МК: Маскве ў Мінску трэба размаўляць не толькі з Лукашэнкам
Палітычны аглядальнік аднаго з найстарэйшых расійскіх выданняў «Маскоўскі камсамолец» (МК) Міхаіл Растоўскі выказаў меркаванне, што Маскве трэба вырашацца на дыялог не толькі з Лукашэнкам.
На яго думку, «адным з самых важных “моцных арэшкаў” для расійскай знешняй палітыкі ў 2021 годзе застанецца крызіс у Беларусі». На гэта ёсць мноства аб’ектыўных і, зменшага, адна суб’ектыўная прычына — расійская дыпламатыя скавана неразуменнем, з кім яшчэ можна весці дыялог у Мінску, цытуе расійскае выданне Еўрарадыё.
Растоўскі мяркуе, што Лукашэнка здолеў выбудаваць сцяну паміж двума бакамі, якія прагнуць ад яго пазбавіцца — Масквой і палітычным класам у Мінску, «чальцы якога смяротна стаміліся ад выкрутасаў бацькі і хацелі б наладзіць схаваныя кантакты з Масквой, але не ведаюць, як зрабіць, каб не апынуцца пры гэтым злоўленымі і адразу “чвэртаванымі”».
Пры гэтым у Маскве, на яго думку, нярэдка з гонарам кажуць пра гатоўнасць весці справы толькі з афіцыйным Мінскам. Аўтар на гэта пярэчыць: узгадайце падзеі ў Кіеве ў 2014 годзе, калі расійская дыпламатыя таксама рабіла стаўку на ўладу. У апошні момант Масква паспрабавала выбудаваць адносіны з другім бокам, але — было ўжо позна.
Цяпер падобная катастрофа пагражае паўтарыцца ў Беларусі, лічыць Растоўскі.
«Лукашэнка замкнуў ўвесь мінскі круг зносін нашай дыпламатыі на сябе і сваіх бліжэйшых паплечнікаў. Ці не час Маскве скідаць гэтыя кайданы са сваіх ног? Я перакананы, што час. Вядома, працэс падобнага “вызвалення” будзе цяжкім і хваравітым. Але альтэрнатыва — нічога мяняць і плыць далей па плыні — яшчэ горш», — лічыць расійскі палітаглядальнік.
На мінулым тыдні міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў у чарговы раз заявіў, што лёс Беларусі павінны вырашаць грамадзяне краіны і іх законныя «легітымныя прадстаўнікі, а не самазванцы і іх заходнія куратары». У адказ лідар Нацыянальнага антыкрызіснага кіравання Павел Латушка заўважыў, што такую пазіцыю Масквы беларусы ўспрымаюць як здраду.