Эксперымент Чаўшэску: як у Румыніі «нацыяналізавалі» дзяцей і што з гэтага атрымалася

Цяпер у Расіі ўводзяцца варварскія законы, якія забараняюць жанчынам, фактычна, распараджацца сваім целам. Тое самае ўжо было ў гісторыі: румынскі дыктатар Нікалае Чаўшэску забіў тысячы жанчын і дзяцей, праводзячы бесчалавечны эксперымент па дэмаграфіі.

Карціна Канстанціна Нітэску «Амаж», 1980-я. На ёй — румынскі дыктатар Нікалае Чаўшэску са сваёй жонкай Аленай сярод дзяцей. Крыніца: wikipedia.org

Карціна Канстанціна Нітэску «Амаж», 1980-я. На ёй — румынскі дыктатар Нікалае Чаўшэску са сваёй жонкай Аленай сярод дзяцей. Крыніца: wikipedia.org

Чалавечы эмбрыён — «грамадская ўласнасць», нежаданне нараджаць — «дэзерцірства», аборт можна рабіць толькі пасля 45 гадоў або пры наяўнасці чатырох дзяцей, рэкамендаваць пацыентам кантрацэпцыю — забаронена. Гэта не новы законапраект расійскай Дзярждумы і не змрочная антыўтопія, а план румынскага дыктатара Нікалае Чаўшэску па павышэнні нараджальнасці на шляху ў «светлую камуністычную будучыню». Вынікам рэалізацыі гэтага плана сталі не менш за дзевяць тысяч жаночых смярцей ад падпольных абортаў і сто тысяч сірот. У Румыніі цяпер жывуць 19 мільёнаў чалавек — роўна столькі ж, колькі да пачатку жорсткага эксперыменту над яе дарослымі і маленькімі жыхарамі, піша тэлеканал «Настоящее время».

Праблемай нараджальнасці генеральны сакратар Камуністычнай партыі Румыніі Нікалае Чаўшэску ўшчыльную заняўся праз паўтара года пасля прыходу да ўлады ў сакавіку 1965-га. Свядомае нежаданне мець дзяцей дыктатар лічыў «эгаізмам» і «дэзерцірствам», а чалавечы эмбрыён называў «грамадскай уласнасцю». Тады ў Румыніі пражывалі каля 19 мільёнаў чалавек. Аборты з 1957 года былі легалізаванымі.

Паводле статыстыкі румынскага Міністэрства аховы здароўя за 1965 год, на 100 народжаных дзяцей прыходзілася 400 штучна перапыненых цяжарнасцей. Зніжэнне нараджальнасці было агульнаеўрапейскай пасляваеннай тэндэнцыяй. У Румыніі сельскія жыхары актыўна пераязджалі ў гарады, а жанчыны ўсё часцей працавалі па-за домам і на вытворчасці. Колькасць народжаных складала 14,3 чалавека на тысячу. Чаўшэску патрабаваў павялічыць гэты паказчык у паўтара раза, а лепш — у два. 25 мільёнаў румынаў да 1990 года, 30 мільёнаў да 2000-га — прыкладна так гучаў план, да ажыццяўлення якога румынскі ўрад па даручэнні генеральнага сакратара прыступіў у кастрычніку 1966 года. Дэмаграфічны эксперымент доўжыўся 23 гады і завяршыўся ў снежні 1989-га, калі Чаўшэску зрынулі і разам з жонкай Аленай расстралялі.

Што забараніў Чаўшэску жанчынам, мужчынам і лекарам

Дзяржаўная праграма па павелічэнні нараджальнасці пачалася з указа № 770, які забараніў аборты. Штучна перарываць цяжарнасць з гэтага часу можна было толькі ў некалькіх выпадках: небяспека для жыцця маці, цяжкае спадчыннае захворванне ў аднаго з бацькоў, сур'ёзныя разумовыя або фізічныя парушэнні ў жанчыны, інцэст або згвалтаванне. Таксама перапыніць непажаданую цяжарнасць мелі права жанчыны, старэйшыя за 45 гадоў, і маці чацвярых дзяцей. У астатніх выпадках аборт станавіўся крымінальным злачынствам, за здзяйсненне якога лекара маглі прысудзіць да тэрміну ад года да 10 гадоў турмы, у залежнасці ад абставінаў. З часам да ўказа № 770 дадаліся іншыя заканадаўчыя абмежаванні.

Развесціся ў камуністычнай Румыніі стала калі не немагчыма, то вельмі праблематычна, да таго ж гэта дорага каштавала: дзяржаўная пошліна на скасаванне шлюбу перавышала сярэднюю зарплату за месяц. Нават у выпадку хатняга гвалту і даказанай здрады муж і жонка абавязаныя былі прайсці праз працяглы перыяд «прымірэння». Развод мог лёгка паставіць крыж на кар'еры. Хутка рэгістравалі развод толькі ў двух выпадках: псіхічнае захворванне або эміграцыя аднаго з сужэнцаў. Калі ў 1965 годзе ў краіне зарэгістравалі амаль 37 тысяч разводаў, то ў 1967-м іх было ўсяго 48.

У 1968 годзе ў Румыніі крымінальным злачынствам сталі аднаполыя стасункі. Пакаранне — ад года да пяці гадоў турмы. Таксама былі ўведзеныя спецыяльныя падаткі на адзіноту і бяздзетнасць — 10% ад штомесячнага даходу. Падатак абавязаны былі плаціць нежанатыя мужчыны ва ўзросце ад 25 да 50 гадоў і незамужнія жанчыны ад 20 да 45 гадоў, а таксама пары, якія праз два гады пасля вяселля не абзавяліся дзецьмі і не прадаставілі медыцынскія даведкі аб праблемах з зачаццем. Пад забарону трапілі палавое выхаванне і любыя сродкі кантрацэпцыі. Лекарам забаранялася кансультаваць пацыентаў на гэтую тэму. У 1980-х улады абавязалі ўсіх працуючых на вытворчасці жанчын кожны месяц праходзіць гінекалагічны агляд на прадмет выяўлення цяжарнасці. Зарплата лекара залежала ад узроўню нараджальнасці на яго ўчастку. У кожным гінекалагічным аддзяленні дзяжурыў міліцыянт.

«Дзеці па загадзе» і падпольныя аборты

Першымі вынікамі сваёй дэмаграфічнай палітыкі Нікалае Чаўшэску застаўся задаволены. Праз год пасля падпісання ўказа аб забароне абортаў колькасць народжаных на тысячу чалавек вырасла амаль удвая: з 14,3 да 27,4. Так 1967-мы і 1968 гады ў Румыніі сталі рэкорднымі па нараджальнасці. І тут жа высветлілася, што ўлады зусім не гатовыя да дэмаграфічнага выбуху. Немаўлятам не хапала месцаў ні ў яслях, ні пазней у дзіцячых садках. Калі першыя «дзеці па загадзе», як іх называлі, пайшлі ў першы клас, многія школы былі вымушаныя перайсці на тры і нават на чатыры навучальныя змены, сур'ёзна скараціўшы адукацыйную праграму. У класах пры гэтым было па 40 і больш вучняў.

Эфект забаронных мер доўжыўся нядоўга. Нараджальнасць пачала паступова зніжацца, затое рэкорднымі тэмпамі расла колькасць падпольных абортаў, колькасць памерлых у выніку іх жанчын і колькасць кінутых дзяцей. Толькі паводле афіцыйнай статыстыкі, з 1966-ты па 1989 год у Румыніі праз падпольныя аборты памерлі 9 452 жанчыны. Паводле ацэнкі экспертаў, рэальная колькасць можа перавышаць гэты паказчык у некалькі разоў. Колькі румынак у выніку гэтых аперацый засталіся бясплоднымі, невядома. Самым распаўсюджаным метадам для перапынення цяжарнасці, якім падпольна карысталіся лекары ў эпоху дыктатуры Чаўшэску, было ўвядзенне зонда. Працэдура выклікала спарон.

Пра такія аборты ў Румыніі расказвае мастацкі фільм Крысціяна Мунджыу «4 месяцы, 3 тыдні, 2 дні», які атрымаў у 2007 годзе «Залатую пальмавую галінку» Канскага кінафестывалю. Сюжэт фільма — адзін дзень з жыцця Гэбіцы і Атыліі, студэнтак політэхнічнага інстытута і суседак па пакоі ў інтэрнаце. Дзяўчатам па 22 гады, і яны жывуць у краіне, дзе абаронены сэкс абвешчаны па-за законам. Карціна не шкадуе гледача, паказваючы яму рэальнасць будзённа і без купюр.

Ранняя вясна 1987 года, сесія. Гэбіца цяжарная і праз знаёмых знаходзіць лекара, які гатовы «дапамагчы». У жабрацкай сацыялістычнай Румыніі мала што можна купіць легальна, але амаль усё ёсць на «чорным рынку»: імпартныя цыгарэты, мыла, жвачка. І аборт — такі ж падпольны тавар, толькі яго набыццё звязана з падвышанай рызыкай.


Глядзіце таксама

Атылія ва ўсім дапамагае сяброўцы. Для аборту яны здымаюць нумар у гасцініцы, куды прыводзяць лекара — спадара Бебе. Сабраных дзяўчатамі грошай аказваецца недастаткова, і, каб лекар «дапамог» сяброўцы, Атыліі даводзіцца з ім пераспаць. Пасля гэтага Бебе без анестэзіі ўводзіць Гэбіцы зонд. Папярэджвае, што крывацёк можа быць моцным, але раіць справіцца з ім самастойна, таму што« калі патэлефануеш у "хуткую", то ўсе мы будзем на паўдарозе ў турму». А на развітанне дадае: «Забыўся сказаць самае галоўнае. Не спускай плод ва ўнітаз. Ён яго заб'е. І не закопвай там, дзе яго могуць знайсці сабакі. Загарні яго ў пакет і едзь далей на аўтобусе. Знайдзі адпаведны дом. Падыміся на дзясяты паверх. І скінь пакет у смеццеправод».

«Дзеці Чыгіда»: беднасць, недаяданне і тысячы сірот

Павышаць нараджальнасць улады патрабавалі на фоне найцяжэйшага эканамічнага крызісу. Калі ў 1970-я сітуацыя ў краіне яшчэ была памяркоўнай за кошт росту знешняга доўгу, то да 1980-х гадоў ўзровень жыцця стаў рэзка зніжацца. Нікалае Чаўшэску вырашыў у рэкордныя тэрміны выплаціць усе знешнія крэдыты. Каб гэта зрабіць, у Румыніі ўкаранілі картачную сістэму на прадукты харчавання і ўвялі найстрогую эканомію электрычнасці, газу і бензіну. Недаяданне стала пастаяннай праблемай, а гарачая вада ў кране — раскошай. Жылыя памяшканні ледзь ацяпляліся. Вулічнае асвятленне звялі да мінімуму. Дзяржава перастала ўкладваць грошы ў медыцыну, адукацыю і навуку. Мацярынская смяротнасць у Румыніі была самай высокай у Еўропе. У 1989 годзе яна складала 169,4 выпадка на 1000 родаў — у 11 разоў вышэй, чым у суседняй Венгрыі, і ў 18 разоў вышэй, чым у Чэхаславакіі. Адначасова з паглыбленнем гэтага гуманітарнага крызісу Нікалае Чаўшэску ўзводзіў у цэнтры Бухарэста гіганцкі палац, надзвычайны сваім памерам і раскошай (цяпер у гэтым будынку засядае румынскі парламент).

Напаўгалодныя шматдзетныя сем'і ў 1980-я гады сталі ўсё часцей пакідаць нованароджаных на апеку дзяржаве. Па ўсёй Румыніі адкрылі сотні дзіцячых дамоў. «Дзяржава клапоціцца пра дзяцей лепш, чым іх уласныя бацькі», — абвяшчала прапаганда. У 1987 годзе ўрад дазволіў цяжарным школьніцам вучыцца ў вячэрнюю змену, здаваць экзамены завочна і паабяцаў узяць на сябе ўсю адказнасць за нованароджаных.


Глядзіце таксама

На момант звяржэння дыктатара ў снежні 1989 года ў дзяржаўных прытулках па ўсёй краіне знаходзіліся не менш за сто тысяч сірот. Праз некалькі месяцаў замежныя журналісты і валанцёры, якія прыехалі ў Румынію, упершыню расказалі свету пра жахлівыя наступствы дэмаграфічнага эксперыменту Чаўшэску.

Увесну 1990 года нямецкія журналісты са «SPIEGEL-TV» знялі рэпартаж «Дзеці Чыгіда» — пра прытулак для сірот з ментальнай інваліднасцю ў 600 кіламетрах ад Бухарэста, на мяжы з Венгрыяй. На кадрах — напаўголыя, знясіленыя, запэцканыя экскрэментамі дзеці ў абстаноўцы поўнай антысанітарыі. «Іх адпраўлялі сюды паміраць», — расказала пазней іспанскім журналістам сацыяльны педагог Даніэла Ністар, якая прыйшла працаваць у Чыгід праз некалькі месяцаў пасля звяржэння Чаўшэску. У гады дыктатуры кінутых дзяцей з асаблівасцямі развіцця ва ўзросце трох гадоў дзялілі на тры катэгорыі: «можна вылечыць», «можна часткова вылечыць» і «невылечныя». Дзяцей трэцяй катэгорыі адпраўлялі ва ўстановы кшталту Чыгіда, фактычна прысуджаючы да смерці. У 1989 годзе ў прытулку было 107 дзяцей. Будынак не ацяпляўся. Па пакоях бегалі мышы і пацукі. Сірот кармілі адзін раз на дзень кашай на аснове маннай крупы. І мылі халоднай вадой. Спалі дзеці па некалькі чалавек на адным ложку. Самых неспакойных трымалі ў камерах-клетках. Дзяцей даглядалі дзесяць мясцовых сялянак. З 1987 па 1989 год у Чыгідзе памерлі 137 сірот.

«Мы — зламаныя людзі»: наступствы эксперыменту Чаўшэску

Крыху лепш было ў дзіцячых дамах, дзе жылі сіроты без асаблівасцей развіцця, але і там кіравалі гвалт і беспакаранасць. «Нас збівалі да паўсмерці», — успамінае Вісінэль Балан, румынскі адвакат, які займае цяпер пасаду віцэ-прэзідэнта Нацыянальнага ўпраўлення па абароне правоў дзяцей і ўсынаўленні. Балан нарадзіўся ў 1987 годзе ў беднай сям'і, дзе ўжо было 12 дзяцей. Маці аддала яго ў прытулак праз некалькі месяцаў пасля нараджэння. Тое самае зрабілі і з яго старэйшым братам Вяргіліем: бацькі былі не ў стане пракарміць так шмат дзяцей.

Вісінэль Балан — адзін з нямногіх, хто часта і падрабязна расказвае журналістам пра сваё дзяцінства ў прытулку. Пасля звяржэння Чаўшэску ў Румынію прыйшла гуманітарная дапамога. Карміць сталі лепш, але парадкі ў дзіцячых дамах яшчэ вельмі доўга заставаліся такімі ж, як пры дыктатуры. Паводле слоў Вісінэля, рэдкімі шчаслівымі момантамі ў прытулку для яго былі сон і яшчэ той час, калі яму ўдавалася ўцячы на бліжэйшую чыгуначную станцыю і бадзяжнічаць. У прытулку дзяцей жорстка збівалі за любую правіну. Старэйшыя выхаванцы гвалцілі малодшых. Паводле слоў Балана, гэта пачыналася ва ўзросце 8-9 гадоў і працягвалася гадамі. Выхавальнікі глядзелі на гвалт скрозь пальцы.


Глядзіце таксама

Вісінэль Балан называе сябе і тых, хто вырас у прытулках пры Чаўшэску, «зламанымі людзьмі». Ён прызнаецца, што нават цяпер жыць з атрыманымі ў дзяцінстве псіхалагічнымі траўмамі настолькі цяжка, што думкі пра суіцыд з'яўляліся ў яго не раз. Некалькі сяброў Балана па прытулку здзейснілі суіцыд ужо ў дарослым узросце, не ў сілах справіцца з наступствамі перажытага.

Амерыканскі псіхолаг Натан Фокс з Мэрылендскага універсітэта спецыялізуецца на раннім развіцці дзяцей і ўплыве на яго знешніх фактараў. Ён прыехаў у Румынію пасля падзення дыктатуры і дагэтуль памятае, як увайшоў у пакой аднаго з дзіцячых дамоў, дзе ў абсалютнай цішыні ў ложках ляжалі немаўляты: «Мы не пачулі звычайнага для такіх месцаў дзіцячага плачу. І пазней прыйшлі да высновы, што гэта адбывалася, бо ніхто не рэагаваў на іх плач. Не было звычайнага ўзаемадзеяння паміж дзіцем і дарослым, паміж маці і дзіцем. Ніхто не падыходзіў да немаўлят, калі яны плакалі», — успамінаў навуковец у адным з інтэрв'ю.

Таксама высветлілася, што румынскія ўлады хавалі факты заражэння сірот ВІЧ-інфекцыяй. Першы выпадак смерці дзетдомаўца ад СНІДу зарэгістравалі ў 1985 годзе. Заражэнне часцей за ўсё адбывалася медыцынскім шляхам: напрыклад, праз тое, што антыбіётыкі ў прытулках давалі ўнутравенна, выкарыстоўваючы адны і тыя ж іголкі. Вядома як мінімум пра 1094 румынскіх сірот ва ўзросце да 12 гадоў, памерлых ад СНІДу.


Глядзіце таксама

У 1990 годзе ў Румыніі дазволілі ўсынаўленне замежнікам. За першыя тры месяцы ў новыя сем'і за мяжу павезлі амаль паўтары тысячы дзяцей. У Брытаніі за развіццём 67 усыноўленых румынскіх сірот назіралі навукоўцы з Каралеўскага каледжа Лондана. Да ўсынаўлення дзеці правялі ад 3 месяцаў да 2,5 гадоў у дзяржаўных прытулках. Развіццё іх мозгу навукоўцы дэталёва абследавалі ва ўзросце 4-6 гадоў, другі раз — калі ім было ад 11 да 15 гадоў, трэці — калі ўсе яны былі старэйшыя за 22 гады. Вынікі гэтага даследавання апублікавалі ў 2017 годзе ў навуковым часопісе «The Lancet». З публікацыі вынікае, што аб'ём мозгу ў былых румынскіх сірот у сярэднім меншы, чым у дзяцей з кантрольнай групы (таксама сірот, але якія нарадзіліся ў Брытаніі). Чым даўжэй дзіця пражыло ў дзіцячых дамах на радзіме, тым ніжэй у яго ўзровень IQ і больш праблем з псіхічным здароўем у дарослым узросце — такіх, як трывожнасць і схільнасць да дэпрэсіі. Людзям, якія перажылі гэты досвед, цяжэй уладкоўвацца на працу і заводзіць сяброў.

На момант звяржэння Нікалае Чаўшэску насельніцтва Румыніі складала крыху больш за 23 мільёны чалавек. Калі ў 1990-м у краіне знялі забарону на аборты, то за першыя 12 месяцаў зарэгістравалі рэкордную колькасць штучна перапыненых цяжарнасцей — амаль мільён аперацый. Паводле даных на 2024 год, у краіне пражываюць каля 19 мільёнаў чалавек — столькі ж, колькі ў 1965 годзе, калі Чаўшэску прыйшоў да ўлады. Румынская дыяспара за мяжой складае не менш за 4 мільёны чалавек.