Тут сядзелі Орда і Тарашкевіч
Гродзенская турма — адна са самых старэйшых у Беларусі. Яна на працягу амаль 200 гадоў не змяняла свайго прызначэння. У 2007 годзе ўсплыў дакумент, дзе тагачасны старшыня аблвыканкама Уладзімір Саўчанка прасіў прэм’ера Сідорскага
вынесці турму з цэнтру горада. Турма нікуды не выехала, затое ў яе з’явіўся свой музей.
За гэты час праз яе прайшлі тысячы шараговых вязняў, а таксама «вялікія людзі і з падручнікаў змагары» — як пісаў паэт Алесь Чобат.
Калі стаяць на Савецкай плошчы ў цэнтры старога Гродна, побач з Фарным касцёлам і найстарэйшай у краіне аптэкай абавязкова заўважыш белы турэмны мур. Часам можна выразна пачуць сабачы брэх з-за гэтых сценаў, часам — убачыць кантралёраў, якія сочаць за вязнямі ў прагулачных дворыках. Адтуль вязні выдатна чуюць звон гадзінніка на касцельнай вежы… Усё побач.
Турма даўно, здаецца, мелася б стаць гістарычнай спадчынай, але працуе надалей. За апошнія дзесяцігоддзі праз яе калідоры прайшлі Павел Шарамет, Зміцер Завадскі, Андрэй Пачобут, Зміцер Дашкевіч.
Пра мінулае гродзенскага астрогу мы вырашылі пагутарыць з гісторыкам Андрэем Вашкевічам, які нядаўна спрычыніўся да стварэння турэмнага музею.
Турэмны доктар выбіваў на твары «ВОР»
— Андрэй, з чаго пачыналася гісторыя гродзенскай турмы?
— Напрыканцы XVII стагоддзя гродзенскія езуіты выкупілі цэлы квартал і пабудавалі калегіум. Там была развітая інфраструктура: бровар, капліца, музычная школа, калодзеж, гароды. Усё змянілася ў 1820-х гадах, калі па загадзе губернатара Кошалева новая ўлада вырашыла зрабіць тут турэмны замак. Велізарны будынак калегіума ўжо падчас Паўстання 1863 года быў прыстасаваны пад следчую камісію, а пасля і пад турму.
Спачатку турма выконвала выключна перасыльныя функцыі: з яе вязняў адпраўлялі этапам у Сібір. Пазней пабудавалі новы корпус паводле амерыканскага тыпу: з адкрытымі галерэямі, па найноўшых для таго часу стандартах. Унутры шмат каваных і літых мастацкіх элементаў — гэта працы гродзенскіх кавалёў. Старую браму перабудавалі ў царкву св. Мікалая, якая не захавалася да нашага часу. Зразумела, што службы ішлі толькі для вязняў.
— Як функцыянавала турма ў той перыяд?
— Калі турма была перасыльнай, жыхары горада часцяком назіралі працэсію вязняў, якіх завозілі альбо вывозілі з гораду. Людзі ішлі закаваныя ручнымі альбо нажнымі кайданамі. Для гэтых мэтаў у турме працавала адмысловая кузня: каваль раскоўваў вязняў на ноч ці дзённы перыяд адпачынку, каб пасля зноў закаваць і адправіць далей.
Перад этапам у ХІХ стагоддзі вязняў маглі кляйміць. Гэта было нешта сярэдняе паміж таўром, якое ставяць на жывёлу, і татуяваннем. Займаўся гэтым, зазвычай, турэмны доктар, набіваючы вязню на твары або на іншых частках цела кароткія словы: «ВОР», «КАТ» (ад «катаржанін») і інш. Злачынцам таксама выбрывалі палову галавы — гэта была выразная адзнака ў выпадку, калі вязень збягаў. Магла давацца сярмяга з нашытым «бубновым тузом» — чорным, чырвоным ці жоўтым, — які выконваў ролю мішэні.
Шляхта адмаўлялася мыць, прыбіраць ды тапіць печы
— Ці ўжываліся катаванні?
— Было, напрыклад, пакаранне бізуном. Калі кат быў прафесіяналам, то вельмі проста мог пакінуць сваю ахвяру інвалідам на ўсё жыццё. Цікава, што кат таксама быў вязнем і жыў у турме. Пасада была вельмі непапулярная: хоць за гэта і плацілі, ніхто не хацеў браць на сябе такую функцыю.
— Што наконт умоваў утрымання?
— Былі як адзіночкі, так і агульныя камеры. Адзіночкамі сталіся былыя келлі калегіума. Побыт, зразумела, даволі аскетычны: ложак, стол, табурэт, вакно, да якога нельга дастаць. Была сегрэгацыя вязняў: асобныя камеры для яўрэяў, асобныя для дваран. Зняволеная шляхта адмаўлялася нешта мыць, прыбіраць, тапіць печы. Калі шляхціца змушалі да фізічнай працы, той падымаў скандал, мог са скаргамі дайсці і да імператара.
Асноўным прадуктам цягам ХІХ стагоддзя для вязняў быў хлеб. Дзённая норма — два з паловай фунты (фунт — 400 г.). Цікава, што грошы да 1838 года выдаваліся на рукі, ежа куплялася праз падрадчыкаў індывідуальна, толькі пазней прыйшла цэнтралізацыя. Калі вязень атрымліваў 12 капеек, то 9 ішло на хлеб, рэшта на «прыварак»: капусту, буракі, бульбу, селядзец і г.д.
— Якія знакамітасці праходзілі праз гродзенскі астрог пры цары?
— Было шмат паўстанцаў, напрыклад, Зыгмунт Урублеўскі, пазней прафесар Ягелонскага ўніверсітэта, які здабыў вадкі азот і вадкі кісларод. Тут сядзеў мастак Напалеон Орда, дзякуючы якому мы маем малюнкі і акварэлі не толькі сядзібаў і касцёлаў Беларусі, але і ягонай вязніцы. Ён сапраўдны рэкардсмен у плане «крымінальных справаў»: царскія ўлады распачыналі супраць яго крымінальныя справы сем разоў, але ў Сібір ён так і не трапіў.
У нашым астрозе сядзеў Пётр Шумаў, будучы вядомы фатограф, які выйшаў на міжнародны ўзровень, быў асабістым фатографам Радэна. Падчас перасылак у Гродне тры-чатыры разы сядзеў і прафесійны рэвалюцыянер Фелікс Дзяржынскі.
Пестрак прыходзіў спаць у турму нават па вызваленні
— У міжваенны перыяд, калі тут панавала Польшча, нешта змянілася?
— Гэта час, калі турма набыла сучасныя рысы, перастала быць перасыльнай. У гэты ж час тут знаходзілася найбольшая колькасць «палітычных»: чвэрць ці нават траціна адбывалі пакаранне за «антыдзяржаўную дзейнасць».
Тут сядзелі Браніслаў Тарашкевіч, аўтар усім вядомай беларускай граматыкі, які менавіта ў Гродне перакладаў з польскай «Пана Тадэвуша». Цікава, што калі яго пераводзілі з Вільні ў Гродна, то працоўныя сшыткі з перакладам ён не вёз з сабой у валізе — іх перасылалі адмысловай турэмнай поштай. У 1920–1921 гадах тут чакалі суда Паўліна Мядзёлка і Тамаш Грыб — закаханыя адно ў аднаго дзеячы эсэраўскага руху, якія пакінулі ўспаміны пра свае турэмныя пакуты і прыгоды.
— Але большасць палітзняволеных, відаць, былі камуністы?
— Так, найбольш вядомы — Сяргей Прытыцкі, які не толькі ўсё перажыў, але і дайшоў да кіруючых пасадаў у пазнейшай БССР. Цікавы выпадак іншага вязня — паэта Валянціна Таўлая, які пражыў 33 гады, з якіх 10 правёў па турмах. Лежачы на нарах, ён прыдумваў і запамінаў вершы. Пры гэтым ягоная паэзія надзвычай аптымістычная, гэта кідаецца ў вочы. Таўлай быў адным з найбольшых беларускіх патрыётаў.
Літаратар Піліп Пестрак быў значна больш разважлівы: «не выпаліў» сябе палітыкай і турэмнымі адсідкамі, дажыўшы ажно да 1970-х гадоў. Пра яго ёсць цікавая гісторыя: калі ў 1939-м савецкая ўлада вызваліла «палітычных», ён надалей хадзіў спаць у турэмную камеру, па-іншаму ўжо не мог. Так працягвалася да таго часу, пакуль савецкая ўлада не запоўніла турму новымі вязнямі і Пестрака ў турму на начоўку перасталі пускаць.
Цікава, што Пестрак сур’ёзна вывучаў эсперанта, моднае ў той час, асабліва сярод «левай» публікі, якая марыла пра сціранне межаў паміж мовамі і народамі. Эсперантыстаў было не так багата, яны перапісваліся паміж сабой, каб мець змогу камунікаваць на мове. Захаваўся нават зборнік польскіх аматараў «новай мовы», дзе ў канцы сярод адрэсаў для перапіскі можна знайсці і адрас Пестрака з пазнакай «Гродзенская вязніца».
Пасля польскай турмы людзі доўга не жылі
— Ці выконваліся ў гродзенскай турме смяротныя прысуды?
— На пачатку 1920-х існавала практыка расстрэлаў: выводзіўся ўзвод жаўнераў, якія расстрэльвалі вязня. Вельмі верагодна, што ў нашай турме гэта практыкавалася: не будзем забывацца на актыўную партызанку ў ваколіцах горада, арганізаваную беларускімі эсэрамі. У 1927-м адзін з афіцэраў адмовіўся страляць, матываваўшы тым, што ён афіцэр, а не кат. Тады на афіцыйным узроўні было прынята новае рашэнне: вешаць.
На ролю вешальніка быў знойдзены пан Маціеўскі — легендарная асоба для ўсёй Польшчы, бо ён ездзіў па краіне, па розных турмах, каб вешаць людзей. Некалькі прысудаў ён здзейсніў і ў Гродне. Ягоны лёс, дарэчы, апынуўся сумным: апошняя згадка пра яго ў 1930-х сведчыць аб тым, што вешальнік… павесіўся сам у Варшаве, у Лазенскім парку. Цікава, што павесіўся няўдала — яго выратавалі! Але што з ім было далей — ніхто не ведае.
— Ці змяніўся «пры Польшчы» рацыён ды распарадак дня?
— Калі глядзець распарадак дня міжваеннай турмы, то заўважым малітву, гімнастыку, прыборку ў камеры, працу, адбой а 9-й вечару. Меню наступнае: кашы, бульба, салёнае мяса, соль, хлеб (400 г. штораніцы), цыбуля, капуста, фасоля і г.д.
Наогул, гродзенская турма ў міжваенны час адносілася да «цяжкіх» турмаў, хоць былі больш «цяжкія», напрыклад, «Свенты Кшыж» у Келецкім ваяводстве, дзе сядзеў Сяргей Пясецкі. Тым не менш, 3–4 гады ў польскай турме — гэта былі гарантаваныя сухоты і мноства іншых захворванняў. Найчасцей пасля некалькіх гадоў за кратамі людзі ўжо доўга не жылі.
— У 1939-м у Гродне зноў змянілася ўлада, а што з турмой?
— У турму трапіла бомба, загінула некалькі дазорцаў. 17 верасня, калі стала вядома, што Чырвоная Армія перайшла мяжу, крымінальныя злачынцы наўпрост выламалі дзверы, а за імі выйшлі і «палітычныя». Калі польскія сілавікі троху адышлі ад панікі, усіх паспрабавалі вярнуць назад. Вязні былі ўпэўненыя, што іх расстраляюць, але Саветы наступалі, і 22 верасня ўсіх вызвалілі ўжо чырвонаармейцы.
Савецкі перыяд функцыянавання турмы, па вядомых прычынах, пакуль мала даследаваны. Цікава, што кароткі час тут сядзеў нават Вольф Месінг: гэта было ў 1940 годзе, калі вядомы гіпнатызёр яўрэйскага паходжання ратаваўся ад нацыстаў у СССР.
— Вядома, што калі ў 1941-м Саветы адступалі, НКУС знішчаў вязняў турмаў: найбольш вядомая чыстка была ў турме ў Львове. Ці было падобнае ў Гродне?
— 22 чэрвеня 1941-га ў турму, як і ў 1939-м, трапіла бомба. Бог быццам адводзіў бомбы ад Фарнага Касцёла, таму разваліла галоўны фасад былога калегіума езуітаў. Пад вечар начальнік турмы зразумеў, што начальства па лініі НКУС у горадзе няма — усе сышлі, таму, узяўшы ўвесь састаў, наўпрост пакінуў турму. Пра гэта захаваўся афіцыйны дакумент — ягоная дакладная запіска за пачатак ліпеня 1941 года. Таму ў гродзенскай турме і не адбылося масавай чысткі, як у іншых вязніцах. Ці выйшлі вязні пры немцах, ці разбегліся, ці працягвалі сядзець далей — пакуль не вядома.
— Як лічыш, ці варта ставіць кропку і аддаваць турму пад музей?
— У 2007 годзе ўсплыў дакумент, дзе тагачасны старшыня абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Саўчанка прасіў прэм’ера Сідорскага вынесці турму з цэнтру горада да 2011 года. З таго часу турма, зразумела, нікуды не выехала, затое ў яе з’явіўся свой музей. То бок не сама турма пераўтварылася ў музей, а музей з’явіўся побач — праз дарогу. Я нават не ведаю, што можна было б зрабіць з такімі велізарнымі плошчамі, калі б яны вызваліся. Гродзенская турма — гэта ж цэлы квартал. Але былі б інвестыцыі і грошы, а карыснае прымяненне для такога гістарычнага месца заўсёды знойдзецца.