«Чаму мы дазваляем выганяць нас з Беларусі?» Муж Марфы Рабковай – пра шантаж сілавікоў

Каардынатарка валанцёрскай службы «Вясны», праваабаронца, студэнтка ЕГУ, 26-гадовая Марфа Рабкова ўжо чатыры месяцы застаецца ў СІЗА на Валадарскага і прабудзе там як мінімум да 17 сакавіка. Дзяўчыну вінавацяць у рыхтаванні, навучанні ці фінансаванні ўдзельнікаў масавых закалотаў. У Марфы ды ейнага мужа забралі грошы ў якасці доказу: сродкі былі адкладзеныя на аплату навучання і лячэнне цяжка хворага бацькі валанцёркі. Праваабаронцы пагражае да трох гадоў зняволення. Белсат пагутарыў з мужам Марф Рабковай.

Муж Марфы Рабковай паказвае здымак жонкі ў Instagram. Фота: АВ / «Белсат»

Муж Марфы Рабковай паказвае здымак жонкі ў Instagram. Фота: АВ / «Белсат»



«Даўненька я не страляў па людзях»

Марфу Рабкову затрымалі разам з мужам Вадзімам Жаромскім 17 верасня 2020 года. У той вечар сужэнцы разам вярталіся з цырымоніі ўручэння праваабарончай прэміі.
– Мы ішлі, раптам да нас пад’ехалі некалькі машынаў, з іх выскачылі людзі ў масках, скруцілі нас і павезлі ў розных кірунках: Машу – у ГУБАЗіК, мяне – дамоў на ператрус, – згадвае Вадзім.
Марфа Рабкова да 2016 года вучылася ў Педагагічным універсітэце імя Максіма Танка на біялагічным факультэце. Яе адлічылі з апошняга курсу за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях. Як распавёў Вадзім, дзяўчына спрабавала працягнуць навучанне ў Магілёўскім універсітэце імя Аркадзя Куляшова, але адлічэнне за актывізм перашкодзіла. Тады Марфа зразумела, што ў Беларусі ёй не дадуць давучыцца, і пайшла ў ЕГУ. І там у міжнароднай палітыцы знайшла сябе гэтак сама, як раней у педагогіцы, кажа ейны муж.
31-гадовы Вадзім Жаромскі да ЕГУ атрымаў адукацыю ў сферы лясной гаспадаркі ў Полацкім каледжы (мужчына паходзіць са Смаргоні). Цяпер навучанне сумяшчае з працай адміністратарам у менскім бізнес-цэнтры.
Пасля ператрусу мужчыну таксама даставілі ў ГУБАЗіК на допыт. Там яму на галаву надзелі мяшок са шчыльнай тканіны – такі вялікі, што закрываў цела да грудзей. З гэтым мяшком Вадзіма вадзілі з кабінету ў кабінет, пакуль нарэшце не знялі.
– Мне пагражалі, намякалі на гвалт, адзін сказаў: «Даўненька я не страляў па людзях», – згадвае муж Марфы. – Мяне не білі, але гэта быў вельмі агрэсіўны допыт.
Вадзіма адпусцілі, Марфу ж пакінулі ў СІЗА і выставілі абвінавачанне паводле ч. 3 арт. 293 КК РБ – «Навучанне альбо іншае рыхтаванне асобаў да ўдзелу ў масавых закалотах, а таксама фінансаванне ці іншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці».

Асуджаныя мусяць скампенсаваць дзяржаве шкоду ад пратэстаў

Падчас ператрусу ў маладой сям’і сканфіскавалі тэхніку, дакументы, датычныя праваабарончай дзейнасці, нават сертыфікаты пра сканчэнне курсаў і трэнінгаў, а таксама каля 3500 еўраў. Гэтыя грошы следства выкарыстала як доказ фінансавання пратэстаў.
– Амаль тысяча з той сумы засталася з падарунку на нашае з Машаю вяселле, нават ляжалі яшчэ ў віншавальным канверце, – кажа Вадзім.
– Яшчэ частка была адкладзеная на аплату навучання і на лячэнне бацькі Машы, у яго 4-я стадыяй анкалагічнай хваробы. Пры гэтым усё нават было падпісана: колькі і на што.

Вадзім, муж Марфы Рабковай. Фота: АВ / «Белсат»

Вадзім, муж Марфы Рабковай. Фота: АВ / «Белсат»


Паводле Вадзіма, следчыя не хацелі слухаць ніякіх тлумачэнняў, стаялі на сваім: гэтыя грошы Рабкова збіралася накіраваць на арганізацыю закалотаў.
– Таксама яны казалі, што пратэстамі ў жніўні і верасні дзяржаве была нанесеная значная шкода, і цяпер асуджаныя павінны гэта скампенсаваць, – дадае наш суразмоўца.

Следству няма з чым ісці ў суд

Вадзім Жаромскі прыгадвае, як яшчэ ў лістападзе следчыя казалі, нібыта справа Марфы блізіцца да завяршэння і да новага года будзе суд. Але замест гэтага палітычнай зняволенай працягнулі тэрмін утрымання пад вартаю да 17 сакавіка – агулам дзяўчына правядзе за кратамі паўгода. Вадзім лічыць, што следству няма з чым ісці ў суд, таму справа зацягваецца.
Паводле мужчыны, у матэрыялах справы няма нейкіх канкрэтных эпізодаў паводле арт. 293.
– Усё вельмі цьмяна, там не прыводзяцца нейкія дзеянні, даты. Я не ўбачыў доказаў віны Машы, – кажа муж праваабаронцы.

Марфа і Вадзім на здымку ў Instagram. Фота: АВ / «Белсат»

Марфа і Вадзім на здымку ў Instagram. Фота: АВ / «Белсат»


Больш падрабязна пра справу Вадзім распавесці не можа: як сведка ён застаецца пад падпіскаю пра неразгалашэнне. Толькі дадае, што на Марфу пагражалі «павесіць» і іншыя артыкулы. Сужэнцы гэта расцэньваюць як запужванне і доказ таго, што паводле арт. 293 у следства на дзяўчыну нічога няма.

Блакаванне ліставання, шантаж спатканнямі

Амаль месяц Вадзім не атрымліваў навінаў ад жонкі. Напрыканцы 2020 года, 22 снежня, прыйшоў ліст, наступны – толькі 19 студзеня.
Марфе таксама не ўсе лісты даходзяць. Сям’я валанцёркі напісала каля 60 лістоў, а Марфа атрымала менш за 20.
– Я бачу мэтанакіраванае блакаванне ліставання з бацькамі, – кажа Вадзім. – 6 студзеня ў Марфы быў дзень народзінаў, ёй споўнілася 26 гадоў. Напярэдадні ў менскіх дварах масава падпісвалі ёй паштоўкі. Але Маша нічога не атрымала.

Вадзім трымае альбом з сямейнымі здымкамі. Фота: АВ / «Белсат»

Вадзім трымае альбом з сямейнымі здымкамі. Фота: АВ / «Белсат»

Акрамя стварэння перашкодаў для камунікацыі з блізкімі праз лісты, Марфе дасюль ні разу не дазволілі спаткацца з сям’ёю. Вадзім пісаў заяву ў Следчы камітэт з просьбаю пра кароткую сустрэчу з жонкаю, калі ў снежні ад каронавіруса памерла ейная бабуля.
– Я тлумачыў, што Машы трэба падтрыманне, але ніхто не пажадаў зразумець. Як бы і веры асаблівай не было, але спадзяваўся на нешта чалавечае ў іх, – кажа Вадзім. – Але праз два тыдні прыйшла адмова.
Мужчына кажа, што жонку шантажуюць спатканнямі:
– Да яе прыходзяць працаўнікі і абяцаюць сустрэчу са мной у абмен на патрэбныя ім паказанні. Усё суправаджаецца моцным псіхалагічным ціскам.

«Маша будзе вольнаю разам з усім беларускім грамадствам»

У сувязі з хваробаю бацькі Марфы – рак у 4-й стадыі – Вадзім прасіў змяніць ейнае ўтрыманне пад вартаю на падпіску пра нявыезд. Мужчына тлумачыў следчым, што да арышту Марфа часта ездзіла да бацькоў у родны Добруш, каб падтрымаць і дапамагчы. Адмовілі.

Вадзім у сябе ўдома. Фота: АВ / «Белсат»

Вадзім у сябе ўдома. Фота: АВ / «Белсат»

Бацька Марфы цяпер праходзіць чарговы курс лячэння. Сям’я не губляе надзеі на выздараўленне, але стрэс, які перажывае бацька праз крымінальную справу, распачатую супраць дачкі, зусім не спрыяе здароўю, адзначае муж палітычнай зняволенай.
Вадзім штодзень на сувязі з мамаю Марфы: яна вельмі перажывае, пастаянна чытае і глядзіць навіны, аналізуе сітуацыю, думае, як тое ці іншае здарэнне ў свеце палітыкі можа адбіцца на далейшым лёсе дачкі.
– Яна лічыць, што Маша будзе вольная разам з іншымі палітвязнямі, калі ўсіх ці хаця б частку адпусцяць, а магчыма, і тады, калі вольным стане ўсё беларускае грамадства, – кажа Вадзім. Сам ён гатовы да таго, што вызваленне жонкі можа адбыцца не так хутка, як бы таго хацелася. – Калі бачыш, як людзей з абсалютна надуманых прычынаў адпраўляюць за краты нават на некалькі гадоў, ілюзіяў ужо не застаецца. Але адначасова я разумею, што ўсё гэта не можа цягнуцца бясконца. У дзяржаве вельмі напружаная сітуацыя цяпер. Гэта павінна неяк развязацца.
Паводле Вадзіма, асуджаных, магчыма, чакае «вялікі абмен» на нешта важнае для кіраўніка дзяржавы.

Альбом з сямейнымі здымкамі. Фота: АВ / «Белсат»

Альбом з сямейнымі здымкамі. Фота: АВ / «Белсат»


– Цяпер быў спадзеў, што дзеля чэмпіянату свету па хакеі палітычных вязняў пачнуць выпускаць, але, відаць, улады пастанавілі, што гэта яшчэ не тое, на што можна абмяняць такі «каштоўны тавар», – зазначае муж праваабаронцы.

«Марфа жыве паводле прынцыпу «хто, калі не я»

Вадзім і Марфа пазнаёміліся пяць гадоў таму, увесну 2016 года.
– Гэта быў самы пачатак праваабарончай дзейнасці Марфы, – згадвае суразмоўца. – Тады асудзілі Змітра Паліенку, так мы і пазнаёміліся, дапамагаючы яму ды іншым палітычным вязням.
У жніўні 2019 года Вадзім і Марфа ажаніліся.
Пра жонку будучы юрыст-міжнароднік кажа, што яна была валанцёркаю не толькі ў «Вясне». Шмат часу Маша прысвячала абароне бяздомных жывёлінаў, дапамагала ў прытулку.
– У яе абвостранае пачуццё справядлівасці, – кажа Вадзім. – Яна заўсёды вельмі моцна рэагуе, калі некага крыўдзяць – ці жывёліну, ці чалавека. Жыве паводле прынцыпу «хто, калі не я». Яна верыць, што калі кожны з нас будзе дапамагаць бліжняму, то грамадства вельмі хутка зменіцца. Маша ніколі не стамляецца працаваць на карысць іншых і заражае сваёй энергіяй усіх навокал.

«Мне казалі адкрытым тэкстам, каб валіў з краіны»


З’язджаць з Беларусі Вадзім і Марфа не збіраюцца. Такіх думак не было, нават калі яшчэ да затрымання сталі зʼяўляцца пагрозы, што «хутка разбяруцца з усёю «Вясной», а пачнуць з Рабковай».

Муж Марфы Рабковай трымае альбом з сямейнымі здымкамі. Фота: АВ / «Белсат»

Муж Марфы Рабковай трымае альбом з сямейнымі здымкамі. Фота: АВ / «Белсат»


– Чаго хочуць нашыя, так іх назавем, апаненты? Каб усе «незадаволеныя» з’ехалі. Пасля затрымання мне сілавікі казалі адкрытым тэкстам, каб валіў адсюль. Казалі, што калі раптам Машу выпусцяць, то нам лепш з’ехаць. Але не, выбачайце, мы тут нарадзіліся, выраслі, тут нашая родная зямля, нашыя бацькі і блізкія. Чаму мы мусім уцякаць, дазваляць нас выганяць? – тлумачыць сваю пазіцыю муж палітычнай зняволенай.
Вадзім перакананы, што ў цяперашняй сітуацыі беларусы мусяць дапамагаць адно аднаму, што грамадства ўратуе салідарнасць.
– Сітуацыя вельмі цяжкая. Прасвет калі і ёсць, то ледзь заўважны. Мы мусім падтрымліваць адно аднаго. Праз салідарнасць мы пабудуем новае «мы», – кажа муж Марфы Рабковай.
Ганна Ганчар belsat.eu