Яраслаў Раманчук: Беларусь перажывае найбуйнейшую рэцэсію пасьля 1990-х гадоў

Эканаміст Яраслаў Раманчук у інтэрв'ю «Св*бодзе» аналізуе чарговую «бітву за ўраджай» і вечную бітву за імпартазамяшчэньне, нагадвае, што прадукцыйнасьць працы ў беларускіх фэрмэраў у 3 разы большая, чым у «калгасах», і камэнтуе словы Лукашэнкі пра зьніжэньне цаны на драўляныя хаты ў 10 разоў.

280663633_555687645917407_6265655459200585311_n.jpg

— Лукашэнка два дні правёў у нарадах і наведваньні сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Сярод іншага, заявіў пра дыктатуру ў «бітве за ўраджай», зноў казаў пра неабходнасьць пераходзіць на беларускую тэхніку. Як з гледзішча гэтых выказваньняў выглядае пэрспэктыва беларускай сельскай гаспадаркі ды ўвогуле эканомікі?

— Лепш няхай Лукашэнка займаецца «бітвай за ўраджай», за сады, агароды, матацыклы — чым ваюе з Украінай. Калі гэта дапамагае яму ўвесьці ў зман Пуціна і сказаць яму, што беларускае войска занятае «бітвай за ўраджай» — то гэта сьмешна, але гэта лепш за вайну.

На самай справе гэта ня столькі пра Лукашэнку, колькі пра публіку, якая гатовая яго слухаць, 28 гадоў адна і тая ж кружэлка. Ён на сваёй хвалі, ён добра ведае пра ўгнаеньні, рапс, дзе ў каровы вымя — у гэтых тэмах ён у сваёй талерцы. І, на жаль, ёсьць зашмат людзей, якія гэта слухаюць.

Гэта, вядома, накіравана на тое, каб адцягваць людзей ад тых злых думак, якія ў іх зьявяцца, калі яны пабачаць лічбы, якія дае нават Белстат, афіцыйная статыстыка — падзеньне эканомікі за 7 месяцаў на 5,2 працэнта, падзеньне інвэстыцый на 20 працэнтаў, грузаабароту — на 25 працэнтаў. Гэта найбуйнейшая рэцэсія пасьля 1990-х гадоў.

Таму Лукашэнка бярэцца за тыя тэмы, які ён добра апанаваў — змагары, якія замінаюць, ворагі вакол і гэтак далей. «Ворагі» і «бітва за ўраджай» — ягоныя любімыя тэмы.

— Ідэя-фікс для беларускіх уладаў у эканоміцы — імпартазамяшчэньне. Гадамі яны пра гэта гавораць, і гадамі беларусы купляюць імпартныя польскія яблыкі і нават імпартную бульбу. Чаму так адбываецца?

— І гэта ўсё, што трэба ведаць пра імпартазамяшчэньне. Увогуле ідэя імпартазамяшчэньня была распрацаваная ў першай палове XX стагодзьдзя для бедных краінаў, якія праз гэтую канцэпцыю павінны былі забясьпечыць «даганяючае разьвіцьцё», дагнаць заможныя краіны і таксама стаць багатымі. Але аўтары гэтай ідэі не ўлічылі нізкай якасьці дзяржаўнага кіраваньня, хцівасьці чыноўнікаў у такіх краінах. Гэтая мадэль была апрабаваная ў дзясятках краін — і ніхто не атрымаў посьпеху, ніхто ня стаў высакаякаснай разьвітай эканомікай.

Лукашэнка таксама апошнія гадоў 25 займаецца «імпартазамяшчэньнем». І калі зараз ён кажа пра польскія яблыкі — я думаю, гэта робіцца вось для чаго. Палякі зноў адкрылі магчымасьці экспартаваць яблыкі ў Беларусь, і Лукашэнка хоча стварыць карціну, нібыта ў Беларусі поўна сваіх яблык, якія пойдуць на экспарт у Расею. Як гэта было зь беларускімі крэвэткамі, ківі, рыбай.

Бульба таксама таньнейшая ў Польшчы і больш якасная. Літва, якая мае насельніцтва ў тры разы меншае, за гэты год будзе мець большы ВУП, чым Беларусь. Якая б ні была жалезная дысцыпліна, колькі б штабоў яны ні стваралі — гэтая мадэль не запрацуе ніколі.

— Зараз на фоне вайны ва Ўкраіне шмат у якіх краінах заклапочана кажуць пра ўласную харчовую бясьпеку. Маўляў, нельга залежаць ад замежных вытворцаў харчаваньня, трэба як мага больш вырабляць свайго.

— Вайна вайной, але ніхто не падтрымлівае ідэі дзяржаўнага камунізму на той падставе, што недзе ідзе вайна. ВУП Расеі складае 1,7 працэнта ад агульнасусьветнага. Уплыў вайны на большасьць сусьветных таварных рынкаў мінімальны.

Калі б Лукашэнка чытаў нават афіцыйныя беларускія статыстычныя зборнікі, ён бы ведаў, што прадукцыйнасьць працы ў беларускіх фэрмэраў у 3 разы большая, чым у «сельскагаспадарчых арганізацый», дэ-факта — саўгасаў і калгасаў. Фэрмэры не атрымліваюць і дзясятай часткі тых ільготаў, той падтрымкі ад дзяржавы, якая ідзе калгасам — а працуюць нашмат лепей. Таму — дайце зямлі, дайце роўныя магчымасьці, стварыце рынак зямлі — і будзе сельскагаспадарчы цуд.

Так зрабіла Новая Зэляндыя, самая канкурэнтаздольная краіна сьвету ў сельскай гаспадарцы. Сёньня ў гэтай галіне новыя біятэхналёгіі, тэхналёгіі, гэта вялікая навука. А вялікая навука квітнее там, дзе ёсьць магчымасьць зарабіць, ажыцьцявіць гэтыя тэхналёгіі. А ў Беларусі гэтага нічога няма. І сельская гаспадарка за 7 месяцаў гэтага году паказала вынік мінус 10 працэнтаў.

— Лукашэнка даволі забаўна заявіў, што жыльлё на вёсцы можа стаць у 10 разоў таньнейшым. «У нас ёсьць дрэва, чаму б сялянам не прадаць за бесцань гэты лес? І гэты дом будзе ў 10 разоў таньнейшы». Адразу хочацца ўзгадаць, чым скончылася «мадэрнізацыя» ў дрэваапрацоўцы.

— У мадэрнізацыю дрэваапрацоўкі дзяржава запампавала 4 мільярды даляраў. І пакуль невядома, калі гэты сэктар хаця б выйдзе ў плюс пасьля такіх вялізных інвэстыцый.

Што да зьмяншэньня кошту жыльля ў 10 разоў, то, відаць, размова ідзе пра тое, каб Беларусь загнаць назад у зямлянкі. Няма чаго ўрбанізацыяй займацца, і так пад 80 працэнтаў беларусаў жывуць у гарадах, давайце ў лес, у ягады, грыбы, на паляваньне.

Можна шмат жартаваць, але варта адзначыць, што гэты чалавек нічога ня можа зрабіць, акрамя таго як выдаваць нейкія манілаўскія заявы. Каб ён ведаў, колькі ў сучасным доме драўляных матэрыялаў, якая частка — ён бы, магчыма, так не гаварыў. У Беларусі на вёсцы жыве каля 2 мільёнаў чалавек, і большасьць зь іх мае ўзрост за 50 гадоў. Каму там будаваць гэтыя драўляныя дамы?

— Калі вярнуцца да тэмы харчовай бясьпекі, то шмат паведамленьняў у сусьветных СМІ пра засухі ў Эўропе. Беларуская дзяржаўная прапаганда любіць разганяць тэму пра магчымы голад ці моцнае падаражэньне прадуктаў харчаваньня. Ці могуць нейкія прыродныя катаклізмы зьмяніць стан рэчаў з харчовымі прадуктамі ў сусьветным маштабе?

— Адзіны катаклізм, які можа давесьці да голаду, — гэта дзяржаўны пратэкцыянізм, забарона на імпарт і абмежаваньне вольнага гандлю. Я нядаўна аналізаваў стан рынку па асноўных прадуктах харчаваньня ў сьвеце — рыс, пшаніца, кукуруза — дык там запасаў на мільёны тон.

На харчовым рынку няма такога, як Тайвань робіць 65 працэнтаў сусьветных паўправаднікоў. Вось гэта залежнасьць. У Беларусі добрая малочка, але няма такога, каб нехта ад яе моцна залежаў.

Голаду ніколі не было і ня будзе ў тых краінах, якія працуюць у межах палітычных і эканамічных свабодаў. А тыя краіны ў Афрыцы, жыхары якіх галадаюць, — дык віна выключна ў тым, якія там палітычныя рэжымы. Калі там карупцыя і раскраданьне дзяржаўных багацьцяў, калі там грамадзянскія войны, розныя плямёны ваююць паміж сабой — дык таму і голад.