Расследаванне EUObserver: Лукашэнка і КДБ планавалі забойствы сваіх апанентаў у Германіі
Аўтарытэтнае брусэльскае выданне EUObserver апублікавала запіс размовы 2012 года з удзелам чалавека, чый голас нагадвае голас тагачаснага старшыні КДБ Вадзіма Зайцава.
Аўдыё і аператыўныя дакументы перадаў журналістам для расследавання Ігар Макар — былы намеснік камандзіра баявой групы антытэрарыстычнага падраздзялення МУС Беларусі «Алмаз», паведамляе Радыё Свабода.
На аперацыю па ліквідацыі Алега Алкаева, Уладзіміра Барадача і Вячаслава Дудкіна Лукашэнка нібыта выдаў звыш 1,5 млн долараў, і аперацыю хацелі правесці бясследна, інсцэнаваць няшчасны выпадак. Абмяркоўвалі таксама забойства журналіста Паўла Шарамета з выкарыстаннем бомбы.
Спецыялісты NATO па Беларусі, знаёмыя з Зайцавым, пацвердзілі падабенства голасу Зайцава на аўдыё.
«Прэзідэнт (Лукашэнка) чакае гэтых аперацый», — сказаў нібыта Вадзім Зайцаў, тагачасны старшыня КДБ, у сваім офісе на праспекце Незалежнасці ў Мінску неўзабаве пасля 8:45 раніцы ў сераду, 11 красавіка 2012 года, згодна з аўдыёфайлам сустрэчы, які быў таемна запісаны на схаванай прыладзе і перададзены EUobserver праз бяспечную праграму», — піша выданне.
Зайцаў праводзіў брыфінгі для супрацоўнікаў элітнага контртэрарыстычнага падраздзялення КДБ «Альфа».
«Для мяне важна, каб ніхто нават не думаў пра КДБ», — сказаў Зайцаў.