Алег Міхей: Ад кавіду паміраюць і на «зоне»
Пандэмія каронавірусу выключэнняў не робіць. Яна ахапіла ў тым ліку і месцы зняволення. Аднак інфармацыя адтуль, з-за моцнай закрытасці пенітэнцыярнай сістэмы, даходзіць вельмі скупая. Тым не менш, як сказаў у інтэрв’ю Беларускаму Радыё Рацыя дырэктар праваабарончай арганізацыі „ТаймАкт» Алег Міхей, людзі хварэюць, паміраюць і там. Схаваць гэтыя факты не атрымліваецца.
Алег Міхей: Мы ўжо казалі, што ў папраўчай калоніі №5 у Івацэвічах была вялікая эпідэмія каронавірусу. І нядаўна мы даведаліся, што там ёсць ужо і памерлыя — мінімум адзін. Гэта асуджаны за крымінальнае злачынства Кавалёў. Наша ўстанова шмат працавала па высвятленню гэтай сітуацыі. І мы лічым, што ў смерці Кавалёва міліцэйскія структуры вінаватыя як ускосна, так і наўпрост. Бо як кажа яго маці, яго ў Баранавічы ў шпіталь даставілі вельмі позна. Ён нават ужо не мог дыхаць без апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх і нават не маглі зрабіць яму кампутарную тамаграфію, таму што немагчыма было адключыць апарат вентыляцыі лёгкіх.
А да таго ж, некалькі гадоў таму, у Лагойскім ізалятары часовага ўтрымання гэтага хлопца, катавалі такім чынам, што зрабілі інвалідам. Яго ў мароз пакінулі ў падвальнай камеры ў адной ніжняй вопратцы. І ён замерз да параліча. Ён быў дастаўлены ў шпіталь №5 Менску ў стане, што была паралізавана ніжняя частка цела. І гэта ўсё зафіксавана ў медыцынскіх дакументах. І маці, і мы, і розныя адвакаты два гады змагаліся за тое, каб неяк пакараць тых, хто над ім здзекаваўся. Але так і не атрымалі адказ, — як чалавека ў ізалятары дамарозілі да паралічу. Ён так і перасоўваўся на мыліцах, будучы асуджаным. Ужо не працаваў. Яго накіравалі на МРЭК. Вось так, — здароў’е ён пакінуў у Лагойскім ізалятары часовага ўтрымання, а жыццё — у Івацэвіцкай калоніі. Яго так і не змаглі выратаваць ад каронавірусу.
Па нашых звестках, эпідэмія ў гэтай калоніі №5 была шырокая. Але неяк з ёй збольшага справіліся. Хаця аказалася, што нам проста не ўсё было вядома.
RR: Зараз з няволі выходзіць шмат адміністрацыйна затрыманых за ўдзел у дэманстрацыях пратэсту супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў і распавядаюць, што ў гэтых установах — і на Акрэсціна ў цэнтры ізаляцыі, і ў Жодзінскім, і ў Баранавіцкім СІЗА проста эпідэмія каронавірусу, здаровых людзей саджаюць да захварэўшых, не робячы ніякай розніцы. І хварэюць проста камерамі.
Алег Міхей: Спецыфіка нашай работы ў тым, што мы больш працуем з месцамі пазбаўлення волі, якія адносяцца да дэпартамента выканання пакаранняў. Да яго не адносяцца ні Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна ў Менску, ні іншыя падобныя. Што тычыцца следчых ізалятараў у Баранавічах — СІЗА №6, следчага ізалятара ў Жодзіне, то туды не павінны наогул трапляць тыя людзі, якія не з’яўляюцца ні падазронымі ў здзяйсненні злачынства, ні злачынцамі. То-бок гэтыя затрыманыя на суткі людзі там наогул не павінны знаходзіцца.
RR: Але ж трапляюць і знаходзяцца.
Алег Міхей: Іх няма было куды дзець. Як у СІЗА ў Баранавічах могуць сутачнікі сядзець? Ці ў калоніі №5 у Івацэвічах? Туды ж каронавірус занеслі менавіта людзі, якія былі затрыманы ў Берасці на дэманстрацыях. Яны некалькі сутак знаходзіліся ў гэтай калоніі і занеслі туды каронавірус з „волі”. Усё ж такі калоніі — больш закрытыя тэрыторыі. І там не павінны з’яўляцца „сутачнікі”.
Тое ж самае тычыцца і СІЗА. Адкуль у іх можа быць столькі лекаў і кваліфікаванага медперсаналу, каб змагацца з каронавірусам? СІЗА ніколі не працавала ва ўмовах, калі тысячы „сутачнікаў” прыходзілі, выходзілі. Але тое, што тварыцца, супярэчыць усім нормам і правілам.
RR: Стала вядома пра адзін выпадак смерці. А можна меркаваць, што іх нашмат больш? Проста з-за закрытасці сістэмы грамадства не ведае.
Алег Міхей: У нас увогуле няма нейкай статыстыкі. З тым, што тварыцца з людзьмі, якія выходзяць з дому і не вяртаюцца. Таму што там казаць пра турму. Самі лекары паведамляюць, што статыстыка, якая даецца афіцыйна, ніяк не суадносіцца з тым, што тварыцца ў лякарнях. Навошта абмяжоўваць планавы прыём у 2300 паліклініках, калі захварэўшых каронавірусам за суткі па афіцыйных звестках 1800. То-бок менш аднаго захварэўшага на паліклініку. І навошта тады было адмяняць ці абмяжоўваць планавы прыём? Паліклінікі з 40–50 лекарамі не могуць справіцца з адным захварэўшым у суткі? Нешта не верыцца. Таму і ўзнікаюць пытанні аб праўдзівасці афіцыйных даных.
Так гэта пра волю. А сітуацыі ў турмах, калоніях, СІЗА мы ж не ведаем наогул. Няма звестак. Родныя, маці, жонкі не пішуць пра вялікую колькасць памерлых. Ну і слава Богу.
racyja.com