«Лукашэнка прымае так блізка да сэрца драматычны лёс зрынутых дыктатараў, бо ўсьведамляе, што падобная будучыня можа чакаць і яго»

Лукашэнка вельмі балюча ставіцца да зрынаньня дыктатур і дыктатараў. Для яго ўлада — рэч сакральная, і любы замах на яе — недаравальнае злачынства, піша Валер Карбалевіч на «Свабодзе».

Башар Асад і Аляксандр Лукашэнка. APA

Башар Асад і Аляксандр Лукашэнка. APA

Якраз у той час, калі ў Менску Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін падпісвалі міждзяржаўную дамову аб гарантыях бясьпекі паміж Беларусьсю і Расеяй, у далёкай Сырыі дажываў свае апошнія гадзіны рэжым Башара Асада, якому ў свой час Масква таксама гарантавала абарону. У выніку дыктатура Асада зрынута. А саюзьнік не прыйшоў на дапамогу. Як прынята цяпер пісаць у мэдыя, «здымак носіць ілюстрацыйны характар». Так, гэта добрая ілюстрацыя да расейскіх гарантый. Падзеі ў Сырыі — балючы ўдар па Расеі, па яе міжнародным прэстыжы і геапалітычнай ролі.

Зьвяртае на сябе ўвагу нейкая дзіўная, не да канца вытлумачальная сымпатыя Лукашэнкі да дыктатараў усіх часоў і народаў. Зразумела, граюць ролю аднолькавыя ўяўленьні пра сыстэму дзяржаўнага ладу, формы і мэтады кіраваньня, дапушчальныя сродкі дзеля дасягненьня мэты. Але, відаць, ня толькі гэта. Існуе яшчэ нейкая містычная, нават фатальная, згубная сувязь, якую здольныя растлумачыць толькі сацыяльныя псыхолягі, бо беларускі лідэр ня можа схаваць свайго захапленьня дыктатарамі — часта на шкоду ўласнай рэпутацыі. Магчыма, гэта і называецца роднасьцю душ або цягай да людзей з падобнымі псыхалягічнымі асаблівасьцямі.

Натуральна, Лукашэнка вельмі хваравіта ставіцца да зрынаньня дыктатур і дыктатараў. Бо для яго ўлада — рэч сакральная, і любы замах на яе — недаравальнае злачынства. Можна прывесьці шмат прыкладаў. Так, арышт і перадачу Міжнароднаму трыбуналу былога кіраўніка Югаславіі Слабадана Мілошавіча Лукашэнка назваў фактам «абуральным і недэмакратычным» і адзначыў, што такія дзеяньні ў адносінах да былых прэзыдэнтаў служаць стварэньню дрэннага іміджу дзяржаве. Выступаючы ў ААН у 2005 годзе, ён заявіў: «Кіраўнікі сувэрэнных дзяржаў — Югаславіі і Іраку — па непацьверджаных абсурдных, надуманых абвінавачаньнях кінутыя ў турмы... Іх правы няма каму абараніць, акрамя ААН...».

Глядзіце таксама

Лукашэнка выказваў гатовасьць даць палітычны прытулак Слабадану Мілошавічу, дыктатару Іраку Садаму Хусэйну. Даў такі прытулак зрынутаму кіраўніку Кіргізстану Курманбеку Бакіеву.

10 сьнежня ў Барысаве Лукашэнка, камэнтуючы падзеі ў Сырыі, чарговым разам кінуўся абараняць дыктатараў. Згадаў бацьку Башара Асада — Хафеза Асада («Гэта была велічыня. Ён памёр даўно, цяпер яны ламаюць яго помнікі»), іншых дыктатараў — Садама Хусэйна ў Іраку, Муамара Кадафі ў Лібіі, Фідэля Кастра на Кубе. Лукашэнка кажа: «Як яны (апанэнты на Захадзе. — РС) толькі іх ні паласкалі. І дыктатары, і варвары, і народ забіваюць і ядуць. Што толькі ні казалі. Таму што яны зь імі нічога не маглі зрабіць. Я іх добра ведаў. Гэта былі моцныя людзі. Яны стаялі за свой народ, за сваю дзяржаву... Які Башар Асад дыктатар? Лекар па прафэсіі, я яго ведаю даўно. У нас добрыя былі, чалавечыя адносіны. Ніякі ён не дыктатар. Ён лячыў людзей як лекар. Ён ніколі нікога не забіваў».

То бок, паводле Лукашэнкі, дыктатары — найлепшыя людзі ў сьвеце. А потым дадаў: «Мне гэта знаёма. У вас жа таксама „дыктатар“ кіруе краінай». Вось чаму Лукашэнка прымае так блізка да сэрца драматычны лёс дыктатараў. Бо прымярае яго на сябе, мае на ўвазе адзін з варыянтаў сваёй уласнай будучыні.

І галоўная выснова, якую прагаварыў Лукашэнка, камэнтуючы падзеі ў Сырыі: «Гэта для нас урок. Мы павінны свой лёс вызначаць самі».

Сапраўды, з драматычных падзей у Сырыі варта вынесьці важныя ўрокі.

Урок першы. Вернемся да тэмы расейскіх гарантый. Справа ня толькі ў тым, што яны ненадзейныя. Як піша расейскі палітоляг Аляксандар Баўнаў, «прапанова Расеі амаль выключна абмежаваная сфэрай бясьпекі». Масква ня робіць інвэстыцый у разьвіцьцё краіны, рэжым якой яна імкнецца абараніць. Тут стаўка на голую сілу. Вось на што рабілі акцэнт Лукашэнка і Пуцін падчас перамоваў у Менску на мінулым тыдні? Як стварыць дадатковыя пагрозы Захаду з дапамогай разьмяшчэньня ракеты «Арэшнік». А падчас візыту Пуціна ў Менск у траўні галоўным было пытаньне пра вучэньні па ўжываньні ядзернай зброі.

Масква разглядае сваю дапамогу рэжымам-ізгоям як чыньнік, інструмэнт супрацьстаяньня з Захадам. «Каляровыя рэвалюцыі» Крэмль ацэньвае не як народны пратэст супраць несправядлівай і неэфэктыўнай улады, а як заходні праект дзеля прасоўваньня інтарэсаў ЗША і ЭЗ. Таму і дапамагаў іх душыць і ва Ўкраіне, і ў Сырыі, і ў Беларусі.

Глядзіце таксама

Ва Ўкраіне Расея прайграла двойчы: і першы, і другі Майдан там перамог. А вось у Сырыі і Беларусі пратэставы выбух удалося здушыць. Цяпер сырыйская гісторыя посьпеху Расеі перакрэсьлена зрынаньнем Асада.

Таму невыпадковай выглядае выснова, да якой прыйшоў Лукашэнка, ацэньваючы падзеі ў Сырыі: «Мы павінны свой лёс вызначаць самі». Але ці не запозна ён прыйшоў да гэтай ісьціны?

І тут вельмі актуальным становіцца ўрок другі: на штыках можна сядзець доўга, але ня вечна. Падзеньне сырыйскага рэжыму завяршыла «Арабскую вясну». Асад, як і Лукашэнка, не захацеў дамаўляцца з народам, дзяліцца ўладай, ладзіць рэформы, ісьці на саступкі. З расейскай падтрымкай пратрымаўся 13 гадоў. Але колькі вяровачцы ні віцца...

Урок трэці, асабліва цяпер актуальны. Зьвязаны якраз з выбарамі. Башар Асад правёў апошнія прэзыдэнцкія выбары ў 2021 годзе і перамог з вынікам 95,1%! Тады Лукашэнка шчыра павіншаваў сырыйскага сябра з такім посьпехам: «Перамога на выбарах — сьведчаньне прызнаньня вашага бясспрэчнага аўтарытэту як нацыянальнага лідэра, які ўпэўнена абараняе сваю краіну ад зьнешняга ўмяшаньня і змагаецца за ўстанаўленьне міру і стабільнасьці ў Сырыі».

Ці моцна такая «перамога» на выбарах дапамагла Асаду? Чаму ж гэты народ, які нібыта аднадушна прагаласаваў, ня выйшаў яго абараняць?

Увогуле, з выступу Лукашэнкі ў Барысаве бачна, што падзеі ў далёкай Сырыі яго моцна ўсхвалявалі. Ён выглядаў вельмі ваяўніча, адкінуў свой вобраз міратворца, які старанна ствараў апошнім часам, пагражаў Эўропе ядзернай зброяй і ракетамі «Арэшнік». Хоць і прызнаў, што разьмяшчэньне ракетнага комплексу ў Беларусі «можа быць не зусім папулярным крокам перад выбарамі».