Ці радавацца выйгранаму Глебам Лабадзенкам суду?

«Ну, значыць, аштрафавалі дырэктара ЖЭСа на 500 тышч. За адмову адказваць па-беларуску. З аднаго боку —  нібыта клёва. З іншага боку —  цяпер я буду ведаць, колькі заплоціць беларускамоўны ў выніку адмовы адказваць па-руску».



mova.jpeg

Беларускамоўная супольнасць сёння была ўзрадавана навіной — блогер Глеб Лабадзенка выйграў справу ў судзе Фрунзенскага раёна супраць дырэктара ЖЭСа, які адмовіўся адказваць яму па-беларуску. 

Аднак публіцыст Стась Карпаў выказаў сумнеў, што тут сапраўды ёсць нагода для радасці. Бо калі прымяняць закон паслядоўна, умоўны служачы, які размаўляе па-беларуску, апынуўся б у вельмі цяжкім становішчы.

«Уявім сабе сітуацыю. Я — белмоўны служачы. І я збіраюся папулярызаваць мову, адказваючы ўсім па-беларуску. У гэтым выпадку 99,9 зваротаў я атрымліваю па-руску, адказваю ж згодна са сваім жаданнем па-беларуску. Такім чынам за дзень я зараблю штрафаў, якія буду адпрацоўваць год. Па законе беларускай мовы ў дзяржустановах тады ніколі не будзе. Усе звяртаюцца па-руску да служачага. Такім чынам служачы зможа па-беларуску пісаць у шызафрэнічным памкненні толькі сам сабе», — разважае Стась на сваёй старонцы ў Facebook. 

Апроч таго, вынік працэсу, выйгранага Лабадзенкам, хаця і прымусіць сіх-тых чыноўнікаў прызадумацца, адначасова раздражніць іх:

«Пачнуць трындзець паміж сабой: «Эці нацыяналісты саўсем афігелі, бляха. Ну не знаю я языка, так што мне ціпер дзелаць, а, бляха? Што , бляха, у первы клас іцці, бляха? У мяне папа ваенны, бляха, я вапшчэ не учыл ево, бляха. А ціпер 500 тышч за раз бляха, так а жыць за што? А работаць кагда? Ілі тока язык учыць, бляха? Ані што па-рускі не панімают, бляха? Ну і пачнецца «вайна народная свяшчэнная вайна...»,  — мяркуе Стась. 

На думку публіцыста, гэты прэцэдэнт можа развярэдзіць былыя раны: 

«Толькі цяпер народ паціху пачынае успрымаць мову зноў як мову. Як сродак зносін. Вось пачынаюць загойваца гэтыя раны, нанесеныя саўком. А цяпер вельмі можа быць, што мова зноў стане проста чырвоным сцяжком і не болей», — робіць выснову Карпаў.