Ці патрэбна Карлу каранацыя?

У суботу, 6 мая, адбудзецца каранацыя новага брытанскага караля. Няма сумневаў, што яна ўвойдзе ў гісторыю. Хаця б таму, што яшчэ ніколі брытанцы так шмат не спрачаліся наконт таго, ці патрэбна яна іх каралю ўвогуле?

Карл III. Фота: flickr.com / ukhouseoflords

Карл III. Фота: flickr.com / ukhouseoflords

Справа нават не ў тым, што мерапрыемства абыдзецца падаткаплацельшчыкам у салідную суму каля 100 мільёнаў фунтаў (гэта, дарэчы, эканамічны фармат бюджэту). Як тут не ўспомніць, напрыклад, што цяперашні кароль Швецыі ўступіў на трон без усялякіх пышных рытуалаў, падпісаўшы нейкі тэхнічны дакумент. Увогуле практыка цырыманіяльных перформансаў сярод еўрапейскіх каралеўскіх сямей захавалася хіба што ў Мадрыдзе, Капенгагене і, нарэшце, у Лондане.
Але галоўнае пытанне ў іншым. Каранацыя ў брытанцаў — гэта не проста прымерка кароны, а важны палітычны акт. На кожным гістарычным этапе гэтае дзейства як мінімум змацоўвала дзяржаву, грамадства вакол кароны ці было фактарам мабілізацыі.
Хоць гісторыя брытанскай манархіі сыходзіць каранямі ў цёмныя часы, калі на руінах Рымскай імперыі сталі ўзнікаць англа-саксонскія каралеўствы, першая каранацыя адбылася 4 верасня 925 года н.э. Гэта быў не капрыз новага караля Эдгарда, а хутчэй адлюстраванне палітычнай культуры эпохі Каралінгскага Адраджэння: манарх мусіць сімвалізаваць вярхоўны інстытут, місія якога — клапаціцца аб падтрыманні справядлівага ўладкавання. Таму новы кароль даў прысягу — так званы promissio regis, у якім абяцаў хрысціянам мір, недатыкальнасць уласнасці і справядлівы суд.


Пазней на першае месца выйшла тэма сакральнасці. Быць памазаным падчас каранацыі — значыць замацаваць свае правы ў вачах людзей, прадэманстраваўшы, што твой каралеўскі статус ухваліў і нават дазволіў Бог. Гэта тэма, дарэчы, і нядаўна яшчэ была для многіх вельмі важнай. У 1953 годзе падчас каранацыі Лізаветы ІІ тэлекамеры былі ўпершыню дапушчаны ўнутр Вестмінстэрскага абацтва, але аператараў ВВС папрасілі не здымаць момант, калі каралева была памазана. Тым самым хацелі захаваць магічны, амаль метафізічны сэнс цырымоніі.
Пазней канцэпцыя рытуалу каранацыі часта залежала ад актуальнага палітычнага запыту. Так, напрыклад, Лізавета І, прымяраючы карону, рабіла акцэнт на сваёй адданасці справе пратэстантызму.
Каралева Вікторыя ператварыла сваю каранацыю ў 1838 годзе ў свята брытанскай імперскай моцы. Дарэчы, менавіта тады ўпершыню пачалі гучаць прагматычныя і крытычныя рэплікі наконт самой тэмы каранацыі. Падчас дэбатаў аб маючай адбыцца каранацыі адзін з дэпутатаў заявіў, што «каранацыі падыходзяць толькі для варвараў або для перыядаў, калі кароны выйграваліся і прайграваліся за кошт гвалту».
Калі Лізавета II была каранавана ў 1953 годзе, Брытанія ўсё яшчэ была імперыяй, хаця і ў стане агоніі. Ідэя таго, што краіна працягвае заставацца вялікай сусветнай дзяржавай, прасякала цырымонію. Праўда, пазней імідж каралевы набудзе новыя рысы. Глыбокія пачуцці яна абудзіць у народзе не з-за імперскай настальгіі, а таму, што перажыла ўсе вялікія падзеі пасля Другой сусветнай вайны, увасобіўшы ў сабе нацыянальную памяць.
І вось цяпер карону будзе прымяраць Карл ІІ. Які наратыў будзе мець гэтая падзея? Хіба што засведчыць: каранацыя і ўвогуле інстытут манархіі — гэта анахранізм, настальгічны трук, гульня на нацыянальным пачуцці для падтрымкі існуючай сістэмы, якая, як сведчыць бясконцы каскад прэм’ерскіх адставак, знаходзіцца ў моцным крызісе.  


Зрэшты, гэта разумеюць і ў Бэкінгемскім палацы. Напэўна, менавіта таму ёсць ідэя правесці цырымонію з удзелам прадстаўнікоў усіх рэлігій, а не толькі хрысціянства (афіцыйных англіканскай і прэсвітарыянскай цэркваў).
Ёсць шмат у каго і асабістыя прэтэнзіі да будучага ўладальніка брытанскай кароны. Гэта тыя брытанцы, хто дасюль не можа прабачыць каралеўскай сям'і трагедыю прынцэсы Дзіяны. Тым больш што каралевай стане цяперашняя жонка Чарльза Каміла, якую дзіянафілы вельмі не любяць, паколькі лічаць яе адной з прычын крызісу шлюбу нябожчыцы-прынцэсы і прынца Чарльза.  
Натуральна, не ўсе згодны з апісанымі вышэй тэзамі наконт дэградацыі манархіі і яе цырыманіялу. На думку апанентаў, каралеўскі цырыманіял падкрэслівае пераемнасць парадкаў і, як вынік, стабільнасць нацыі. Праз захаванне і дэманстрацыю карон, скіпетраў, старажытных касцюмаў ідзе нябачная трансляцыя сілы брытанскай традыцыі. Акрамя таго, манархія па-ранейшаму мае значэнне як неад'емная частка парламенцкай, дэмакратычнай дзяржавы.
Так ці інакш, многае ў выніку будзе залежаць ад тэксту выступлення Карла ІІІ падчас каранацыі і ад рэакцыі СМІ і гледачоў з усяго свету на гэтае самае грандыёзнае ў свеце публічнае шоу.
Напрыканцы, напэўна, варта дадаць, што апошні раз асоба па імені Карл сядзела на брытанскім троне ў XVII стагоддзі. Гэта быў Карл ІІ, які вярнуўся ў Англію пасля Рэстаўрацыі і стаў манархам у трыццаць гадоў. Як бачым, імя Карл нейкім чынам сімвалізуе поспех брытанскай манархіі. Хаця гісторыкі адзначаюць таксама, што ў часы Карла ІІ каралеўская ўлада была вельмі слабай і нестабільнай.