Як прапаганда запэўнівае беларусаў у неабходнасці ваяваць

Уся прапагандысцкая машына заточаная пад тое, каб стварыць вобраз непераможнай беларускай арміі, якая і ў Вялікую Айчынную перамагла ворага, і цяпер зможа.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Працягваючы мілітарызацыю грамадства, беларускія ўлады ўзмацняюць наратывы, накіраваныя на перакананне ў неабходнасці магчымага ўдзелу ў ваенных дзеяннях. Як заўважыў падчас маніторынгу «Media IQ», у апошнія месяцы дзяржпрапаганда дапоўніла мэсэдж «беларусы — мірныя людзі» істотнай агаворкай: «пры неабходнасці возьмуць у рукі зброю».

У такім выглядзе мілітарысцкі наратыў гучаў у матэрыялах пра гадавіну нападу Германіі на Савецкі Саюз 22 чэрвеня, а найбольш ёміста і зразумела новая ўстаноўка прагучала ў сюжэце тэлеканала СТБ пра чарговую раптоўную праверку Узброеных сіл:

«У эпоху глабальнай нестабільнасці, выклікаў і пагроз, якія ўзнікаюць, порах трэба трымаць сухім  гэта не раз паўтараў кіраўнік дзяржавы. Беларусы — міралюбівы народ, але ў выпадку неабходнасці, не задумваючыся, устануць на абарону радзімы».


Глядзіце таксама

Пакуль гаворка ідзе пра мэсэдж «можам абараніць», а не «можам паўтарыць», як у Расіі. Коратка пра гісторыю гэтага мілітарысцкага слогана расказвала «Медуза»:

«У нулявыя і дзясятыя гады ў Расіі "перавынайшлі" галоўнае нацыянальнае свята — Дзень Перамогі. Спярша гэта быў у першую чаргу дзень ушанавання ветэранаў. Цяпер жа яго фактычны галоўны герой —  "народ-пераможца" — свайго кшталту "калектыўная асоба", у якую ўваходзяць і ветэраны, і іх нашчадкі. Сімвалам гэтага "перавынаходніцтва" стаў слоган "Можам паўтарыць". Ён здабыў шырокую папулярнасць у "крымскім" 2014 годзе. Уласна кажучы, гэта лозунг расійскага рэсантыменту — злосці і крыўды на ўвесь свет. У 2022-м многія людзі, ахопленыя рэсантыментам, гатовыя былі ўгледзець "паўтор" (ваенны трыумф над "крыўдзіцелямі") у поўнамаштабнай вайне супраць Украіны».

Разумеючы, што для беларускага грамадства гэты лозунг нападу аказаўся чужым, прапаганда вырашыла згуляць на «абароне». А каб было ад каго абараняцца — не перастае маляваць вобразы знешніх ворагаў: таго ж «калектыўнага Захаду».

«У сумежных краінах, падобна, ужо не памятаюць, што такое вайна. Інакш як растлумачыць бясконцае нарошчванне вайсковага кантынгенту і тэхнікі, рэгулярнае правядзенне маштабных баявых вучэнняў, будаўніцтва заводаў па выпуску боепрыпасаў і бясконцыя правакацыі на рубяжах? Чарговае абвастрэнне сітуацыі на мяжы спрабуе справакаваць Варшава», — заявілі ў навінавым выпуску на СТБ, гаворачы пра словы кіраўніка МЗС Польшчы Радослава Сікорскага пра вывучэнне магчымасці закрыцця ўсіх пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю. Гэта значыць, нават у гэтым выпадку прапаганда згадала пра вайну.


Глядзіце таксама

Яшчэ некалькі прыкладаў ужывання абноўленага наратыву «Media IQ» сабралі на аснове матэрыялаў СТБ за апошні месяц. Як бачна, тон задае Аляксандр Лукашэнка, да слоў якога часта адсылаюць дзяржмедыя.

«Пра пераемнасць у захаванні гістарычнай памяці гаварыў і кіраўнік дзяржавы. Шлях нашай краіны да стабільнага і паступовага развіцця быў вельмі няпростым, і старэйшае пакаленне павінна дапамагчы моладзі навучыцца шанаваць, а ў сучасных умовах быць гатовымі стаць на абарону гістарычнай праўды і ўсяго таго, чаго мы дасягнулі» (матэрыял пра сустрэчу дэлегата УНС з актывам Гомельскай вобласці).

«Павінны быць гатовыя адбіць любыя пагрозы, якія могуць быць у дачыненні да нашай краіны. Таму ўсе людзі, якія носяць зброю, павінны быць патэнцыйна гатовыя абараніць сваю сям'ю, сваю краіну, сваю радзіму» (сюжэт пра антытэрарыстычныя вучэнні).


Глядзіце таксама

Адразу ж пасля прапагандысцкіх сюжэтаў пра гадавіну нападу Германіі на СССР у Беларусі пачалі адзначаць 80-годдзе аперацыі «Баграціён». Пры гэтым рыторыка гучала ўжо не толькі пра абарону. У дзяржмедыя праслаўлялі гэтую аперацыю, называючы яе «пераможнай адплатай», а ў ток-шоу «По существу» на СТБ зрабілі акцэнты на тым, «што агульнага з ваенна-палітычнай сітуацыяй цяпер і напярэдадні Вялікай Айчыннай, ці выклікае небяспеку сёння эпідэмія нацызму».

Акрамя таго, прапагандысты перыядычна нагадваюць (як зрабіў гэта нядаўна Аляксей Дзермант, разважаючы пра ядзерную зброю) пра тое, што новая ваенная дактрына Беларусі прадугледжвае прэвентыўны (папераджальны) удар.