У Ерэване паліцыя затрымала дэманстрантаў, барыкады разабралі

У панядзелак праваахоўнікі атрымалі загад вызваліць ад пратэстоўцаў праспект Баграмяна.



1106634608.jpg

6 ліпеня паліцыя атрымала загад вызваліць ад пратэстоўцаў праспект Баграмяна. Каля 200 паліцэйскіх, а сярод іх і спецназ пачалі разбіраць барыкады і затрымліваць тых з нешматлікіх дэманстрантаў, якія супраціўляліся. Як інфармуе РІА "Новости", затрымана, як мінімум, 10 чалавек. Астатніх людзей праваахоўнікі адціснулі на тратуары. Такім чынам праспект будзе разблакаваны для руху аўтатранспарту.

Нагадаем, з чэрвеня ў Ерэване праходзілі масавыя пратэсты супраць павышэння тарыфаў на электраэнергію на 16%. Спачатку ўлады адрэагавалі жорстка, акцыя была разагнаная, затрыманыя сотні людзей. Але гэта толькі зрабіла пратэст больш масавым — на вуліцы сталіцы Арменіі выходзілі дзясяткі тысяч чалавек.

Пасля таго, як улады прапанавалі правесці аўдыт тарыфаў сярод пратэстоўцаў адбыўся раскол. ВВС нагадвае, што частка з іх, што засталіся на праспекце Баграмяна, пагражалі ў выпадку невыканання іх патрабаванняў да сённяшняга вечара, распачаць акцыю "Крок наперад". Яны збіраліся прасоўвацца да прэзідэнцкага палаца. Улады ўльтыматум не прынялі. Калі паліцыя пайшла на чарговы разгон, на праспекце было зусім мала дэманстрантаў.

1106634608.jpg
1116179820.jpg

Фота: ria.ru

euroradio.fm