Арменія: Электрамайдан і апазіцыя

Як акцыі супраць падвышэння коштаў на электраэнергію ў Арменіі сталі пратэстам супраць дзеючай улады? Пра гэта НЧ расказвае сябра апазіцыйнага Армянскага нацыянальнага кангрэсу Арменак Давлацян. 



625444_01_08.jpg

— Што ўяўляла сабой армянская апазіцыя напярэдадні Электрамайдана, як яшчэ называюць гэты пратэст?

— Галоўным чынам дзейнасць апазіцыі будавалася вакол яе парламенцкай групы. У парламенце ёсць група з сямі дэпутатаў, якія ўваходзяць у кааліцыю «Армянскі нацыянальны кангрэс» (АНК). Праўда, сам АНК таксама не вельмі аднародны. Адзінае, што аб’ядноўвае яго сяброў, — намаганне не дапусціць росту аўтарытарызму прэзідэнта Сержа Саргсяна. Адсюль, напэўна, і адсутнасць адзінай пазіцыі адносна Электрамайдана. Некаторыя з партый — суб’ектаў АНК спрабавалі палітызаваць пратэсты. Іншыя лічылі, што сацыяльна-эканамічныя патрабаванні больш актуальныя. Справа ў тым, што сярод мола­дзі адчуваецца стомленасць ад партый, і непартыйны характар акцыі на Баграмяна дапамагаў уцягнуць шмат простых людзей у палітычны працэс.

— Які сацыялагічны партрэт сярэднестатыстычнага ўдзельніка Электрамайдану?

— Ядро маніфестантаў складае моладзь, пачынаючы з 16 гадоў. Сярэдні ўзрост актывістаў — 25–30 гадоў. Па сутнасці, гэта першы ў армянскай гісторыі калектыўны выступ, абсалютная большасць удзельнікаў якога не фармавалася як асобы ў СССР. Незвычайна было пабачыць на вуліцах раней даволі апалітычных хлопцаў са спальных кварталаў, якія сапраўды жывуць вельмі кепска. Юнакі са спальных кварталаў прынеслі нешта новае ў тактыку пратэстоўцаў. Нашы паліцэйскія мелі вопыт разгону грамадзянскіх акцый, аднак упершыню сутыкнуліся з «нахабнай» вулічнай блакадай цэнтру. Праўда, каардынацыю акцыі ўзялі на сябе маладыя людзі з добрай адукацыяй. Шмат хто з іх вучыўся за мяжой, меў уяўленне пра ролю прэсы, прававыя межы паліцэйскіх і г.д.

— Украінская прэса разлічвала, што пратэсты на праспекце Баграмяна могуць перарасці ў антырасійскае паўстанне, аднак эканамічныя лозунгі ў выніку засталіся дамінуючымі?

— Дзіўна, што чакалі антырасійскіх выступаў. У нас былі свае Майданы — масавыя палітычныя выступы. Напрыклад, у 1996 або ў 2008 гадах. Прычым тады маніфестацыі былі больш буйныя, чым сёння. Тое, што пратэст меў яскрава эканамічную прыроду, наўпрост звязана з фарматам руху. Тут не было адзінага цэнтру, а моладзь адмаўлялася падпарадкоўвацца старым палітыкам, і нават сваім аднагодкам, якія намагаліся браць лідарскія функцыі. Таму цалкам лагічна, што на першым месцы засталіся першапачатковыя эканамічныя патрабаванні — адмена новых коштаў плюс аўдыт кампаніі «Электросеть». Нагадаю, што фармальнай падставай для новых тарыфаў стаў доўг кампаніі ў 250 мільёнаў долараў. Шмат хто лічыць, што гэта лічба ўзнікла як следства нейкіх карупцыйных махінацый унутры кампаніі.

— Ці далі пратэсты новыя твары апазіцыі?

— Так. З’явілася шмат новых людзей. Напрыклад, Вагінак Шушанян, адзін з лідараў ініцыятывы «Не рабунку!». Аднак казаць пра палітычную кар’еру Вагінака Шушаняна і іншых лідараў Электрамайдану яшчэ рана.

— Расійская прэса ў час кульмінацыі пратэстаў пераконвала аўдыторыю, што Майдан у Арменіі немагчымы з-за праблемы Карабаху. Маўляў, армяне не пойдуць на эскалацыю, баючыся за сваю мяжу з Азербайджанам.

— Я ўжо казаў, што ў 2008 годзе ў Ерэване былі больш маштабныя пратэсты, чым зараз, аднак карабахская праблема пры гэтым не гуляла асаблівай ролі. Аднак, безумоўна, тэма Карабаху часткова стрымлівае апазіцыю. Гэтым карыстаецца і Масква. Тое, што яна на днях выказала гатоўнасць прадаць Арменіі ракетны комплекс «Іскандэр», было вельмі пазітыўна ўспрынята ў армянскім грамадстве.

— Апазіцыя паспрабавала перафарматаваць пратэст, аб’явіўшы ўладам ультыматум і заявіўшы пра смеццевую акцыю «Крок наперад». Пасля гэтага паліцыя разагнала авангард маніфестантаў. Якая будучыня ў пратэсту цяпер?

— Усіх затрыманых падчас разгону ўвечары выпусцілі, і зараз ідуць кансультацыі, што рабіць далей. У цэлым, улада перахапіла ініцыятыву ў радыкальных груп, якія спрабавалі накіраваць сацыяльны пратэст у палітычнае рэчышча. Але казаць пра тое, што ўсё скончылася, на мой погляд, заўчасна. Думаю, абвастрэнне сітуацыі цяпер трэба чакаць наступнай вясной, калі ўлады пачнуць мяняць канстытуцыю. Зараз у Саргсяна заканчваецца другі прэзідэнцкі тэрмін. Больш абірацца ён не мае права. Таму ў адміністрацыі рыхтуюць праект пераходу з прэзідэнцкай да парламенцкай рэспублікі. Гэта дазволіць Саргсяну ў статусе прэм’ера па-сутнасці застацца кіраўніком краіны, прычым на неабмежаваную колькасць кадэнцый. Думаю, трэба чакаць рэакцыі грамадства, і самае галоўнае, што гэты пратэст будзе больш палітызаваны.

— Ваша краіна геаграфічна блізкая да Блізкага Усходу, дзе зараз вельмі не спакойна. У Арменіі неяк адчуваецца напружанасць у рэгіёне?

— Безумоўна. Напрыклад, у Сірыі была моцная армянская камуна, якая вымушана таксама змагацца супраць ісламістаў. Акрамя таго ў армянскіх палітычных колах шмат кажуць пра курдскі праект — стварэнне курдскай дзяржавы, межы якой могуць праходзіць вельмі блізка ад Арменіі. Гэта можа цалкам змяніць месца Арменіі ў сістэмах рэгіянальнай і сусветнай палітыкі. Аднак пакуль усё гэта — кулуарныя размовы.