Cлуцкі збройны чын. “Deiminoris — малодшыя багі”
Да 94-х угодкаў антысавецкага паўстання ў Беларусі.
Слуцкі збройны чын — бадай, адзіная удала арганізаваная беларусамі палітычная акцыя на пачатку 1920-х гадоў. Давер да выбарчых органаў сярод насельніцтва, дэмакратычныя традыцыі пабудовы
мясцовай ўлады, наяўнасць уплывовых палітычных структур прадвызначылі логіку развіцця падзей.
Падчас Першай сусветнай вайны на Случчыне паўстаў Нацыянальны камітэт, які і сёння можна лічыць узорам органа самакіравання, што ўзяў на сябе клопат арганізацыі гаспадаркі і абароны правоў
мясцовага насельніцтва ў цяжкія часы вялікай сацыяльнай катастрофы. З вясны1919 года нядоўгі час на Случчыне панаваў рэвалюцыйны камітэт. Падчас другой польскай аккупацыі дзейнасць Нацыянальнага
камітэта была адноўленая. Мясцовая ўлада зноў паўстала намаганнямі чатырох яго чальцоў — Паўла Жаўрыда (старшыня), Уладзіміра Пракулевіча, Уласа
Дубіны (сакратар), пазней у Нацкам шляхам кааптацыі ўвялі Н. Смольскага, былога слуцкага казначэя.
Нацыянальны камітэт сачыў амаль за ўсімі бакамі грамадскага жыцця. Яго намаганнямі ствараліся кааператыўныя саюзы, сябрамі якіх з’яўляліся жыхары Слуцка і навакольных вёсак. Кіраўнікі
Нацкама, як правіла, уваходзілі ў кіраўніцтва гэтых саюзаў. Людзі прыходзілі да высновы, што яны самі някепска гаспадараць у сваім нацыянальным доме.
Прытрымліваючыся дэмакратычных прынцыпаў, шмат пытанняў камітэт выносіў на разгляд сходаў. Пошукі сродкаў на развіцце адукацыі і культуры, арганізацыя войска, утварэнне нацыянальных камітэтаў, органаў улады на месцах — гэтыя і іншыя праблемы вырашаліся, як правіла, ўсей грамадою. Па прапанове камітэта збіраліся ахвяраванні для беспрацоўных, праводзіліся платныя спектаклі, аўкцыёны. Атрыманыя сродкі ішлі на закупку харчавання для тых, хто меў патрэбу ў такой дапамозе.
Шмат намаганняў прыклаў Нацкам, каб бараніць насельніцтва ад рэпрэсіўнай палітыкі польскіх уладаў. Некалькі разоў аккупанты спрабавалі разагнаць настаўніцкія курсы, ўчынялі вобыскі, пагражалі
арыштамі, але, як правіла, дыпламатычным шляхам перамоў канфлікты вырашаліся.
Такім чынам, Нацыянальны камітэт стаў цэнтрам палітычнага і сацыяльнага жыцця, органам нацыянальнага дзяржаўнага кіравання. Відавочна, што развіццё нацыянальнага руху дасягнула той кропкі, калі з яго
вылучаліся лідары, арганізатары. Ва ўмовах амаль няспыннай вайны, акупацыі (польскай, нямецкай, бальшавіцкай) гэтыя людзі рупіліся аб пабудове ўласнага дома, уладкаванасці на сваёй малой
Радзіме.
Бальшыню прыхільнікаў узброенага змагання за незалежнасць аб’яднаў Слуцкі камітэт Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р). Наяўнасць гэтага палітычнага цэнтра і забяспечыла
арганізацыю Слуцкага паўстання. Выпрацоўку стратэгічных мэтаў і тактычных крокаў узялі на сябе партыйныя актывісты. Менавіта БПС-Р арганізацыйна аформіла стыхійны сялянскі пратэст. Слуцкая
арганізацыя мела моцны ўплыў, распаўсюджаную сетку сваіх структур і груп падтрымкі на месцах.
Эсэры своечасова скарысталі шырокую хвалю народнай незадаволенасці вынікамі перамоў у Рызе. Яны прынялі зварот да насельніцтва Беларусі, у якім растлумачылі трагічны сэнс бессаромных
дамоўленасцяў: “Гэты мір штурхае беларускі народ на шлях упартай барацьбы, на шлях вайны за незалежнасць і недзялімасць сваёй радзімы. Польшча і Расія, не маючы паміж сабою агульных
межаў, вялі на працягу апошняга года разбуральную вайну на беларускай тэррыторыі; без удзелу прадстаўнікоў беларускага народа 12 кастрычніка падпісалі дамову аб прэлімінарным міры, на падставе якога
Беларусь падзелена на дзве часткі”.
Улёткі эсэраў паведамлялі: “У абдымках польскага імперыялізму і шавінізму пакінута трэцяя частка беларускай тэррыторыі з насельніцтвам у 4 млн. жыхароў, сярод якіх палякаў ад 2% да
8%. Польшча на гэтыя прадвечна беларускія землі не мае ні этнаграфічных, ні гістарычных правоў”.
Слуцкія эсэры далучыліся да патрабаванняў беларускіх сацыялістаў, сацыял-дэмакратаў і сацыял-федэралістаў ды іншых палітычных партый і плыняў перагледзець умовы прэлімінарнага міру
і “ўстанавіць расійска-беларускія і беларуска-польскія межы на падставе этнаграфічных прызнакаў”, ачысціць этнаграфічную тэрыторыю Беларусі ад польскіх і расійскіх
акупацыйных войскаў.
Моцную падтрымку случакі выказалі патрабаванням неўмяшальніцтва як Польшчы, так і Расіі ва ўнутраныя беларускія справы. Гэтыя стратэгічныя мэты былі папулярныя ў шырокіх колах грамадства і
заканамерна сталі праграмай дзеянняў увосень 1920 года.
“Deiminoris — малодшыя багі”, — так, жартуючы, назвалі сябе кіраўнікі Нацыянальнага камітэта і арганізатары Слуцкага паўстання Павел Жаўрыд і Уладзімір Пракулевіч, саступаючы самую вышыню беларускага палітычнага Алімпа бацькам Адраджэння, нацыянальным стратэгам Вацлаву Ластоўскаму і братам Луцкевічам.
Не хварэючы на амбіцыёзнасць, але адчуваючы сваю значнасць, самакаштоўнасць, яны залічылі сябе ў другі эшалон тагачасных палітыкаў. Як быццам падкрэслілі, што яны — не тэарэтыкі, а
выканаўцы.
Павел Жаўрыд
Адна з галоўных постацей у гісторыі Слуцкага паўстання — Павел Якаўлевіч Жаўрыд. Ідэі, пошукі, справы гэтага чалавека знаёмыя, на жаль, толькі вузкаму колу гісторыкаў і нешматлікім аматарам
нацыянальнай гісторыі. Пры ўсіх намаганнях савецкай сервільнай гісторыі зрабіць звычайнага крымінальніка з адукаванага юрыста, шляхетнага афіцэра, вядомага ў свой час палітыка, выхавацеля і асветніка
моладзі было даволі складана.Таму, каб не ўзнікла пытанняў, каб яго хутчэй забылі, імя Жаўрыда ўпарта замоўчвалася. Яго жыццё засталося ў невядомай нам, на доўгія гады схаванай, гісторыі.
Павел Жаўрыд
Жыццёвы шлях яго быў вельмі складаны. Накавана было Паўлу Жаўрыду, як і усім тым, хто нарадзіўся на прыканцы мінулага стагоддзя ці на пачатку новага, гэта значыць — на мяжы, на пераломе
— прайсці яго з вялікімі цяжкасцямі ў пошуках ісціны і барацьбе за ідэю. Нацыянальную.
Павел Жаўрыд нарадзіўся 1 чэрвеня 1889 года ў фальварку Цецераўка Слуцкага павета. Бацькі яго апрацоўвалі чужую зямлю, арэндаваную, бо сваёй зямлі не мелі. Жаўрыды паходзілі са збяднелай шляхты
Цялядавіцкай воласці. У 1905 годзе яго бацька, Якаў Жаўрыд, скарыстаўшы пазыку сялянскага банка, здзейсніў сваю даўнюю мару — набыў хутар Магільскі ў Старобінскай воласці, які да продажу
належыў памешчыку Рэгелю. Сям’я такім чынам набыла 45 дзесяцін малапрыдатнай для земляробства зямлі. Вымушаныя плаціць немалыя грошы банку і не маючы на першым часе прыбытку ад зямлі,
Жаўрыды натуральна галадалі. Дапамагчы сыну, які ў той час вучыўся, бацькі не маглі.
Адукацыю Павел пачаў набываць у народнай вучэльні Грэска. Працягваў вучыцца ў Слуцкай гімназіі. На хлеб зарабляў урокамі. Дапамагалі сябры. У Слуцку Павел нейкі час карыстаўся гасціннасцю дома
Асвяцімскіх. З Маркам Асвяцімскім, вядомым беларускім эсэрам, яшчэ доўгія гады яны будуць звязаныя не толькі сяброўскімі адносінамі, але і агульнымі партыйнымі і грамадска-палітычнымі
інтарэсамі.
Блізкае знаёмства адбылося і з другім знакамітым беларусам, Фабіянам Шантырам. Абодва захапіліся палітыкай. Не трэба забывацца, што юнацтва гэтых людзей прыпадае на гады першай рускай
рэвалюцыі. Гімназісты ўжо з 4-га класа збіралі нелегальныя сходы, распаўсюджвалі літаратуру і рабілі самі даклады на рэвалюцыйныя тэмы. Да рэвалюцыйнай справы шаснаццацігадовы юнак ставіўся настолькі
сур’ёзна, што гімназісты далі яму мянушку “Арганізацыя”. Але рэвалюцыйныя жарсці пакрысе сціхлі. Скончыўшы гімназію ў 1909 годзе, Павел паступае ў Варшаўскі
ўніверсітэт.
На жаль, сведчанняў аб тагачасным жыцці Паўла Жаўрыда захавалася няшмат. Большая частка фотаздымкаў, што знаходзяцца ў адным з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва музыкі, літаратуры і мастацтва, не
ідэнтыфікавана. Сямейны альбом Жаўрыдаў прадстаўляе цудоўныя інтэлегентныя твары людзей выхаваных і адукаваных, сціплы, але добра ўладкаваны, цывілізаваны побыт дома, шляхетныя манеры і вытанчаны
густ гаспадароў і іх гасцей.
Напярэдадні Першай сусветнай вайны Жаўрыд — рэспектабельны, самавіты малады чалавек. І стомлены, стары не па гадах — на фотаздымку з крымінальнай справы 1930 года. Паміж імі
— адрэзак жыццёвага шляху даўжынёй усяго ў 14 год. Але за гэты час свет кардынальна змяніўся, і ўмовы існавання людзей таксама. Праўда, Жаўрыд з тых людзей, хто спрабаваў супраціўляцца гэтым
зменам, але яны набылі незваротны характар стыхійнага бедства.
Павел Жаўрыд — у пэўным сэнсе чалавек Першай сусветнай вайны. Гэтая падзея паклала пачатак агульнаму хаосу, узрушыла грамадства. Бессэнсоўныя перасоўванні агромных людскіх натоўпаў Жаўрыд
назіраў падчас службы ў так званай “паўночнай дапамозе” ўцекачам з тэрыторыіі Заходняга фронту. Вялікую колькасць беларусаў тая вайна раскідала па свеце. На фронт ён не трапіў.
Службу праходзіў спачатку ў Цвяры, потым вучыўся ў Віленскай вайсковай вучэльні, якая ў той час знаходзілася ў Палтаве. Там і даведаўся аб адрачэнні цара і ўсталяванні ўлады Часовага ўраду. Пасля
заканчэння вучобы апынуўся яшчэ далей ад дома, у Туркестане. Неўтаймаваны арганізатар і асветнік, ён чытае жаўнерам лекцыі па расійскай гісторыі, стварае камісію па культурным выхаванні. Абіраецца ў
Казалінскі савет. Як дэпутат адчуваў пэўныя цяжкасці, бо не ведае кыргызкай мовы, тым не менш бярэцца за справу.
У жніўні 1917 года полк, у якім служыў Жаўрыд, накіроўваецца на Румынскі фронт. На тым участку вайны сканцэнтравалася амаль 100 тысяч беларусаў. Хутка ён быў абраны старшынём палкавога камітэта.
Беларусы Румынскага фронту дэлегіравалі яго на І Беларускі кангрэс, але ў тэрмін у Мінск ён не паспеў з-за транспартных цяжкасцяў, прыехаў толькі пад самы канец працы з’езду. На фронт больш
не вярнуўся. Старая армія развалілася. Кастрычнік і нямецкую акупацыю назіраў з бацькоўскага хутара.
З прыходам у Слуцк савецкай улады пайшоў да яе на службу, атрымаўшы прапанову заняць месца юрыдычнага кансультанта зямельнага аддзела. Але адносіны з новаю ўладай не заладзіліся з самага
пачатку.
Старшыня Цэнтральнага бюро Камуністычнай партыі Беларусі Карл Ландар уключыў Жаўрыда у склад камісіі па праверцы дзейнасці Слуцкай ЧК. Праніклівы рэвізор выкрыў шматлікія злоўжыванні.
Чэкісты не прамінулі адпомсціць, арыштавалі быццам бы за сувязь з генералам Дзянікіным. Да белага руху Жаўрыд не меў ніякага дачынення, тым не менш апынуўся ў Слуцкай турме, а з падыходам польскай
арміі — у Бабруйскай крэпасці і далей — у Смаленскай ЧК. Змог вярнуцца ў родны Слуцк у студзені 1919 года разам з польскімі закладнікамі, якіх польскі бок абмяняў на расійскіх
зняволеных.
На радзіме яго ўжо чакалі. Завочна абралі старшынём Нацыянальнага камітэта. Ведаючы яго незвычайную грамадскую і палітычную актыўнасць яшчэ з часоў першай рускай рэвалюцыі, случакі зрабілі свядомы
выбар.
Баронячы насельніцтва ад пераследу польскіх уладаў, дамагаючыся вызвалення арыштаваных, патрабуючы матэрыяльнай і вясковай дапамогі, Жаўрыд быў сапраўдным дыпламатам. Не псуючы адносінаў ні з
кіраўніком Слуцкай дэфензівы Сабескім, ні з камадзірам 11-й польскай дывізіі, што займала тэрыторыю павета, палкоўнікам Ясінскім, Жаўрыд і ўзначалены ім Нацыянальны камітэт захоўвалі самастойны
палітычны курс.
Якраз за дзень да адкрыцця з’езда Случчыны, 13 лістапада, Жаўрыд вярнуўся з Варшавы, дзе спрабаваў вызначыць лёс павета, сустракаўся з сябрамі беларускага ўраду — Найвышэйшай Радай,
ад якой атрымаў прадстаўнічыя паўнамоцтвы камісара. У Слуцку яго чакаў граф Чапскі, які прыехаў даведацца аб настроі ў павеце. У адказ на пытанне графа, з кім случакі, Жаўрыд моўчкі паказаў пячатку
Рады з літарамі Б.Н.Р. — Беларуская Народная Рэспубліка. Не гаворачы ні слова, граф устаў і пакінуў пакой…
Ні з Польшчай, ні з Масквою, а з беларускім народам — крэда гэтага чалавека і яго сяброў. У гарачы момант падрыхтоўкі арміі паўстання Жаўрыд змог згуртаваць вакол сябе людзей, адданых
беларускай справе, якія не пашкадавалі жыцця ў імя высокай мэты.
Уладзімір Пракулевіч
Слуцкай гісторыі належыць і бліскучая асоба Уладзіміра Пракулевіча. Малавядомая таксама, бо заслона жорсткіх стэрэатыпаў сталіншчыны і наступнае замоўчванне і гэтую постаць схавалі ў цемры няведання.
Ён заўседы быў побач з Жаўрыдам. Яны — аднадумцы, аднапартыйцы, калегі і сваякі. Жаўрыд пабраўся з сястрой Пракулевіча.
Уладзімір Пракулевіч
Кіраўнік і арганізатар паўстанцкага руху Уладзімір Міхайлавіч Пракулевіч нарадзіўся ў 1887 годзе ў мястэчку Красналукі Барысаўскага павета ў сям’і пісара і настаўніцы. Веды набываў спачатку
ў Смаленскай гімназіі, потым, з 1908 па 1912 гады, у Маскоўскім універсітэце на юрыдычным факультэце. У Маскве далучыўся да сацыял-дэмакратычнага руху. Вярнуўшыся ў Барысаў, спачатку ўвайшоў у
гарадскую арганізацыю Бунда, потым разам з аднадумцамі заснаваў Барысаўскую групу РСДРП. З арганізацыяй Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў стаў адным з актыўных яе сяброў.
Не выпадкова, што на Случчыне, куды трапіў пасля прызначэння суддзёй, у мястэчка Вызна (цяпер — Чырвоная Слабада), ён адразу блізка сышоўся з эсэрам Жаўрыдам і яго паплечнікамі. Аднойчы
перакрыжаваўшыся, іх жыццёвыя шляхі зліліся. Праўда, Пракулевіч, перакананы эсэр, не быў схільны высвятляць адносіны з савецкай уладай шляхам ваеннага канфлікту. На з’ездзе Случчыны ён
выступіў з палымянай прамовай, заклікаючы абмежавацца ўтварэннем органаў мясцовай улады, дэманстрацыяй сіл міліцыі і не даводзіць справу да баявых сутычак. Але падпарадкаваўся рашэнню большасці
дэлегатаў з’езда — рыхтаваць узброенае супраціўленне і не дапусціць Чырвоную Армію ў павет.
Арыштаваны пазней па сфальсіфікаванай справе “Саюза вызвалення Беларусі”, Пракулевіч пакінуў так бы мовіць “нарысы” па гісторыі падзеі, у цэнтры якой ён быў сам.
Чалавек вельмі змястоўны. Калі адкінуць убок няшчырыя ацэнкі, якія вымагаў следчы (у 1930 годзе ўжо трэба было дбаць аб захаванні жыцця), нарыс, безумоўна з’яўляецца каштоўнай крыніцай для
даследвання падзеі.
Аб’ектыўныя гісторыкі звернуць увагу на багацце фактычнага матэрыялу, паслядоўнасць падзей, вялікую колькасць іменаў і прозвішчаў удзельнікаў, разумеючы, што ацэнкі з’явіліся пад
уціскам следчага і пагрозай смерці. Гэты дакумент і іншыя крыніцы былых сакрэтных спецсховішчаў прадстаўляюць шмат гульцоў гарачай восені 1920 года і не менш пякучай рэчаіснасці 1921-га. Гэта
— прыхільнікі жорсткіх ваенных метадаў, тэрору і дыверсій: вайкоўцы Антон Самусевіч, Іван Мацэлі, Павел Бранавіцкі, з аднаго боку, і праваднікі больш памяркоўных палітычных рашэнняў: Васіль
Русак, Юліян Сасноўскі, Аляксей Кабычкін і шмат хто іншы. Маючы адзіную стратэгічную мэту, гэтыя людзі прапаноўвалі розныя шляхі яе дасягнення.
Случакі паказалі прыклад змагання за незалежнасць, за свой нацыянальны дом у самых жорсткіх неспрыяльных умовах.
Ніна Стужынская, naviny.by