Валеры Мазынскі: Сонца ў любое надвор’е
Памятаю, як мае калегі бурна абмяркоўвалі тое, што знакаміты рэжысёр Валеры Мазынскі паставіў у прыёмніку-размеркавальніку, які месціцца на вуліцы імя геройскага лётчыка Барыса Акрэсціна, горкаўскую п’есу “На дне. Маўляў, не пабаяўся. Многія тады захапляліся грамадска-сацыяльным учынкам, і амаль ніхто не звяртаў увагу на яго творчую частку. На мой погляд, дарэмна, бо менавіта з іх і складваецца спектакль з назвай “Чалавечае жыццё. (На здымку: Мінск, інтэрнат, 1963г. Фота Юрыя Марцынкевіча.)
Памятаю, як мае калегі бурна абмяркоўвалі тое, што знакаміты рэжысёр Валеры Мазынскі паставіў у прыёмніку-размеркавальніку, які месціцца на вуліцы імя геройскага лётчыка Барыса Акрэсціна, горкаўскую п’есу “На дне. Маўляў, не пабаяўся. Многія тады захапляліся грамадска-сацыяльным учынкам, і амаль ніхто не звяртаў увагу на яго творчую частку. На мой погляд, дарэмна, бо менавіта з іх і складваецца спектакль з назвай “Чалавечае жыццё.
(На здымку: Мінск, інтэрнат, 1963г. Фота Юрыя Марцынкевіча.)
Пралог
Мне “пашчасціла 20 лютага 1947 года нарадзіцца на Барысаўшчыне. Двукоссе тут таму, што гэта, відаць, самы біты-перабіты край з усёй Беларусі. Там заўсёды хтосьці з кімсьці ваяваў.
Здратаваны шлях з Еўропы ў Азію, на якім мала засталося з таго, што вызначала людзей як нейкую самастойную супольнасць. Вакол адны ваенныя гарадкі. Такое адчуванне, што я нарадзіўся сярод
салдатаў.
Вёска Вялікае Стахава стаіць на беразе Бярэзіны (так яе ў нас называлі, з націскам на “э), гэта кіламетраў восем на поўнач ад Барысава ў бок Бягомля, што па правым беразе. Побач
— танкадром. За ім — той самы палігон, з-за якога былі выселеныя-пераселеныя, адным словам, расцярушаныя, некалькі цудоўных вёсак, і які зарастае сёння маладым лесам.
Дарэчы, у шасцідзесятыя гады мінулага стагоддзя там здымалі кіно “Пераклічка, і выканаўца адной з роляў, малады Мікіта Міхалкоў, уехаў на танку ў рэшткі бягомльскай праваслаўнай
царквы. Мясцовы бацюшка па гэты дзень чакае матэрыяльнай кампенсацыі ўсяго, што ён тады пабурыў. І мае рацыю, бо Міхалкоў зараз не толькі багаты і магутны чалавек, але і актыўна
“піярыць асабістыя рэлігійныя сімпатыі. Як кажуць, сам Бог загадвае гэта зрабіць.
І яшчэ адзін арыенцір. Мая родная вёска знаходзіцца ў чатырох кіламетрах ад знакамітай Студзёнкі, дзе Напалеон у 1812 годзе фарсіраваў Беразіну.
Зразумела, усе ўспаміны маіх бацькоў былі звязаны менавіта з вайной.
Час ад часу маці, Паліна Ігнатаўна, расказвала пра тое, што адбывалася падчас акупацыі. Бацька — Яўген Сямёнавіч Мазынскі — зусім не любіў гаварыць пра вайну, хоць у свае
васямнаццаць трапіў на фінскую. На жаль, іх ужо няма.
У мяне тры браты і чатыры сястры. Дзякуй Богу, усе жывыя. Вышэйшую адукацыю з усіх атрымаў толькі я. Некалі на юбілей маці сабралася ўся радня: усе з дзецьмі і ўнукамі — каля 35 чалавек.
Гэта толькі бліжэйшыя сваякі.
Дарэчы, бацька і маці не ведалі дакладнага дня свайго нараджэння. Вечныя акупацыйныя ўлады вытручвалі ў людзей той гонар і тую годнасць да саміх сябе.
Як толькі сыходзіў снег, у лесе, які рос проста за нашай вёскай, з’яўляліся ваенныя. Пачыналіся так званыя “вайсковыя летнікі. Да самай позняй восені гэта быў,
па-сутнасці, цэнтр нашага жыцця.
Вёска ж была вялікай — каля трохсот двароў. На танцах адбываліся пастаянныя бойкі з салдатамі, бо “ахвочых да нашых дзевак хапала і сярод мясцовых.
Жыццё ж праходзіла сярод вайскоўцаў. Там было цікавей, чым дома ці ў школе.
Па суботах паказвалі кіно. На дрэвы сярод лесу вешалі белую прасціну. З аднаго боку глядзелі салдаты, з другога — мы. Атрымлівалася кіно наадварот. У іх, скажам, персанажы ішлі налева, а ў
нас направа.
Жылі цяжка. Беднасць была страшэнная. Проста катастрафічная. Восем дзяцей. Бацькі “за галачкі працуюць у калгасе, які называўся “Іскра камунізму. Дарэчы, праз
рэчку, у Малым Стахаве, — “Маяк камунізму. Абодва ляснуліся шмат гадоў таму. А наша вёска стала “неперспектыўнай… Цяпер у асноўным там лецішчы
барысаўчан ці нават мінчукоў.
Адразу за маёй хатай месціліся могілкі. Чаму месціліся? Там якраз цяпер уся тая вёска, якая і засталася ў маёй памяці.
Чаго мы толькі там ні рабілі! Раскладалі вогнішчы, кідалі ў агонь патроны, якіх было поўна пасля вайны.
На могілках раслі велічэзныя ліпы. Іх доўгія галіны нагадвалі ліяны. А ў нас якраз паказвалі “Тарзана. Старэйшыя хлопцы, ухапіўшыся за тыя голлі, скакалі з адной на другую, а мы,
малыя, толькі зайздросцілі.
У суседа, які жыў побач з намі, былі вельмі смачныя яблыкі. Старэйшыя хлопцы з боку могілак прарылі туды доўгі падкоп — метраў пятнаццаць. Бо плот жа быў шчыльны ды высокі. Гаспадар не мог
нас злавіць. Выкрылася ўсё выпадкова: бацька аднаго з маіх сяброў ганяўся за намі і праваліўся ў гэты лаз.
Колькі ні намагаюся ўспомніць у дзяцінстве дрэннае надвор’я, — не магу. Толькі сонца. У любую пору года.
Памятаю, як пачынаючы з першага класа школы пачаў насіць “камандзірыхам малако. Так называлі жонак афіцэраў. Самі мы яго не пілі — прадавалі да апошняй кроплі, бо толькі
так можна было атрымаць “жывыя грошы. Для калгаснікаў іх фактычна не існавала.
Матуля расказвала, як у першыя дні вайны гэтыя афіцэрскія жонкі збеглі з Лядзішчаў хутчэй маланкі. Нават свае кватэры не закрылі…
І яшчэ адзін успамін пранясу праз усё жыццё — навабранцы. Я стаў да іх хадзіць прыблізна з васьмі гадоў. Тады веснавых прызываў не было. Толькі — восень.
Іх “прыганялі з усяго Савецкага Саюза, і мы хадзілі за “шмоткамі, якія зараз называюцца “сэканд хэндам.
Калі калону навабранцаў “пагонюць з вакзалу, мы даведваліся ад знаёмых і дзядзькоў, якія працавалі ў качагарках, і чакалі яе на падыходзе да ваеннага гарадка. З заплечнікамі,
пашытымі мацяркамі, і ваеннымі рэчмяшкамі.
Афіцэры пра “набегі вяскоўцаў таксама ведалі, таму імкнуліся прыводзіць папаўненне ў самы нязручны для нас час — познім вечарам, раніцай, альбо ўвогуле ноччу.
Сутнасць ж “набегаў складалася з таго, што мы пасля лазні, куды гналі папярэдне навабранцаў (дамаўляліся звычайна з капцёршчыкамі, старшынамі і г.д.), забіралі іхняе старое
адзенне, бо іх пераапраналі ўжо ў ваенную форму.
Бывала, яны аддавалі яе самі, яшчэ на самым падыходзе да вайсковай часткі, бо ведалі, што ад усяго “цывільнага там пазбавяць усё роўна і яго проста пасякуць на вялікай калодзе, а
што і спаляць. Сюррэалістычная карціна адбывалася: ідзе калона абадранцаў і з яе адлятаюць — то ўправа, то ўлева — фуфайкі, кашулі, дзяжкі.
Аднойчы мне папаўся адзін бацінак, а сябру — другі з той жа пары. Да самага дому вырашалі, каму аддаць “свой. І выкінуць шкада, і рэч цалкам не да патрэбы, калі мець
толькі адзін.
Для сям’і гэта была вялікая дапамога. Маці ўсё перамые, перашые “пераліцуе, як у нас гаварылі, — і можна насіць.
Самай вялікай узнагародай у школе былі новыя картовыя штаны ці кашуля. За добрую вучобу я іх атрымліваў некалі разоў.
Няхай мне даруюць усе мае настаўнікі, але, на жаль, нічога добрага пра сваю школу я сказаць не магу, акрамя аднаго настаўніка — Уладзіміра Кірылавіча Карповіча. Ён выкладаў батаніку
і…спевы. Да гэта часу люблю і ўмею завіхацца ў садзе, прышчапіць любое дрэва. Менавіта ад яго і шчырая любоў да зямлі і да песні.
Канешне, як вясковы хлопец я добра ведаў, што гэта такое — вясковая праца, але яна заўсёды асацыявалася з вельмі цяжкай працай. І не толькі маёй асабістай. Далася ў знакі гэтая праца і
бацькам. Маці аднойчы ледзь не загінула. Калі бабы на полі церабілі калгасны лён, яе зацягнула ў механічную церабілку. Працягнула на транспарцёры… і выкінула на другім баку. Усё павырывала,
паламала. Выратавала яе толькі моцнае на той час сэрца.
Авансцэна
Кіно ў маім дзяцінстве (нармальнае, а не з другога боку экрана) можна было паглядзець толькі ў хаце-чытальні, ці калі-нікалі ў школе. У невялікі пакой (квадратаў на дваццаць) набівалася амаль уся
вёска. Месцаў усім не хапала, і час ад часу кінапраектар выстаўлялі ў вакно, і тады фільм глядзелі на вуліцы, папярэдне прадаўшы максімальна мажлівую колькасць квіткоў. Экран вешалі на бліжэйшым
слупу.
Гэта была ўлюблёнасць да вар’яцтва. За што я пастаянна і “атрымліваў ад бацькі і ад настаўнікаў, бо кіно перашкаджала вучобе. Лупілі нас бязбожна.
У 14 гадоў, мне здаецца, я ведаў усіх артыстаў таго часу, якія толькі з’яўляліся на стахаўскім экране. Самым любімым фільмам была “Родная кроў з Яўгенам Матвеевым і Віяй
Артманэ. Матвееву я нават напісаў ліст. Адрасу, канешне, не ведаў, таму напісаў так: “Масква. Масфільм. Яўгену Матвееву.
Пазней на адным з маскоўскіх (эсэсэраўскіх) тэатральных з’ездаў Лёша Дудараў, седзячы ў прэзідыуме, расказаў гэтую гісторыю Віі Артманэ. У перапынку яна знайшла мяне, прыціснула да сябе і
нават заплакала.
Пасля “сямігодкі паехаў паступаць у аўтатрактарны тэхнікум, які знаходзіўся каля Трактарнага завода. Чаму такі выбар? З чыста прагматычных падыходаў. Кіно —
недасягальна-абстрактная мара, а тут — канкрэтная прафесія. Кіно было нават не марай. Гэта нешта Боскае.
Аднак па “рускай мове атрымаў “двойку, і давялося вяртацца дамоў. У гэты ж час наша школа стала васьмігодкай. Стаў там вучыцца, а праз год паспрабаваў паступіць
зноў. На гэты раз абраў архітэктурна-будаўнічы тэхнікум.
Хаця профіль тут быў іншы, але з яго выйшла шмат творчых людзей. Напрыклад, Валодзя Скараход кіраваў там эстрадным аркестрам, а потым нават быў намеснікам міністра культуры. Во як!
Нягледзячы на тое, што ўсе тэхнічныя дысцыпліны былі, мякка кажучы, “не мае, праз чатыры гады атрымаў дыплом.
Дарэчы, пра захапленне маё там ведалі (адкуль?) і часцяком, па-сяброўску разводзілі. Звычайна было так. Нехта падыходзіў і казаў: “Маз (мянушка падчас вучобы — заўвага аўтара), там
і там здымаюць кіно. Гэтага было дастаткова, каб я тут жа збег з заняткаў. Розыгрыш выкрываўся ў згаданым месцы.
На чацвёртым курсе тэхнікума паспрабаваў паступіць у тэатральна-мастацкі інстытут. Дзіцячая мара стаць акцёрам раз-пораз працінала маю душу і скіроўвала ўсю маю волю ў адзіным напрамку.
Зразумела, атэстату аб сярэдняй адукацыі ў мяне яшчэ не было, але прыёмная камісія паверыла ў “прынясу потым і дазволіла прайсці некалькі тураў. Пакуль не выкрыўся падман.
Усе, хто хадзіў па тамтэйшых калідорах (нават прыбіральшчыцы), былі для мяне “небажыхарамі. Глядзеў на іх з нейкім піетэтам, незвычайным захапленнем. Адзін раз ледзь не страціў
прытомнасць. Натуральна “паплыў, і толькі халодная калона каля маёй скроні дапамагла ўтрымацца на нагах.
Пазней самастойна асвоіў усю кінематаграфічную апаратуру, бо быў згодны нават на аператарства.
А на трэцім курсе вучобы ў тэхнікуме пайшоў у тэатр-студыю пры Палацы прафсаюзаў, дзе тады кіраваў Кузьма Кулакоў. Магу сказаць і сёння, што там быў даволі высокі прафесійны ўзровень. Да гэтага часу,
бывае, сустрэну і Гену Сінякова, і Колю Аўдзея, і Славіка… (забываць стаў прозвішчы). А з Мішам Лур’е, які на сёння атабарыўся ў Ізраілі, правучыўся побач яшчэ і ў інстытуце.
Іграў некалькі роляў, але ставіўся да гэтага вельмі крытычна. Глядзеў у люстэрка і думаў: “Ну які з мяне артыст? Іншыя значна прыгажэй і больш таленавітыя. Відаць, з гэтым
беларускім самаедствам мне накавана прайсці да канца жыцця.
Потым была вайсковая служба. Забралі мяне адразу пасля Новага года — 4 студзеня 1966 года. Служыў у авіяцыі. Спачатку ў Ніжнім Уздзенску, што недалёка ад Байкала. Пяць сутак цягніком ад
Масквы.
Чатыры месяцы вучыўся ў ШМАСе, дакладней, у “Школе малодшых авіяспецыялістаў. А потым у “цяплушках прывезлі ў Ніжні Валачок, дзе вучоба працягвалася яшчэ сем
месяцаў. Атрымаў кваліфікацыю радыёмайстра, хаця гэта было абсалютна не маім. Размеркавалі ў Хабараўск, дзе на аэрадроме цягнуў лямку яшчэ тры гады.
Менавіта ў гэты час была пературбацыя з тэрмінамі вайсковай службы. Пераходзілі на “два гады, а ўрэшце некаторым давялося служыць нават чатыры, а іншым па 8–9 месяцаў
— вечны расійскі бардак.
П’еса
Пасля звальнення ў запас вярнуўся дамоў, але ў роднай вёсцы прабыў толькі некалькі дзён. Зноў прыехаў у Мінск. На “Беларусьфільме была вакансія ў цэху дэкаратыўна-мастацкай службы.
Мяне туды ўзялі і паклалі аклад у 160 рублёў.
Пакуль не было адпаведнай пасады (дыплом тэхнікума ўсё ж такі) на адзін месяц накіравалі на пілараму. Кіраваў там нейкі дзядок, якому я купляў бутэльку “чарнілаў, а сам збягаў
глядзець, як здымаюць кіно. Гэта для мяне, паўтаруся, было самым галоўным.
Аднойчы выпадкова пачуў пра тое, што ў тэатральна-мастацкім інстытуце, хутчэй за ўсё, будзе недабор. Зноў мая душа сцялася ў аняменні. Гэта паказалася шансам, хоць адпаведных гуманітарных ведаў у
мяне, на жаль, не было. Яны абмежаваліся васьмю класамі школьнай адукацыі — у тэхнікуме дамінавалі дакладныя дысцыпліны. Быў упэўнены, што не паступлю, але…
Вырашыў зноў паспрабаваць. Падаў дакументы на акцёрскі факультэт. Аднак за некалькі дзён да dedline прыйшоў забіраць іх назад. Сумленне “заела — нічога не ведаю і некуды
лезу. Падумаў, пройдзе год, падвучуся, начытаюся таго-сяго і буду паступаць наноў, а цяпер — поўнае нахабства.
Гэтыя аргументы я і прывёў сакратарцы прыёмнай камісіі. А яна, Эма Міхайлаўна, параіла ў такім выпадку… перайсці на рэжысуру, дзе будзе вельмі малы набор. Але ж пераканала не гэта, а яе
словы: “Вы ж будзеце начальнікам. Пажадаеце, возьмеце для сябе любую ролю.
Жалезная логіка…
Перапісаў заяву і паведаміў аб паступленні на рабоце. Там ахнулі, бо хацелі зрабіць начальнікам аднаго з цэхаў.
Не буду пераказваць усе абставіны той “абітуры. Скажу коратка — паступіў. І адразу ж паехаў у Вялікае Стахава. Трэба было параіцца з роднымі і, перш за ўсё, з бацькамі
— студэнцкая стыпендыя амаль у дзесяць разоў меншая за тыя грошы, што атрымліваў на “Беларусьфільме.
Шчыра кажучы, я спадзяваўся, што на сямейнай радзе мне параяць не ісці “на артыста, аднак выйшла наадварот. Гэткія ў мяне сёстры!
Амаль увесь першы курс вагаўся наконт правільнасці зробленага выбару: даваўся ў знакі недахоп ведаў. Нават хацеў сысці з інстытута, але адмовіўся ад гэтай ідэі пасля аднаго выпадку.
Наш курс рэжысёраў вёў вядомы Уладзімір Андрэевіч Маланкін. Чарговым заданнем было знайсці самае сваё любімае апавяданне. Для маіх сяброў ніякіх цяжкасцей тут не было, а для мяне —
сапраўдная праблема. Што ні прачытаю, усё не падабаецца. Душа не адгукаецца, маўчыць. І тут не падманеш, шпаргалку не выцягнеш.
Аднойчы ў поўным адчаі зайшоў у бібліятэку, якая тады была там, дзе зараз “Акадэмкніга. Не гледзячы, выцягнуў нейкую кніжачку. Было гэта ў 11 раніцы, а ў 8 гадзін вечара мне
кажуць: “Мы зачыняемся. Я сядзеў у кутку, каля батарэі і плакаў. Галава гудзела, мяне трэсла. Гэта была невялічкая кніжачка “Там вдали Васілія Шукшына.
Калі кажуць: “Сезам, адчыніся!, то гэта быў менавіта такі момант. Я адчуў сябе рэжысёрам. Тут, каля паліц з кнігамі, раптам зразумеў, што патрэбна маёй душы. Гэтая кніжка павінна
быць толькі маёй, і я схаваў яе далей ад людскога вока. На наступны дзень я яе банальна скраў. У каго цяпер прасіць прабачэння за той грэх?
Шукшын стаў своеасаблівым каталізатарам.
Адразу захацелася рэпеціраваць. Ролі ў нашых пастаноўках выконвалі студэнты акторскага факультэта. Я іх літаральна змучыў.
Будучыя рэжысёры ледзь не біліся за тое, што не маглі падзяліць адпаведны час.
К канцу трэцяга курсу ў мяне было ўжо тры спектаклі. Першы называўся, здаецца, “Характары. Я спалучыў тры апавяданні Шукшына і “Стэп Чэхава. Фантастыка!
Я першым у свеце паставіў на тэатральнай сцэне Васіля Быкава. “Круглянскі мост (пастаноўка ў Раеўскага была пазней), потым п’есу Леанарда Франка
“Прычына — сапраўдны сюр. Цікава і загадкава.
На чацвёртым курсе на дыпломную практыку паехаў у Віцебск у абласны драматычны тэатр імя Якуба Коласа — адзін з лепшых у краіне.
Тагачасны (светлай памяці) дырэктар, Геральд Баляслававіч Асвяцінскі, сустрэў ветліва і прыязна. Ён з асаблівай любоўю ставіўся да ўсяго беларускага (хоць і таіў гэта глыбока ў сабе), на чым мы потым
вельмі цесна сышліся. У 1974 годзе Віцебск святкаваў сваё тысячагоддзе, і ён загадаў (менавіта!) мне да гэтай даты паставіць “Званы Віцебска — адну з п’есаў
Караткевіча, які тады толькі-толькі набіраў папулярнасць. Гэта быў пачатак майго ўсведамлення як беларуса, як ліцьвіна… чалавека, які жыў пакуль толькі нейкай падсвядомасцю.
Так мы пазнаёміліся з Уладзімірам Сямёнавічам Караткевічам.
Натуральна, што і размеркаваўся я таксама туды, і прапрацаваў у коласаўскім тэатры яшчэ 16 гадоў. З іх, дарэчы, 13 — галоўным рэжысёрам.
Колькі за гэтыя часы было зроблена п’есаў, падлічыць складана. За творам Караткевіча пайшоў яго ж “Кастусь Каліноўскі, потым “Сымон-музыка Коласа,
п’есы Дударава, Цендракова, Вампілава і г.д. Для мяне было вельмі важным зрабіць нацыянальны тэатр не па назве, а па сутнасці.
Дарослы савецкі тэатр заўсёды рабіў як бы “ў нагрузку спектаклі для дзяцей. Узнікла ідэя набраць трупу лялечнікаў. Потым з Асвяцінскім мы вырашылі стварыць самастойны лялечны
тэатр. Спачатку “пры, а потым адпусцілі ў вольнае плаванне. І рэжысёра сабе адшукалі — Віктара Клімчука, які матляўся па Украіне, а “дома месца не
знайшоў. І назву тэатру прыдумаў я — “Лялька. Спадзяюся, нават пры гэтай уладзе яе не пераймянуюць у “Куклу.
Да нашага часу гэта адзіны ў краіне беларускамоўны лялечны тэатр.
Вольная сцэна
Пачыналася перабудова, якая для многіх азначала пачатак нацыянальнага адраджэння. У Віцебску адбываліся першыя дэманстрацыі. Памятаю, як з белых і чырвоных мыльніц я клеіў з малымі сынамі
бел-чырвона-белыя значкі, і мы ганарліва хадзілі з імі па гораду.
У 1990 годзе сышоў з Коласаўскага тэатра і перабраўся ў сталіцу. Па прапанове Міністэрства культуры паставіў у Купалаўскім тэатры адну з п’есаў Кандрата Крапівы. Пратрымаўся на пасадзе
рэжысёра толькі год.
Хацелася зрабіць нешта сваё. Звярнуўся з ідэяй да міністра культуры, балазе свой, зямляк. Яўген Вайтовіч пайшоў насустрач. Так пры Купалаўскім тэатры была афіцыйна створана “Лабараторыя
беларускай драматургіі. Паставілі тры спектаклі, а потым адбылося і фармальнае аддзяленне. З 1991 года — тэатр “Вольная сцэна. Назва, зноў жа, не афіцыйная, а,
так бы мовіць, народная, але вось прыжылася і, спадзяюся, застанецца ў гісторыі.
На пасадзе дырэктара працаваў восем гадоў. Шэсць гадоў пры “новай уладзе.
Не скажу, што наш тэатр ператварыўся ў гняздо апазіцыі, але там была пэўная беларускамоўная атмасфера. Дый думалася там пра сваё, нацыянальнае. Да нас нават “на пасядзелкі пасля
сваіх спектакляў прыходзілі артысты-купалаўцы, з “маладзёжкі, з іншых тэатраў. А аднойчы пад вокны прыйшла цэлая дэманстрацыя, якую не пусцілі не Плошчу Незалежнасці і перад
тэатрам адбыўся сапраўдны апазіцыйны мітынг.
Зразумела, новай уладзе гэта спадабацца не магло па вызначэнню. Тагачасны міністр культуры Сасноўскі мне аднойчы сказаў: “Нам не нужна здесь еще одна Таганка…
Вельмі салідны камплімент.
Апошняй кропляй было, калі я паставіў п’есу Бертольда Брэхта “Кар’ера Артура Уі. Зроблена гэта было спецыяльна да чарговага З’езду беларусаў свету.
“Зверху настойліва прасілі яго “зняць, аднак я ўпёрся.
У тэатры сумяшчаў дзве пасады — дырэктара і мастацкага кіраўніка. З першай мяне (чаго і трэба было чакаць) звольнілі амаль адразу ж. А другую заняў чалавек, якога нават не хачу ўзгадваць, бо
так ужо сталася, што ён для мяне больш не існуе. Скажу толькі, што глыбіня чалавечай подласці іншы раз сапраўды не мае межаў…
Звальненне адбылося ў 2000 годзе. Пасля гэтага я яшчэ шэсць гадоў выкладаў ва Універсітэце культуры, але дабраліся да мяне і там. Звольнілі за два гады да пенсіі. Як беспрацоўны я стаў на ўлік на
біржы працы, дзе работу па спецыяльнасці спачатку абяцалі знайсці вельмі хутка, але праз некалькі тыдняў яны ўжо хавалі вочы, бо я атрымаў пажыццёвы воўчы білет.
Антракт
Год безвыніковых пошукаў дазволіў датэрмінова аформіць мяне на так званую “сацыяльную пенсію. Грошы такія мізэрныя, што і называць сорамна. Пражыць на іх было немагчыма, дый трэба
было за нешта ўхапіцца, каб не звар’яцець, таму я ўладкаваўся да аднаго турэцкага бізнесмена. Адначасова працаваў і дворнікам, і ахоўнікам.
Нехта са знаёмых узгадаў, што за званне лаўрэата Дзяржаўнай прэміі і заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі можна атрымаць дабаўку да пенсіі. Я паехаў у адпаведную кантору, якая знаходзілася на
сталічнай вуліцы імя расійскага паэта Маякоўскага. Не буду пераказваць увесь маразм, які там убачыў. Згадаю толькі два пункты з іх анкеты, якую я мусіў там скласці: “Якія вы маеце спагнанні
па партыйнай лініі? і “Ці маеце вы сваякоў за мяжой?
І гэта на пачатку XXI стагоддзя! Я нават спытаўся: чыталі гэтую анкету тамтэйшыя чыноўнікі альбо не?..
Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 года ўпершыню ў сваім жыцці трапіў за краты. З сябрам Валодзем Кішкурнам мы вярнуліся да мяне дамоў, нарэзалі сала, хлеба, налілі ў тэрмас гарбаты і зноў пайшлі на
Кастрычніцкую плошчу, дзе ўжо стаяў намётавы гарадок. Каля будынку кансерваторыі спынілі амапаўцы (тры бугаі) і, даведаўшыся, што ў нашых торбах, сказалі: «Даже не пытайтесь
сопротивляться!»
…У камеры на Акрэсціна нас было 14 чалавек. Самыя “старыя — журналіст Мікалай Мікалаевіч Тоўсцік, палітык Анатоль Лябедзька і я. Астатнія — моладзь. Усе
— годныя, прыгожыя, адукаваныя, смелыя, разумныя людзі. Сапраўднае брацтва.
І ўвогуле, у маім жыцці гэтыя дні былі аднымі з самых шчаслівых, бо я зразумеў, што ў нас ёсць шанец на пэўныя перамены, і яны абавязкова адбудуцца.
Па маёй просьбе сын Васіль прынёс 16 раздруковак горкаўскай п’есы “На дне — па колькасці роляў. Цалкам лагічны выбар, бо нічога іншага да тых абставін не
падыходзіць. Уяўляю, у якой разгубленасці было акрэсцінскае кіраўніцтва….
Дарэчы, у мяне вельмі надзейны “тыл. З жонкай Людмілай мы пазнаёміліся ў мой першы адпачынак, пасля набыцця мной статусу галоўнага рэжысёра, калі яна працавала медсястрой у
санаторыі “Беларусь, што ў Місхоры. Цудоўны чалавек. І два нашых сыны — Васіль і Яўген — таксама цудоўныя хлопцы.
Вядома, што восем роляў у горкаўскай “На дне — жаночыя, таму ад іх выканання ўсе вязні адмовіліся адразу, бо ў турэмных варунках тут ёсць пэўны падтэкст. Мне давялося іх
пераконваць, што яшчэ ў шэкспіраўскім тэатры ўсе жаночыя ролі ігралі мужчыны.
Канешне, гэта рэч вельмі ўмоўная, але, калі ўзнікла легенда, што мы паставілі на Акрэсціна п’есу “На дне, я не стаў кагосьці ў чымсьці пераконваць. Мае сукамернікі
сапраўды так хацелі і вельмі шчыра да гэтага імкнуліся.
Час ляціць цяпер больш імкліва, чым раней, і, аглядаючыся назад, прыходзіш да думкі, што толькі вялікая, моцная мара, якая здольная захапіць усю тваю душу, абавязкова здзейсніцца! Толькі вось трэба
ўпарта шукаць тыя дзверцы Сезама і не здавацца.
Пасляслоўе
Я добра ведаю, што ў спектаклях бывае антракт. Як і тое, што адзін з лепшых беларускіх рэжысёраў Валеры Мазынскі ў 1984 годзе стаў заслужаным дзеячам мастацтваў Беларусі, а ў 1986 годзе атрымаў
Дзяржаўную прэмію. Слова “антракт узнікла невыпадкова. На мой погляд, у яго жыцці сёння выключна часовы перапынак, а ўсе істотныя “сцэны яшчэ наперадзе.
Спадзяюся, адна з іх і адбылася 3 кастрычніка 2011 года, калі была запісана гэтая мая размова з Валерыем Мазынскім.