ІП пра новы Падатковы кодэкс: Гэтыя змены робяць нашу працу абсалютна бессэнсоўнай

Ад новага Падатковага кодэкса, на думку экспертаў, больш за ўсё пацерпіць малы бізнес і прадпрымальнікі ў невялікіх гарадах. Мы спыталі ў ІПэшнікаў, што яны думаюць наконт гэтых зменаў і што плануюць рабіць далей.

_hroszy___deficyt___infljacyja___fota_dzmitryeu_dzmitry_novy_czas_logo_1_2.jpg


Галіна, 38 год, індывідуальны прадпрымальнік, лагапед

У канцы верасня я падавала падатковую дэкларацыю з улікам таго, што буду працаваць. Калі сталі пісаць, што будуць змены, я думала, што мяне гэта не тычыцца. Звярталася да падатковых інспектараў, але яны не змаглі распавесці, што зменіцца. Ніхто не мог мне даступна растлумачыць заканадаўчую базу, якія падаткі я павінна плаціць, што павінна весці. Адказ на гэтыя пытанні не могуць даць нават тыя органы, якія непасрэдна павінны гэтым займацца.
Раней у мяне было два віды падаткаабкладання — спрошчаная сістэма і адзіны падатак. З 1 студзеня спрошчанай сістэмы няма. Калі спрошчаная сістэма была 5%, то цяпер прафесійны падатак 10%. Паколькі ў мяне дашкольны від дзейнасці, я павінна была ўсталяваць касавы апарат (не разумею, для чаго, калі ў мяне быў разліковы рахунак, на які паступалі сродкі за мае паслугі). Адпаведна, гэта дадатковыя выдаткі: набыццё касавага абсталявання, абслугоўванне апарата, дадатковае вядзенне рознага кшталту папяровай дзейнасці (касавая кніга і г.д.), дэклараванне электроннага ключа. Карацей, куча праблем. То-бок, мне прасцей закрыць ІП і стаць самазанятай па такім жа відзе дзейнасці, а плату за паслугі прымаць наяўнымі як рэпетытар. У кастрычніку я напісала заяву на ліквідацыю.

Надзея Ж., 42 гады, індывідуальны прадпрымальнік, масажыст-касметолаг

Для мяне гэта істотныя змены. Я сама сабе шукаю кліентаў і сама арэндую кабінет — на яго ў мяне ідзе істотная частка выдаткаў. Не ўсе грошы, якія я зарабіла, мае: я павінна заплаціць падаткі, заплаціць у фонд сацыяльнай абароны і аплаціць арэнду памяшкання. Таму спрошчаная сістэма падаткаабкладання 5% мяне цалкам задавальняла. Але на мой від дзейнасці яна не захавалася. Я вырашыла пакуль не закрываць ІП, а падаваць нулявыя справаздачы. Але, магчыма, пазней усё ж закрыюся. Паводле новых правілаў, я павінна яшчэ наняць нейкага спецыяліста, які дапаможа мне весці ўсю бухгалтэрыю. Больш таго, я не магу набыць нешта танней без таварна-транспартнай накладной. Напрыклад, я не магу купіць на Wildberries пальчаткі для працы: каб спісаць іх на выдаткі, павінна быць накладная. Але розніца ў суме ў 3-4 разы! Мне не цікава, бо застануся без даходу. Я не прадаю нешта вялікімі аб'ёмамі, у мяне фізічная праца.
І гэта не зручна многім спецыялістам, якія працуюць на даму. Улады пагаршаюць нашы ўмовы, вымушаюць эканоміць і працаваць у ценявым сектары. Калі чалавек працуе, напрыклад, на прадпрыемстве, то з яго ўтрымліваюць 13% падатку (12% падаходнага і 1% у фонд сацыяльнай абароны). А чаму мы павінны плаціць больш? Чаму я ў горшых умовах павінна знаходзіцца? Гэтыя змены робяць нашу працу абсалютна бессэнсоўнай.