дзейнічаць, перш чым гэтая партыя («Альтэрнатыва для Германіі») працягне сістэматычна падрываць нашу дэмакратыю», — заявіў адзін з лідараў партыі Фелікс Банашак.
Гэта ўжо другая серыя ў серыяле па забароне «Альтэрнатывы». У пачатку мая Федэральная служба па абароне Канстытуцыі Германіі аб'явіла партыю «Альтэрнатыва для Германіі» экстрэмісцкай арганізацыяй, якая «пагражае дэмакратыі ў краіне». «Альтэрнатыва» і раней у цэлым была пад назіраннем як падазраваная ў экстрэмізме. Цяпер жа праваэкстрэмісцкай аб'яўлена ўся партыя, і гэта, дарэчы, першы такі выпадак у гісторыі Германіі.
У заяве ведамства было ўказана, што «характарызуецца экстрэмісцкай накіраванасцю і грэбаваннем чалавечай годнасцю». Як адзначылі ў Федэральным ведамстве па ахове Канстытуцыі, AfD не прызнае права нямецкіх грамадзян, якія эмігравалі з мусульманскіх краін, быць раўнапраўнымі членамі грамадства.
Аднак быць «экстрэмістам» у Германіі не зусім тое, што ў Сінявокай. У нас такі статус гарантуе крымінальны артыкул і, хутчэй за ўсё, тэрмін у турме. А вось у немцаў прызнанне партыі экстрэмісцкай не азначае аўтаматычную забарону яе дзейнасці. Для гэтага асобнае рашэнне павінен прыняць Федэральны канстытуцыйны суд, які пакуль ад такога вердыкту ўстрымліваецца.
Зрэшты, прызнанне «экстрэмістам» дазваляе сілавікам пашырыць арсенал сродкаў сачэння за арганізацыяй. Ліберальная прэса таксама сцвярджае, што рашэнне Федэральнай службы па абароне Канстытуцыі з'яўляецца адным з прамежкавых крокаў да канчатковай забароны палітычнай сілы.
А што «альтэрнатыўшчыкі»? У кіраўніцтве «Альтэрнатывы» пакуль не вераць у перспектыву бана. Сустаршыні AfD Аліс Вайдэль і Ціна Крупала заявілі, што рашэнне Федэральнай службы па абароне Канстытуцыі прынята па палітычных матывах. А пераслед партыі AfD, якая адлюстроўвае палітычныя перавагі 1/5 насельніцтва краіны, груба парушае міжнародныя дамовы па правах чалавека, ратыфікаваныя Германіяй.
Аптымізм Аліс Вайдэль і Ціна Крупала мае падставы. Кіруючая ў краіне партыя кансерватараў па-ранейшаму настроена скептычна наконт крыміналізацыі «Альтэрнатывы». Парламенцкі сакратар кансерватараў Штэфен Більгер (Steffen Bilger) выказаў меркаванне, што атрыманай на дадзены момант інфармацыя недастаткова для запуску працэдуры забароны AfD, і звярнуў увагу на «шматлікія юрыдычныя бар'еры». Ён дадаў, што дэталі забароны падлягаюць абмеркаванню ў межах кіруючай кааліцыі, куды таксама ўваходзяць сацыял-дэмакраты
Адным словам, каб канчаткова забараніць «Альтэрнатыву» давядзецца доўга-дойга судзіцца. А за час судовых цяжбаў можа шмат што адбыцца. Аж да таго, што правыя папулісты зойдуць ва ўладныя структуры.