Нацпаліцыя Украіны атрымала інфармацыю пра магчымую датычнасць кіраўніцтва Беларусі да забойства Шарамета
Нацыянальная паліцыя Украіны атрымала інфармацыю бельгійскага выдання EUobserver аб тым, што Аляксандр Лукашэнка і КДБ Беларусі разглядалі варыянт забойства журналіста Паўла Шарамета. Пра гэта 4 студзеня паведамляе прэс-служба Нацпаліцыі.
"У снежні 2020 года следства Нацпаліцыі атрымала з дапамогай Службы замежнай выведкі Украіны пэўную інфармацыю, якая прадстаўляе цікавасць у расследаванні падрыву журналіста Паўла Шарамета ў 2016 годзе. Дакументы і аўдыёзапісы, крайнія з якіх датаваныя 2012 годам, ужо паступілі ў распараджэнне следства і маюць цікавасць з пункту гледжання ўстанаўлення замоўцаў злачынства", — гаворыцца ў паведамленні.
На дадзены момант Нацпаліцыя атрымала дазвол на правядзенне следчых дзеянняў у адной з еўрапейскіх краін, аднак не ўдакладніла, у якой менавіта.
Акрамя гэтага, распарадчыка інфармацыі, якая з'явілася, запрасілі "для правядзення неабходных следчых дзеянняў".
4 студзеня 2021 года бельгійскае выданне EUobserver апублікавала аўдыёзапісы размоў былога кіраўніка Камітэта дзяржбяспекі Беларусі Вадзіма Зайцава (2008-2012 гады), у якіх, у прыватнасці, абмяркоўвалася магчымасць забойства Шарамета. Як сцвярджае выданне, размовы запісваліся схаванай прыладай 11 красавіка 2012 года падчас інструктажу супрацоўнікаў Контртэрарыстычнага падраздзялення КДБ "Альфа" ў мінскім офісе Зайцава.
"Мы павінны папрацаваць над Шараметам, які з'яўляецца вялікім галаўным болем... Мы закладзем [бомбу] і гэтак далей, і гэтага чортава пацука разнясе на чортавы кавалкі — ногі ў адзін бок, рукі — у іншы. Калі ж усё будзе [выглядаць] як па натуральных прычынах, то людзі не зразумеюць сігнал ... прэзідэнт [Лукашэнка] чакае гэтых аперацый" , – цытуе Зайцава EUobserver.
Сценаграму размовы можна пачытаць па-руску ці на англійскай мове.
Як вынікае са слоў былога кіраўніка КДБ, у 2012 годзе рыхтаваліся аперацыі па ліквідацыі шэрагу палітычных апанентаў Лукашэнкі на тэрыторыі іншых дзяржаў. Як адзначыў Зайцаў, задачу па арганізацыі палітычных забойстваў перад КДБ паставіў непасрэдна Лукашэнка. На гэта ён вылучыў $1,5 млн.
Шарамет загінуў 20 ліпеня 2016 года ў Кіеве ў выніку падрыву машыны, якая належала сузаснавальніку выдання "Украінская праўда", грамадзянскай жонцы журналіста Алёне Прытула. Пракуратура кваліфікавала інцыдэнт як наўмыснае забойства, здзейсненае спосабам, небяспечным для жыцця многіх людзей.
12 снежня 2019 года міністр унутраных спраў Украіны Арсен Авакаў паведаміў аб затрыманні падазраваных у датычнасці да забойства Шарамета. Пазней у той жа дзень Нацпаліцыя назвала імёны верагодных датычных: Музыка і добраахвотнік Андрэй Антоненка, вайсковая медсястра Яна Дугар, а таксама лекар і валанцёр Юлія Кузьменка. Усе яны былі арыштаваныя.
З часам Кузьменка выпусцілі з СІЗА пад кругласутачны хатні арышт, Дугар — пад асабістае абавязацельства, Антоненка знаходзіцца пад вартай амаль год. Апошні раз меру стрымання для ўсіх траіх падоўжылі да 7 лютага.
Следчыя лічаць, што выбухоўку пад аўтамабіль Шарамета закладвалі Кузьменка і Антоненка. Апошняга называлі арганізатарам злачыннай групы. Дугар нібыта займалася "выведкай": шукала камеры відэаназірання на маршруце змоўшчыкаў.
22 траўня 2020 года паліцыя апавясціла абарону падазраваных аб заканчэнні дасудовага расследавання.
Шаўчэнкаўскі райсуд Кіева прыняў рашэнне, што судзіць Антоненка, Дугар і Кузьменка будуць з удзелам прысяжных. Першае пасяджэнне па сутнасці адбылося 28 верасня.
Паводле gordonua.com