Прапаганда адрэагавала на адмову Сабаленка ўдзельнічаць у Алімпіядзе

У перадачы «Арэна» на тэлеканале «Беларусь 1» вядоўца Станіслаў Ліпскі раскрытыкаваў рашэнне тэнісісткі Арыны Сабаленка, якая наважыла адмовіцца ад выступу на Алімпіядзе.

photo_2024_06_25_00_27_16.jpg

«Камісія МОКа робіць усё, каб нашы і расійскія атлеты выглядалі ў Парыжы максімальна незаўважна. Але, на жаль, хапае недальнабачных рашэнняў і ад саміх спартсменаў. Арына Сабаленка вось заявіла, што змена пакрыццяў кортаў пашкодзіць яе здароўю. Магчыма, так і ёсць, але графік у першай ракеткі свету Ігі Свёнтэк не менш напружаны, а яна сваю радзіму прадставіць. Як ведаць, можа, яшчэ адной Алімпіяды ў жыцці нашай наймацнейшай тэнісісткі і не будзе», — цытуе прапагандыста «Прэсбол».

17 чэрвеня стала вядома, што трэцяя ракетка сусветнага рэйтынгу Арына Сабаленка не будзе ўдзельнічаць у Алімпіядзе. Яна заявіла, што не паедзе ў Парыж, растлумачыўшы рашэнне правіламі WTА, якія тычацца абавязковых турніраў.

«Я не буду гуляць на Алімпіядзе праз правілы WTA з абавязковымі турнірамі. Мне давядзецца чымсьці ахвяраваць. На жаль, мне давядзецца ахвяраваць Алімпіядай», – заявіла спартсменка.

У жаночым тэнісе існуе рэйтынг. У яго залік ідуць пункты, набраныя на 18 турнірах за год. Спартсмен можа паўдзельнічаць і ў большай колькасці спаборніцтваў, але залічаць яму толькі 18 (19-м у якасці бонуса ідзе выніковы турнір WTA, але на яго трапляюць толькі найлепшыя). Сярод 18 турніраў ёсць абавязковыя. Трэба паўдзельнічаць у чатырох турнірах Вялікага шлему і 7 турнірах серыі Masters з 10, што праводзіць WTA. Пункты з гэтых турніраў абавязкова ідуць у рэйтынг. Калі нешта прапусціла — атрымліваеш у рэйтынг нуль пунктаў. Замяніць абавязковыя турніры іншымі немагчыма.

Верагодна, пра гэта гаварыла Сабаленка, калі спасылалася на правілы WTA. Але гэта не нейкія эксклюзіўныя абставіны — пра рэйтынг клапоцяцца ўсе топавыя тэнісісткі свету. І шмат хто з іх паедзе на Алімпіяду. Да таго ж у Сабаленка няма праблем з колькасцю турніраў.

У кантэксце адмовы ад Алімпіяды спартсменка згадала і іншыя абставіны: «Я аддаю перавагу невялікаму адпачынку, каб быць упэўненай, што фізічна і з пункта гледжання здароўя я гатовая да хардавых кортаў. Асабліва з улікам усіх праблем, з якімі сутыкнулася за апошні месяц. Мне трэба паклапаціцца пра здароўе».

Доўгі час увогуле было незразумела, ці атрымаюць тэнісісты з Беларусі права выступаць на Алімпіядзе. Уся справа ў абмежаваннях, што накладзеныя праз вайну Расіі супраць Украіны пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі. Напрыклад, і сёння Сабаленка гуляе без сцяга і згадкі краіны, якую прадстаўляе.


Глядзіце таксама

Пра тое, што беларускія тэнісісты змогуць паехаць на Гульні, было абвешчана толькі ў пачатку сакавіка гэтага года. У іх інтарэсах Міжнародная федэрацыя тэніса (ITF) нават адмяніла абавязковую ўмову гульняў за зборную, бо і шансаў на такі выступ не было праз міжнародны бан.

Кіраўнік беларускай федэрацыі тэніса Сяргей Рутэнка амаль адразу заявіў, што ідзе падрыхтоўка дакументаў для заяўкі Вікторыі Азаранка і Арыны Сабаленка на Алімпіяду. Паводле яго слоў, спартсменкі на той момант ужо рыхтаваліся да галоўнага старта чатырохгоддзя. Аднак пазней Рутэнку прыйшлося ўдакладняць, што Азаранка «пакуль» згоды на ўдзел не дала, а вось Сабаленка, як вынікала з кантэксту, паехаць у Парыж пагадзілася.

«Мы можам заявіць [на Алімпіяду] толькі па рэйтынгу. І па ім праходзяць Аляксандра Сасновіч і Арына Сабаленка, а таксама Вікторыя Азаранка, але пакуль яна згоды не дала. Адказалі толькі Аляксандра і Арына», — казаў ён.

Пры гэтым Азаранка ніяк не каментавала свой магчымый удзел у Гульнях. А вось Сабаленка пра гэта заяўляла публічна, прычым яшчэ за пару месяцаў да рашэння ITF. Тады рэжымная спартсменка радавалася інфармацыі пра допуск, якую агучыў МАК. Казала, што вельмі чакае Алімпіаду і спадзяецца, што будзе здаровая, каб выступіць на высокім узроўні.

Што праўда, праз паўтара месяца ўпэўненасці ў словах спартсменкі паменела. Маўляў, і графік у гэтым сезоне вельмі шчыльны («усе турніры былі прылепленыя адзін да аднаго»), і пераходы з грунту на траву і назад незразумела наколькі карысныя для арганізма, але ў цэлым яна б хацела паспаборнічаць на Алімпійскіх гульнях, праўда, без удакладнення на якіх.

«Я вельмі радая ўдзельнічаць у яшчэ адной Алімпіядзе, я проста спадзяюся прыбыць на мерапрыемства маральна і фізічна падрыхтаванай, я сапраўды хачу там спаборнічаць», — нібыта апраўдавалася Сабаленка.